Скарбіцы мудрасці працуюць сумленна!

Бібліятэчая сістэма раёна займаецца шырокай прапагандай беларускамоўнай літаратуры. Ладзяцца выставы кніг беларускіх пісьменнікаў ды літаратурна-мастацкіх часопісаў, арганізуюцца сустрэчы з мясцовымі літаратарамі, праводзяцца акцыі, накіраваныя на папулярызацыю нашай пісьмовай спадчыны. Пасля Дня беларускага пісьменства я пагутарыў з дырэктарам Жыткавіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Людмілай Міхайлаўнай Кронда каб даведацца, якія мерапрыемствы плануецца правесці ў бліжэйшы час.


Людміла Міхайлаўна паведаміла, што да канца бягучага года бібліятэкі ЦБС плануюць правесці творчую сустрэчу з паэтам Кастусём Кашэвічам (дзіцячая бібліятэка), а таксама з Васілём Васільевічам Нікановічам — кіраўніком раённай арганізацыі “Таварыства беларускай мовы”. Перад святкаваннем 510-годдзя Жыткавіч плануецца правесці сустрэчы з цікавымі людзьмі, якія шмат зрабілі для развіцця горада альбо маюць арыгінальныя захапленні.


— Штогод праходзіць абласны конкурс “Бібліятэка патрэбна грамадству”, і ў яго межах плануецца апісаць працу Тураўскай гарадской бібліятэкі ў краязнаўчым кірунку. Будзе паказана праца бібліятэкі па прапагандзе мясцовай спадчыны, напрыклад, Кірылы Тураўскага ці Навума Перкіна. “Папулярызацыя беларускага слова, культурнай спадчыны не спыняецца ні на хвіліну”, — заўважыла Людміла Міхайлаўна.


Таксама дырэктар ЦБС расказала, што 5 верасня, непасрэдна на Дзень беларускага пісьменства, у дзіцячай бібліятэцы стартавала акцыя “Чытаем па-беларуску”, адбылася пазнавальная гутарка-віктарына “Мужныя сейбіты кнігі і асветы”.


Кіраўнік адзначыла: “Мы заўсёды імкнёмся працаваць менавіта з беларускамоўнай літаратурай, бо цікавяцца ёю адзінкі. Руская літаратура заўсёды знаходзіць свайго чытача, а вось беларускія кнігі трэба “выводзіць у свет”. У структуры бібліятэчнай сістэмы маецца шмат так званых “перасовак”, якія абслугоўваюць маланаселеныя пункты раёна, робім абмеркаванні твораў беларускіх аўтараў”.


Хочацца пажадаць усім бібліятэкарам ЦБС раёна плённай працы і новых здабыткаў дзеля росквіту беларускага друкаванага слова!


А. ІЛЬЕНЯ, студэнт МДУ імя А.А. Куляшова


Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.