Лепшым працаўнікам падарункі ад прафсаюзаў

У аўторак бягучага тыдня для хлебаробаў камунальных сельскагаспадарчых унітарных прадпрыемстваў “Чырвоны Бор” і “Бялёў” выпала невялікая перадышка. Сталася гэта дзякуючы гасцям, якія завіталі прама на палеткі гэтых гаспадарак, дзе вялося жніво. Старшыні райвыканкама Мікалай Какора, абласнога аб’яднання прафсаюзаў Леанід Барабанаў і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Дашкевіч, а менавіта яны выступілі ў такой ганаровай ролі, шчыра павіншавалі лепшых камбайнераў і вадзіцеляў гэтых гаспадарак за працу на ўборцы збажыны.


Неяк дзіўна было слухаць цішыню ў такі гарачы час на хлебнай ніве. Усё застыла ў чаканні значнай дзеі: і машыны, і людзі. Таму надзвычай пранікнёна гучалі словы, што выказваліся Мікалаем Міхайлавічам і Леанідам Васільевічам, з якімі яны звярнуліся да камбайнераў і вадзіцеляў. У іх падзяка за працу, бо хлеб у гэтым годзе даецца земляробам вельмі нялёгка. Колькі вытрымкі і цярпення, старання праяўляюць механізатары падчас сёлетняга жніва, калі слупок тэрмометра штодзённа паказвае пад сорак, каб убраць усё да апошняга зернейка. Дарэчы, у КСУПе “Бялёў” у той дзень заканчвалі абмалот зерневых культур. Заставалася папрацаваць на апошніх трыццаці гектарах. Як зазначыў старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў, прыемна, што людзі разумеюць, якая адказнасць на іх плячах, самае галоўнае, маладыя хлопцы ў такіх умовах за штурваламі камбайнаў сваёй працай ствараюць эканамічную бяспеку краіны. І зноў гучаць словы падзякі. А потым Леанід Васільевіч пад воплескі прысутных уручае падарункі камбайнерам і вадзіцелям. У той дзень іх атрымалі камбайнеры КСУПа “Чырвоны Бор” Андрэй і Дзмітрый Макарэвічы, вадзіцель гэтай гаспадаркі Віталь Акунец, камбайнеры з КСУПа “Бялёў” Мікалай Чэркас і Віктар Уханаў. Усе яны добрыя працаўнікі, адданыя справе хлебаробскай. Не раз даказвалі сваёй працай на палетках падчас розных сельскагаспадарчых кампаній гэта. Кожны з іх ставіць перад сабой самую высокую вытворчую планку і робіць усё, каб паспяхова яе пераадолець. Як зазначыў Мікалай Чэркас, не такім важкім выдаўся ў гаспадарцы сёлета каравай, але гэтая акалічнасць яшчэ больш мабілізоўвала на працу, каб пазбегнуць страт зерня, каб больш якасна абмалаціць вырашчаны ўраджай. І гэта так, складанасці ў такіх хлебаробаў толькі падвойваюць адказнасць. Бо яны з патомных сялян, і з дзяцінства ведаюць цану хлеба. Памятаецца выпадак, як браты Макарэвічы разам са сваім бацькам на мінулагоднім жніве за адну ноч зрабілі спараныя колы для свайго камбайна. Трэба адзначыць, што бацька Андрэя і Дзмітрыя пастаянна аказвае ім адчувальную падтрымку ва ўсіх справах. Сам працуе на камбайне, але часта яго можна бачыць ля ўборачнай машыны сваіх сыноў. Бясспрэчна, што такая пашана, якая была аказана Дзмітрыю і Андрэю ў аўторак на палетку, з’яўляецца гонарам для бацькі. Менавіта ён прывіў ім любоў да хлебаробскай справы, навучыў віртуозна ўпраўляцца са складанай тэхнікай. Таму браты Макарэвічы заўсёды на вытворчасці ў сельгаспрадпрыемстве ў ліку лідараў. І гэта нягледзячы на маладосць. З такіх і Віталь Акунец, які працуе ў гаспадарцы вадзіцелем. Яго МАЗ не ведае прастояў. Вельмі плённа папрацаваў Віталь Віктаравіч на сёлетняй корманарыхтоўцы. Перавёз на сваім аўтамабілі больш двух тысяч тон травяной масы. Гэтак жа вынікова ён шчыруе і на збожжавым палетку. На яго рахунку амаль васемсот тон зерня, перавезеных з поля на збожжаток. Уражвае такая стараннасць. Варта адзначыць, што па выніках мінулагодняга жніва Віталь Віктаравіч быў пераможцам раённага спаборніцтва сярод маладых вадзіцеляў. І цяпер ён блізка да таго, каб паўтарыць сваё ранейшае працоўнае дасягненне. Заўсёды на першых ролях у КСУПе “Бялёў” механізатары Мікалай Чэркас і Віктар Уханаў. Вопыту ім не займаць. Не адзін год яны плённа рупяцца на гаспадарчых палетках. Іх рукам падуладна любая тэхніка. Нездарма яны сёлета паказваюць лепшы вынік на хлебнай ніве свайго сельгаспрадпрыемства. Ды і ў мінулыя гады плён іх працы быў важкім.


Вось такіх старанных і працавітых хлопцаў віталі на збожжавых палетках госці. Уручалі ім заслужаныя падарункі і сувеніры, выказвалі самыя цёплыя і шчырыя словы пажаданняў. Такія мерапрыемствы для кіраўніцтва абласнога аб’яднання прафсаюзаў становяцца традыцыйнымі. І робіцца гэта толькі з адной мэтай, каб яскрава прадэманстраваць, што ні адзін выпадак плённай працы не застаецца незаўважаным і адзначаецца належным чынам. Дарэчы, падарунак ад Леаніда Барабанава атрымала і старшыня прафкама КСУПа “Чырвоны Бор” Галіна Васілеўская. Гэта прызнанне працы мясцовай пярвічкі па стварэнню належных бытавых і бяспечных умоў працы на жніве і падчас іншых сельскагаспадарчых кампаній.


Урачыстасці ў “Чырвоным Бары” і “Бялёве” заканчваліся сумесным каштаваннем каравая з хлебным квасам. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, наколькі вялікім багаццем з’яўляецца для нас хлеб. Прагучалі ў адрас камбайнераў і песні, якія выканалі самадзейныя артысты Чырванаборскага і Бялёўскага дамоў культуры. Падзякаваўшы ўсім за аказаную пашану і ўвагу, камбайнеры хутчэй спяшаліся да сваіх машын. Час не церпіць і патрэбна брацца за справу. А створаны момант урачыстасці назаўсёды застанецца яркім успамінам у памяці кожнага ўдзельніка жніва сельгаспрадпрыемстваў, бо гэтага свята яны заслужылі.


С. БЕЛКА. Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.