Драўляная валюта
Работнікі лесу пачынаюць забываць слова “крызіс”. Па ацэнках экспертаў, сітуацыя мяняецца да лепшага: на знешніх рынках павышаецца попыт на прадукцыю, цэны на яе растуць. І такія тэндэнцыі вельмі станоўчыя для работы прадпрыемстваў лясной гаспадаркі.
Пацверджаннем таму і знешнеэканамічная дзейнасць дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Жыткавіцкі лясгас”, якая пастаўляе сваю лесапрадукцыю ў такія краіны блізкага і далёкага замежжа як Польшча, Латвія, Літва, Германія, Бельгія, Швецыя, Вялікабрытанія.
Так, за студзень-ліпень 2010 года на экспарт было адгружана 5889 метраў кубічных бярозавых і сасновых балансаў на агульную суму 260 тысяч долараў ЗША. За першае паўгоддзе ад продажу ў Англію 1563 тон пелетаў было выручана 184619 долараў ЗША.
Кіраўніцтва, спецыялісты лясгаса пастаянна знаходзяцца ў дзелавым, творчым пошуку. І гэта дае свой багаты плён, бо нездарма ж кажуць, што хто шукае, той знаходзіць. У прыватнасці, у ліпені быў наладжаны выпуск паліўных гранул і ад рэалізацыі першых 42 тон атрымана 7346 долараў ЗША. У мінулым месяцы таксама ўпершыню пачалі прадаваць за мяжу колатыя бярозавыя дровы і за 32 метры кубічныя было заплачана 1904 долары ЗША.
Што і казаць, перспектыўных праектаў у гаспадарцы шмат, і вынікам рэалізацыі іх стане павышэнне эканамічнай эфектыўнасці вядзення лясной гаспадаркі і выкарыстанне лесасыравінных рэсурсаў.