З карысцю для важнай справы

За два дні закласці дзве траншэі па адной тысячы тон кожная — справа непад’ёмная для дробных гаспадарак. Нярэдка здараецца, што сельгаспрадпрыемства, з улікам наяўнасці тут нават сучаснай тэхнікі, але зацягвае закладку сама менш на тыдзень, а то і больш, і такім чынам парушаючы тэхналогію прыгатавання спажыўнага травяністага корму. Зразумела, якасць яго будзе не самая лепшая і, адпаведна, затым ад жывёлы, якой прапанавалі такі корм, не будзеш мець жаданай аддачы.


Сёлета ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, улічыўшы пралікі мінулых гадоў, рэкамендавала сельгаспрадпрыемствам, што памежна злучаны паміж сабою, аб’яднаць свае тэхнічныя магчымасці, каб стварыць спецыяльны механізаваны “цягнік”, дзякуючы якому за вельмі сціслыя тэрміны ва ўсіх гаспадарках закласці на захоўванне толькі якасны корм. Ідэю падтрымалі кіраўнікі гаспадарак, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.


І вось чатыры кормаўборачныя камбайны і 10 адзінак рознай тэхнікі з КСУПаў “Дзякавічы”, “Бялёў”, “Марохараўскі” і “Чырвоны Бор”, а таксама адзін камбайн і два магутныя “МАЗы” агратэхсервіса, працуючы на палетках чырванаборцаў у першыя два дні сумеснай працы даказалі, што мэта — закласці за гэты кароткі перыяд дзве тысячы тон корму — рэальная.


 — Хлопцы ўсе без выключэння працуюць з агеньчыкам, — надвячоркам другога дня працы падводзіць папярэднія вынікі дырэктар КСУПа “Чырвоны Бор” Сяргей Макарэвіч. — З раніцы да змяркання кіпіць праца. Два разы на дзень арганізоўваем гарачае харчаванне для ўдзельнікаў механізаванага атрада. Створаны імі ланцужок “поле — траншэя” атрымліваецца абсалютна бесперапынным, свежаскошаная зялёная маса дастаўляецца бліжэй да фермавых комплексаў, дзе забяспечваецца яе трамбаванне і кансерваванне…


Відавочна, кіраўнік вельмі задаволены самой ідэяй і такім падыходам да справы. Надвячоркам, калі фактычна закладзены дзве траншэі па тысячы тон кожная, зыходзячы з распрацаванага ў сельгаспрадпрыемстве палажэння аб заахвочванні механізатараў, якія задзейнічаны на нарыхтоўцы кармоў і ў кароткія тэрміны заклалі траншэі, яны абавязкова будуць грашова прэміраваны. Безумоўна, і такі стымул падахвоціць, лічыць Сяргей Макарэвіч, працаваць лепей.


Дарэчы, асабліва С. Макарэвіч адзначыў працу маладога механізатара Вечаслава Бандзюка. Як высветлілася, Слава толькі год працуе ў агратэхсервісе.


Падыходжу да маладога механізатара, цікаўлюся: ці падабаецца працаваць на кормаўборачным камбайне? — Так, вельмі. Каля 200 тон, а то і болей, у залежнасці ад травастою, штодня скашваю. — А ці не сумуюць без маладога мужа і бацькі жонка і маленькая дачушка — дома ж, пэўна, толькі ноччу з’яўляецеся? — Сумуюць, але ж разумеюць, што лета — гарачая пара. І я ж працую, каб забяспечыць сям’ю ўсім неабходным…


 — А ці падабаецца працаваць вось так, дружна? — Працуецца няблага, кормяць добра. Чаму ж не працаваць?


Пажадаўшы Славе найлепшых поспехаў у бягучай корманарыхтоўцы, назіраю, як шырокім фронтам вядуць уборку траў вопытныя і маладыя механізатары. Сплаў вопыту і маладосці дапамагае ў выпадку ўзнікнення нейкіх непрадбачаных сітуацый, ад якіх ніхто не застрахаваны.


З кіраўніком гаспадаркі і старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктарам Дашкевічам, з якім мы разам завіталі, каб паглядзець на першыя вынікі цікавага эксперыменту, назіраем за зладжанасцю ўборачнага канвееру. Між іншым, Сяргей Макарэвіч паведамляе:


 — Наша ўборачная плошча складае 1149 га, з іх 100 гектараў аднагадовай травы найда, якая вельмі добрая як для выпасу жывёлы, так і для нарыхтоўкі сена і сенажу. Яшчэ ў 2008 годзе мы закупілі яе насенне ў эксперыментальнай гаспадарцы, а ў мінулым годзе атрымалі сваё насенне. Так што сёлета высеялі першую рэпрадукцыю. І травастой вельмі радуе. Увогуле, ужо ў сельгаспрадпрыемстве скошана 1000 га плошчаў, нарыхтвана больш 2 тысяч тон сенажу, 5700 тон сіласу з траў першага ўкосу. Актыўна скарыстоўваюцца добрыя пагодныя ўмовы, каб назапасіць на зіму сена. Вялікія плошчы адведзены ў гаспадарцы і пад кукурузу. Усяго ж травяністых кармоў мяркуем атрымаць не менш 10 тысяч тон і 20-25 тысяч тон кукурузнага сіласу…


Такія немалыя задачы ў гаспадарцы пастаўлены не выпадкова. Неабходнасць у кармах тут вострая: трэба забяспечыць жывёлу, што знаходзіцца на бяспрывязным, круглагадовым утрыманні на новым малочным комплексе, якаснымі кармамі. Дзеля гэтага неабходна мець двухгадовы запас кармоў. А ёсць жа яшчэ два статкі кароў, адкормачная вытворчасць — таму і папрацаваць трэба нямала, каб атрымаць вельмі якасны корм. А гэта, перакананы Макарэвіч, дзякуючы механізаванаму ланцужку, стане рэальнасцю.


Пасля двух дзён працы на чырванаборскіх палетках механізаваны атрад накіруецца ў КСУП “Дзякавічы” на такі ж тэрмін, затым у “Бялёў”, “Марохараўскі” і зноў вернецца ў “Чырвоны Бор”. Сваю ацэнку эксперыменту дае і Віктар Дашкевіч:


— Думаецца, што такі падыход у арганізацыі працы будзе мець толькі станоўчыя вынікі. І, як бачым, механізатары задаволены прыёмам гаспадароў, арганізацыяй справы, забеспячэннем харчавання. Так што справа пойдзе… Мяркуючы па адзінству думак — справа пайшла. Быць кармам і малаку!


У. МІКАЛАЕЎ.


 НА ЗДЫМКАХ: ( на першай старонцы) выдатна працаваў вызначаны тэрмін сумесны ўборачны канвеер на палетках КСУП “Чырвоны Бор”; добра працуе механізатар райагратэхсервісу Вечаслаў Бандзюк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.