Папярэджваць своечасова

Апошняе пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх было даволі працяглым. Гэта невыпадкова, бо на ім разглядалася сорак пяць спраў у адносінах падлеткаў, якія ўчынілі правапарушэнні. І вынесеныя рашэнні членамі камісіі павінны стаць добрым выхаваўчым урокам як для непаўналетніх парушальнікаў, так і іх бацькоў.


Мужчына сярэдніх гадоў панура сядзеў на стуле перад членамі камісіі. Стуліўшы плечы і апусціўшы галаву, ён увесь час скіроўваў свой позірк у падлогу. Бацьку было непрыемна за сына, які стаяў побач. Уладзімір, так звалі хлопца, на камісію выклікаецца другі раз. Вучыцца ён у старэйшым класе адной са школ райцэнтра. Правапарушэнне, што ўчыніў хлопец, звязана з парушэннем правілаў дарожнага руху. Паехаў пакатацца на матацыкле, хаця не меў на гэта права, ва Уладзіміра не было патрэбных дакументаў на кіраванне транспартным сродкам як і на матацыкл. Думаў, што не трапіць у поле зроку супрацоўнікаў ДАІ, але гэтае спадзяванне не спраўдзілася. Інспектары спынілі хлопца, склалі пратакол. Дарэчы, і першы раз Уладзімір трапіў на камісію па справах непаўналетніх за аналагічнае правапарушэнне. Тады да яго аднесліся, так бы мовіць, лаяльна — наклалі на бацьку мінімальны штраф, прыкладна каля двухсот тысяч рублёў. Але гэты ўрок не пайшоў аматару незаконна пакатацца на матацыкле на карысць. І вось яму і яго бацьку зноў прыходзіцца адказваць за дрэнны ўчынак. На гэты раз члены камісіі лаяльнасці да юнага правапарушальніка не праявілі. Пакаранне вылілася ў штраф больш чым мільён рублёў, які прыйдзецца выплаціць яго бацькам. Можа такая салідная сума дапаможа ўсвядоміць Уладзіміру, што дарога бяспечнасці не даруе, і варта спачатку падумаць пра вынікі сваіх паводзінаў перш чым нешта рабіць, асабліва супрацьзаконнае.


На жаль, як выявілася на пасяджэнні камісіі, не толькі дзеці мала ўсведамляюць пра наступствы сваіх дрэнных учынкаў, але і іх бацькі аб гэтым не задумваюцца Яскравы прыклад таму яшчэ аднаго старшакласніка, толькі з вёскі Ленін. Бацька дазволіў сыну вывезці на звалку смецце з двара на ўласным трактары. Зразумела, правоў у сына на кіраванне транспартным сродкам не было. Але гэта не стала падставай бацьку, каб забараніць сыну сесці за руль. У аснову дазволу лег іншы аргумент: хлопец ужо год вучыцца на трактарыста ў школьным вытворчым камбінаце, няхай практыкуецца ў ваджэнні. Вынік усёй гэтай гісторыі – складзены на юнака пратакол супрацоўнікамі ДАІ і выклік на камісію па справах непаўналетніх.


Увогуле, апошняе пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх яскрава засведчыла наколькі несур’ёзна дзеці ставяцца да выканання патрабаванняў правілаў вулічнага руху. Амаль палова пратаколаў, што разглядаліся на камісіі, менавіта і тычылася гэтых правапарушэнняў, учыненых падлеткамі. Ходзяць яны бяспечна ў цёмны час сутак па праезджай частцы дарогі, хаця побач ёсць тратуары, забываюцца прыхапіць і флікеры, катаюцца ў недазволеных месцах на веласіпедах, без вадзіцельскіх пасведчанняў на матацыклах. Відавочна, бацькам самы час задумацца пра бяспеку сваіх дзяцей, але дарослыя ўспамінаюць пра гэта толькі тады, калі ім прыходзіцца расплачвацца за правапарушэнні сваіх дзяцей.


Знаходзяць сваё адлюстраванне і такія негатыўныя з’явы ў падлеткавым асяроддзі як бойкі, знаходжанне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане, лаянка нецэнзурнымі словамі, браканьерства. Такіх фактаў супрацьпраўных дзеянняў падлеткаў, як паказала камісія, мноства. Вядома, парушальнікі панеслі за гэта суадносныя пакаранні. Хацелася б аднаго, каб яны дасягнулі сваёй мэты і служылі выдатным урокам для рабят у далейшым. Усё ж, як зазначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Клаўдзія Мароз, пакараць непаўналетняга парушальніка не самамэта. Да кожнага канкрэтнага выпадка члены камісіі падыходзяць індывідуальна, ацэньваюць не толькі ўчыненае ім, але і яго станоўчыя бакі. Галоўнае, давесці да свядомасці падлетка, што зробленае ім гэта вельмі дрэнна. Толькі падаецца, аб гэтым сваім дзецям павінны гаварыць найперш бацькі, прычым своечасова, а не службовыя асобы. І пакуль гэтага не будзе, дзіцячыя правапарушэнні як з’яву не выкрэсліш з жыцця нашага грамадства.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.