У дзяржаўныя засекі

Уборка збажыны – адказны час не толькі для вяскоўцаў, але і іх партнёраў. Апошнія гэтак жа старанна працуюць ад рання да позняга вечара, каб упарадкаваць вырашчаны ўраджай. Нездарма ж кажуць: хлеб не той, што ў полі, а той, які ў засеках. З улікам гэтага і працуюць у гэтыя дні на Рэспубліканскім вытворчым хлебапрыёмным унітарным прадпрыемстве “Жыткавіцкая хлебная база”.


Уяздныя вароты на прадпрыемства расчынены кругласутачна, бо гружаныя зернем новага ўраджаю машыны пад’язджаюць сюды і ў начны час. Яно і нядзіўна, збажыну на захоўванне прывозяць не толькі з гаспадарак нашага раёна, але і з прадпрыемстваў хлебапрадуктаў Гомельскай і Мінскай абласцей. Дарога ж, як вядома, ад іх няблізкая да Жыткавіч. Таму і працуе калектыў базы круглыя суткі. Такая арганізацыя працы дае добры плён, праверана на практыцы не адзін год. Вось і ў дзень нашага наведвання на хлебнай базе ва ўсю кіпела праца.


— Нешта машын малавата ля варот? Відаць, слаба разлічваюцца хлебаробы з дзяржавай? —адразу задаем пытанні галоўнаму інжынеру прадпрыемства Івану Андрэевічу Кузьмічу.


— Што вы, сёлета здача хлеба ідзе як ніколі актыўна. Гэта мы да яго прыёмкі падрыхтаваліся вельмі добра, таму машыны і вагоны не трацяць шмат часу ў чарзе, каб выгрузіцца, — адказвае спецыяліст. — У дзень мы прымаем да двух з паловай тысяч тон зерня, якое прывозяць на наш элеватар аўтатранспартам і па чыгунцы. Да таго ж і планы ў нас сёлета на прыёмку збажыны намнога меншыя, чым былі ў мінулым годзе. Гэта звязана з тым, што працэнтаў восемдзесят зерня леташняга ўраджаю, якое захоўваецца ў нас, засталося незапатрабаваным.


Што вытворчы працэс на хлебнай базе ў гэтым годзе арганізаваны бездакорна, пацвярджаюць і вадзіцелі. Па словах Валянціна Хамутоўскага, часу на базе, каб разгрузіцца, затрачваецца мінімум хвілін сорак, не тое, што ў мінулыя гады. Гэтаму вадзіцелю агратэхсервісу ёсць з чым параўноўваць. Не адзін год ён заняты перавозкай збажыны з гаспадарак раёна на элеватар. Сёлета ён абслугоўвае адкрытае акцыянернае таварыства “Тураўшчына”, за дзень робіць адтуль чатыры рэйсы. Дарэчы, як далей зазначыў у размове Валянцін Іванавіч, на хлебнай базе працуе буфет, дзе вадзіцелі могуць набыць прахаладжальныя напіткі. У такую спёку гэта таксама важна не толькі для прывёзшых зерне вадзіцеляў, але і саміх працаўнікоў прадпрыемства.


Вытворчы ланцуг засыпкі хлеба ў дзяржаўныя засекі пачынаецца яшчэ за варотамі базы. Менавіта перш, чым праехаць праз іх у двор, машыны спыняюцца ля лабараторыі. Тут збажына бярэцца на даследаванне па многіх параметрах. Гэта і на засмечанасць, на вільготнасць, на клейкавіну і іншыя. Па словах кіраўніка гэтага структурнага падраздзялення Галіны Долгай, якасць збажыны задавальняе.


— Пшаніца з Тураўшчыны сёлета мае стабільны працэнт клейкавіны. Чысціня зерня, якое паступае на элеватар, таксама нараканняў не выклікае, ды і сухі ідзе хлеб, таму не патрэбна яго шмат дапрацоўваць, перад тым як пакласці на захоўванне, — распавядае Галіна Іванаўна.


Прайшоўшы лабараторны агляд, транспарт са збажыной рухаецца да вагавой і толькі пасля ўзважвання — да элеватара на выгрузку.


— Прыём зерня новага ўраджаю, — гэта заўсёды хвалюючы і адказны момант для калектыва базы, — гаворыць начальнік элеватара Тамара Шчур. — Нават і для мяне, хаця працую на гэтым прадпрыемстве чацвёрты дзесятак гадоў. Усё ж мы прымаем плён працы многіх людзей, і хочацца яго не сапсаваць.


Гэта так. Хаця сёлета на базе плануецца і прыняць намнога менш хлеба, але ж планавая лічба ўнушальная. У сіласы мяркуецца засыпаць трыццаць тры тысячы тон хлеба новага ўраджаю. Каб прыняць такую колькасць зерня, калектыў базы добра папрацаваў у падрыхтоўчы сезон. Тут адладзілі не толькі тэхналагічнае абсталяванне, але і капітальна адрамантавалі аварыйныя ёмістасці для захоўвання зерня, умацавалі іх. Таму і ўпэўненасць вялікая ёсць у працаўнікоў прадпрыемства, што планавае заданне будзе выканана паспяхова. Скажам, што з агульнай колькасці зерня пяць тысяч семсот тон паступіць на хлебную базу з гаспадарак нашага раёна. Да гонару працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў Жыткаўшчыны яны засыпку хлеба ў дзяржаўныя засекі вядуць вельмі добра. Штодзённа з гаспадарак паступае да чатырохсот тон збажыны. Усяго ж план па здачы хлеба раёнам выкананы на дзве трэці. Як зазначыў Іван Андрэевіч, такім стараннем па здачы зерня працаўнікі вёскі з нашага раёна даўно не радавалі.


Адзін за другім па вытворчым ланцужку рухаюцца аўтамашыны з зернем новага ўраджаю. На хлебнай базе яны доўга не затрымліваюцца. Выгрузка — і зноў дарога на палеткі і такі, каб там, нагрузіўшы чарговыя тоны залацістай збажыны, зноў давезці яе да дзяржаўнага сховішча, тым самым зрабіць каравай краіны яшчэ больш важкім. Для таго і стараюцца.


С. БЕЛКА. Фота А. КІЦУРЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.