Надейная праца Надзеі
“Добры дзень, паважаная рэдакцыя газеты “Новае Палессе”! Піша вам Надзея Пятроўна Салко — жыхарка вуліцы Усходняя вёскі Кажановічы. Хачу расказаць пра работу нашай Кажановіцкай бібліятэкі яе загадчыцы Надзеі Кіб. Я — даўняя чытачка, а цяпер, так здарылася, нічога не чую, таму чытанне кніжак для мяне адзіны сэнс і выхад ад адзіноты. А Надзея Васільеўна заўсёды падкажа, дапаможа выбраць патрэбную кнігу, пасадзейнічае даведацца пра свежыя навіны з газет і часопісаў. Абслугоўвае мяне яна і дома. Гэта вельмі граматны спецыяліст і надзвычай чулы чалавек. Праводзіць шмат розных мерапрыемстваў для дзяцей і дарослых. Дзякуй усім тым, хто выхаваў для нас такога добрага бібліятэкара”.
…Імкліва сцелецца пад коламі веласіпеда дарога. За рулём па-спартыўнаму зграбная, прыгожая жанчына. Надзея Васільеўна да драбніц ведае кожную выбоіну, кожны паварот на гэтай дарозе ад мікрараёна Азёрны райцэнтра, дзе яна жыве, да вёскі Кажановічы, дзе на другім паверсе адміністрацыйнага будынка “Жыткавічыхімсервіс” знаходзіцца яе бібліятэка. Так, яна не прыватная, а дзяржаўная, але за амаль чвэрць стагоддзя, што аддала жанчына гэтаму ачагу культуры, нязменна падтрымлівала, раздзімала ў ім агмень духоўнасці, біліятэка стала для яе роднай і блізкай, таму Надзея Кіб з поўным на тое правам можа лічыць яе сваёй.
Лагодна свеціць нязыркае восеньскае сонца, шамацяць-спяваюць аб асфальт і пясок колы веласіпеда, а думкі не-не ды і вяртаюць у былое, туды, адкуль усё пачыналася: у дзяцінства, у вёску, у школу. У іх Любушанах, што ў Бярэзінскім раёне Мінскай воблаці, была васьмігодка, да суседняй сярэднеадукацыйнай школы аж 12 кіламетраў, таму сваю далейшую вучобу Надзея працягвала ў Аршанскім раёне, дзе жыла цётка. Падабаліся ёй кнігі, захапляючае вандраванне па іх старонках, беларуская, руская і замежная літаратура, увогуле прадметы школьнай праграмы гуманітарнай накіраванасці. Таму і выбар будучай прафесіі быў адназначны — стаць бібліятэкарам, быць на высакароднай службе кніжкам і чытачам.
Вось так і стала Надзея студэнткай Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А.С. Пушкіна. У час вучобы была яна актыўнай, няўрымслівай, прымала самы непасрэдны ўдзел у грамадскім жыцці навучальнай установы. Будучую справу яна выбрала па душы, таму хацелася як мага больш засвоіць, спасцігнуць, зведаць усе драбніцы прафесіі бібліятэкара.
Нібы адно імгненне праляцелі два з паловай гады рамантычнай студэнцкай вучобы і вось пасля атрымання дыплома першая самастойная пуцёўка ў жыццё – у прафсаюзную бібліятэку саўгаса “10 гадоў БССР” Любанскага раёна Мінскай вобласці. Тут прайшла яна загартоўку, набыла першыя навыкі практычнай дзейнасці. Тут праз год пабралася шлюбам з Анатолем, які працаваў памочнікам брыгадзіра ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Тут нарадзіліся ў іх дачка Волечка і сын Павел.
Муж уладкаваўся праз некаторы час на новы маторабудаўнічы завод у Жыткавічах, у 1986 годзе атрымаў кватэру, і сям’я стала абжываць доўгачаканае жыллё. А Надзея Васільеўна такімі ж, як зараз, вераснеўскімі днямі ўладкавалася на работу загадчыцай бібліятэкі вёскі Кажановічы. Думала, што пакуль часова, на падмену водпуску па догляду за дзіцём, а аказалася, што на ўсё жыццё.
Кніжны фонд тады налічваў 4,5 тысячы асобнікаў, а зараз набліжаецца да 6 тысяч. На ветлівы агенчык бібліятэкі наведваюцца як жыхары вёскі і пасёлка Кажановічы, так і блізкага райцэнтра, а таксама вуліц Камуністычная, Мічурына, Жукава так званага ў народзе Бярэжжа, работнікі адкрытага акцыянернага таварыства “Жыткавічыхімсервіс”. За год гаспадыня гэтай установы культуры абслугоўвае прыкладна 270 чытачоў. Да таго ж Надзея Васільеўна як бібліятэкар, так і кніганоша – у 6 пажылых людзей, інвалідаў яна заўсёды дома жаданы госць.
Актыўнымі чытачамі і кнігалюбамі тут застаюцца Кацярына Несцераўна Таненя, Святлана Набільеўна Мусаева, Аксана Адамаўна Таргонская, Тамара Мікалаеўна Аксёнчык, школьнікі Святлана Журко, Каця Данічэнка, Аліна Гарадніцкая, Алег Макарэвіч і іншыя. Адны чытаюць перыёдыку, другія так званыя жаночыя раманы, трэція — класіку. У час канікулаў з малодшымі школьнікамі паспяхова практыкуюцца так званыя чытанні ў голас. У бягучым годзе гэта былі кнігі Івана Муравейкі “Вадзіца з крыніцы”, Кастуся Жука “Бегемот без ботаў”.
Установа культуры працуе па загадзя распрацаванаму плану, не абмяжоўваецца толькі кнігавыдачай. Сёлета, напрыклад, з нагоды 65-годдзя Вялікай Перамогі былі арганізаваны і праведзены гадзіна патрыятычнага чытання для дзяцей “У партызаны з кулямётам”, літаратурна-музычная кампазіцыя “І памяць сэрца зберагла”, літаратурны вечар памяці ахвяр у Вялікай Айчыннай вайне “Няхай не будзе вайны ніколі”. Прычым Надзея Васільеўна разам са сваімі самадзейнымі артыстамі не абмяжоўваецца толькі сценамі бібліятэкі, выступалі яны і ў бібліятэцы мікрараёна Жыткавічы-1, ладзілі мерапрыемствы на ўлонні прыроды.
Сярод другіх мерапрыемстваў таксама хіт-парад “Гібель твая, курэц, – люлька і тытунец” па здароваму ладу жыцця, краязнаўчая гадзіна “Красуй, наш горад, сёння і заўсёды” да 510-годдзя Жыткавічаў і многія другія. Для большай зручнасці і лепшай арыентаванасці чытачоў на стэлажах значацца адпаведныя шыльдачкі: “Родныя краявіды”, “Літаратура для вучняў 1-4 класаў”, “Ваш сябар — беларуская літаратура”, “Прыродазнаўчыя навукі”, “Увага! Перыядычны друк” і многія іншыя. Шмат з густам аформленых папак рознай тэматыкі, якія дапамагаюць вучням у напісанні сачыненняў, у падрыхтоўцы надзёных інфармацый.
— Хочацца падзякаваць кіраўніцтву “Жыткавічыхімсервіс”, усім яго работнікам за ўзаемаразуменне і падтрымку, за тое, што ў бібліятэцы заўсёды цёпла, — гаворыць Н.В. Кіб. — А калі мне трэба даставіць новую літаратуру з аддзела камлектацыі, то ніколі не адмовіць вадзіцель аўтобуса Уладзімір Салавей, які да таго ж з’яўляецца і актыўным чытачом бібліятэкі.
У гэтым светлым, чыстым і ўтульным памяшканні вядзецца з густам афомлены журнальчык. Свайго роду індыкатар грамадскай думкі. Называецца ён “Пра нас пішуць, пра нас гавораць”. Дазволю сабе прывесці толькі дзве вытрымкі адтуль.
“Надзею Васільеўну ўсе паважаюць. І калі б яна пакінула бібліятэку, то стала б вельмі дрэнна. Я хачу, каб наша бібліятэка квітнела, сюды паступала б больш кніг і часопісаў. Ала Барбарыч.” “Магчыма, я таксама пайду вучыцца на бібліятэкара. Каця Місенка”. Да гэтых красамоўных запісаў, згадзіцеся, цяжка дабавіць яшчэ што-небудзь больш істотнае.
С. КУЛАКЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: бібліятэкар Надзея Васільеўна Кіб. Фота В. КІЖНЕВА.