Набыткі, якія натхняюць
Напярэдадні прафесійнага свята — Дня кааперацыі — у калектыве Жыткавіцкага спажывецкага таварыства адбылося вялікае ўрачыстае мерапрыемства. На ім вялікай колькасці работнікаў і спецыялістаў сістэмы за плённую працу ўручаны заслужаныя ўзнагароды. Васьмі працаўнікам сістэмы спажывецкай кааперацыі прысвоена ганаровае званне “Заслужаны ветэран працы калектыва”, дваццаці ўручаны Ганаровыя граматы праўлення і прафсаюзнай арганізацыі таварыства, пятнаццаці — падзячныя лісты. Такая колькасць узнагарод сведчыць толькі аб тым, што калектыў працуе плённа і паспяхова спраўляецца з пастаўленымі задачамі. Падрабязна аб выніках работы жыткавіцкіх кааператараў карэспандэнт раёнкі папрасіў расказаць старшыню праўлення Жыткавіцкага раённага спажывецкага таварыства Надзею МУРАШКА.
— Надзея Пятроўна, напэўна было прыемна агучваць вынікі працы за прайшоўшы перыяд года перад калектывам?
— Безумоўна. З пачатку года мы дабіліся нямала станоўчых вынікаў. Тавараў насельніцтву за пяць месяцаў рэалізавана на 26 мільярдаў рублёў. У параўнанні з мінулагоднім перыядам гэты паказчык павялічаны на 5,1 працэнта. З пяці нашых філіялаў асабліва плённа спрацавала адасобленае структурнае падраздзяленне “Тураўскі каапгандаль”. Тут рост забяспечаны на 114,9 працэнта. Станоўчую дынаміку ў рабоце маюць і АСП “Гасгандаль” і “Жыткавіцкі каапгандаль”. Выканала прагнозны паказчык і галіна грамадскага харчавання. Пры заданні 106,2 працэнта тэмп росту склаў 106,5 працэнта. Маем поспехі і ў нарыхтоўчай дзейнасці. У насельніцтва закуплена другаснай сыравіны, агародніны, бульбы, лекавай сыравіны, садавіны на суму адзін мільярд дванаццаць мільёнаў рублёў. Тэмп росту забяспечаны на 159,6 працэнта. Пастаўлена на экспарт тавараў на суму 65,5 тысячы долараў ЗША. Добрыя вынікі маем і па аказанню платных паслуг, вырабу тавараў народнага спажывання. Падсумую ўсю нашу дзейнасць такім важным эканамічным паказчыкам як чысты прыбытак. Яго за пяць месяцаў атрымана 213 мільёнаў рублёў, што на 114 мільёнаў больш чым было на такі час летась.
— За ўсімі гэтымі справамі стаіць калектыў. Што на цяперашні час ён уяўляе сабой?
— У сістэме спажывецкай кааперацыі Жыткаўшчыны зараз працуе 1048 чалавек. Восемдзесят працэнтаў калектыву складаюць жанчыны. Моладзі ў нас 282 чалавекі. 77 працаўнікоў і спецыялістаў маюць вышэйшую адукацыю, 290 — сярэднеспецыяльную. Спынюся і на такім факце, які спрыяе павышэнню прафесіяналізму нашага калектыву. На цяперашні час па накіраваннях таварыства ў вышэйшых і сярэднеспецыяльных навучальных установах навучаецца 39 чалавек. Гэтыя спецыялісты ўвальюцца пасля вучобы ў наш калектыў і, спадзяюся, сваёй працай і ведамі прымножаць яго здабыткі ва ўсіх сферах дзейнасці.
— Гэта прамое сведчанне, што кааператары раёна клапоцяцца пра будучае і працуюць на перспектыву?
— Гэта сапраўды так. Клапоцімся мы не толькі пра кадравы патэнцыял, але і развіваем сваю матэрыяльную базу. Толькі ў гэтым годзе на абнаўленне і рэканструкцыю сваіх аб’ектаў мы плануем выдаткаваць паўтара мільярды рублёў. За гэтыя грошы шмат чаго мяркуем палепшыць. Зараз вядзем работы па рэканструкцыі сталовай, якая пасля капітальнага рамонту ператворыцца ў сучасны магазін. Абнаўляем гандлёвыя кропкі ў будучых аграгарадках. У хлебным цэху запланавана ўстанавіць новую печ. Зоймемся і абнаўленнем рэстарана ў райцэнтры. І ўсё гэта запланавана толькі на бягучы год.
— Што б вы пажадалі сваім работнікам напярэдадні свята?
— Найперш выкажу словы ўдзячнасці ўсім за працу і віншаванняў не толькі работнікам, але і нашым ветэранам, і пайшчыкам. А пажадаць хацелася б поспехаў, здзяйснення ўсіх задум, здароўя, шчасця, няхай заўсёды спадарожнічае ўдача. Здаецца, без гэтага немагчыма дабіцца вялікіх поспехаў у жыцці.
С. БЕЛКА. Фота В. КІЖНЁВА.