Усе фактары важныя У ААТ “Тураўшчына” для заахвочвання ўдзельнікаў жніва актыўна робяць стаўку не толькі на матэрыяльныя стымулы, але і маральныя.

Распазнаць машыны перадавікоў жніва ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Тураўшчына” сёлета не выклікае складанасці. Адразу бачны чырвоныя сцяжкі, якія замацаваны над кабінай камбайна і аўтамашыны. Атрымаць гэты пераходны стымул можна толькі дзякуючы стараннай працы на палетку.


Уручэнне пераходных сцяжкоў лепшым работнікам з’яўляецца не адзіным маральным стымулам, якія практыкуюцца падчас уборкі ў таварыстве. На гаражы ў гонар найбольш старанных камбайнераў і вадзіцеляў штодня развіваецца сцяг працоўнай славы, а таксама вывешваюцца газеты-маланкі, дзе інфармуецца пра вытворчыя здабыткі гэтых працаўнікоў.


— Вынікі працоўнага спаборніцтва падводзяцца ў гаспадарцы штодзённа вечарам, — расказвае намеснік дырэктара таварыства па ідэалагічнай рабоце Уладзімір Чарнушэвіч. — Ідэалагічная састаўная на жніве адыгрывае не меншае значэнне чым матэрыяльная зацікаўленасць, бо маральнае заахвочванне выклікае ў хлебаробаў азарт і дух саперніцтва, што таксама спрыяе справе. Напрыклад, пераходны сцяжок ужо красаваўся на некалькіх камбайнах, экіпажы якіх станавіліся лідэрамі жніва. Ды і да экрана спапорніцтва раніцай усе вялікую цікавасць праяўляюць.


Спаборнічаць на жніве ў таварыстве ёсць каму. Усё ж працуе сямнаццаць камбайнавых экіпажаў. Два з іх маладзёжныя. Дарэчы, ідэолаг гаспадаркі ўскладвае на іх вялікія надзеі, што хлопцы не толькі выйдуць у перадавікі раённага маладзёжнага спаборніцтва, але і на больш высокім узроўні складуць канкурэнцыю. Трэба сказаць, што камбайнавы экіпаж братоў Кошманаў пераканаўча даказаў, як яны ўмеюць працаваць на мінулагоднім жніве. Усяго нічога да тысячнага намалоту не дацягнулі. Мікалай Лебядзінскі і Віктар Вянгура, якія складаюць другі экіпаж, таксама паказваюць, так бы мовіць, што яны не лыкам шыты. На цяперашні час яны лідэры раённага спаборніцтва не толькі сярод маладых камбайнераў, але і сваіх больш вопытных калег. Хаця і іх працоўныя здабыткі не менш важкія. Напрыклад, у сямейнага экіпажа братоў Струк. А такім імёнам і прозвішчам камбайнераў і вадзіцеляў таварыства як Іван Кузьміч, Уладзімір Кірыловіч і Міхаіл Клімовіч, Сяргей Леўкавец, Аляксандр Лоўгач, Уладзімір Пятрычыц асаблівага прадстаўлення не патрабуецца. Не на адным жніве сваёй стараннай працай яны дэманстравалі стараннасць і высокае прафесіянальнае майстэрства.


Цесныя стасункі падтрымлівае ідэолаг таварыства ў такі напружаны для хлебаробаў час з сем’ямі ўдзельнікаў жніва, бо цвёрда перакананы, што добры мікраклімат ў домах таксама спрыяе паспяховай працы на палетку.


— Вельмі неабходна, каб у кожнага ўдзельніка жніва быў , так бы мовіць, надзейны тыл дома, — разважае Уладзімір Андрэевіч. — Таму ў размовах з жонкамі камбайнераў, вадзіцеляў, работнікаў тока менавіта раблю акцэнт на гэтым. Так, сёння іх гаспадары практычна не бываюць дома, бо працуюць з рання да цямна, і ад жонак і дзяцей ім патрэбны большы клопат, больш увагі. І добра, што ў сем’ях гэта разумеюць і аказваюць неабходную падтрымку.


Добра, калі людзі ўсведамляюць пастаўленую перад імі задачу. Цяпер яна адна: убраць без страт вырашчаны ўраджай збажыны. Але ўсё ж вялікі ўплыў на фарміраванне свядомасці аказвае матэрыяльны фактар. У ААТ “Тураўшчына” паклапаціліся і аб гэтым. Як зазначыў Уладзімір Андрэевіч, пры добрай працы кожны камбайнер у дзень можа зарабіць па 200 і болей тысяч рублёў. Усе ўдзельнікі ўборкі забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем. Паклапацілася сельгаспрадпрыемства і пра тое, каб завезці сваім работнікам на падворкі сена, пра пасадку і апрацоўку ўчасткаў бульбы. Таму і працуюць мясцовыя хлебаробы на сумленне.


С. МІКАЛАЕЎ.


НА ЗДЫМКУ: спорыцца праца на таку ў загадчыка Вячаслава Касцянкі, рабочых Галіны Ільені, Валянціны Сапановіч, Марыі Палубец і Галіны Занкевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.