Умеюць працаваць плённа
“А ў нас у доме газ”, — сказаць аб гэтым цяпер могуць амаль дзевятнаццаць тысяч абанентаў-карыстальнікаў “блакітным” палівам, якіх абслугоўвае калектыў МВУ”Жыткавічыміжрайгаз”. Аказваюць свае паслугі спецыялісты прадпрыемства не толькі жыхарам раёна, але і суседняга Петрыкаўскага, а гэта прыкладна яшчэ ж столькі абанентаў. Відавочна, поле для дзейнасці жыткавіцкіх газавікоў даволі значнае. Наколькі паспяхова яны вырашаюць пастаўленыя перад імі вытворчыя і іншыя задачы, напярэдадні прафесійнага свята мы вядзем гутарку з дырэктарам міжраённага вытворчага ўпраўлення “Жыткавічыміжрайгаз” Юрыем Аляксеенка.
— Юрый Мікалаевіч, для працаўнікоў рэслубліканскага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Гомельаблгаз”, у склад якога ўваходзіць і ўзначальваемае вамі ўпраўленне, гэты год своеасаблівы, юбілейны. Нядаўна работнікі газавай галіны вобласці адсвяткавалі пяцідзесяцігоддзе. Безумоўна, такая важная падзея накладвала пэўны адбітак на вытворчую дзейнасць прадпрыемстваў галіны.
— Канечне. Даўно прынята ў працоўных калектывах сустракаць юбілейныя даты добрымі вытворчымі здабыткамі. Таму хацелася спрацаваць як мага лепей, каб уклад жыткавіцкіх газавікоў у агульную скарбонку ўсяго прадпрыемства быў годным, і мы не выглядалі горш за іншых. Наколькі гэта нам удалося, можна меркаваць па наступных фактах. Дзейнасць кожнага прадпрыемства галіны, у тым ліку і нашага, ацэньваецца па трыццаці паказчыках. Калектывам забяспечана выкананне іх усіх. Насельніцтву за паўгода сёлета мы прадалі амаль пяць мільёнаў метраў кубічных прыроднага газу і шэсцьсот дваццаць сем тон звадкаванага. З гэтай колькасці пятую частку спажыло насельніцтва. На жаль, скарачаецца спажыванне звадкаванага газу. Гэтаму ёсць прычына. Большая частка яго скарыстоўваецца гаспадарамі газабалонных установак, асноўная колькасць якіх знаходзіцца ў сельскіх населеных пунктах. Дэмаграфічная сітуацыя на вёсцы самі ведаеце якая, насельніцтва там пастаянна меньшае, а значыць і нашых спажыўцоў. А гэта стварае пэўныя праблемы ў нашай дзейнасці, якія даводзіцца вырашаць, каб паспяхова спраўляцца з выкананнем паказчыка па тых жа платных паслугах.
Задачай работнікаў і спецыялістаў МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” з’яўляецца не толькі бесперабойнае забеспячэнне спажыўцоў газам у неабходнай колькасці, але таксама і безаварыйнае. Апошняе нават больш важнае, бо газ не даруе бяспечнасці і неахайнасці. Па гэтым напрамку дзейнасці мы таксама працуем вынікова. Гэта адзін з галоўных паказчыкаў прафесіяналізму нашага калектыва.
— Са сказанага Вамі яскрава акрэсліваецца праблема: балоннага газу спажываецца менш, а гэта адмоўна адбіваецца на вытворчых паказчыках. Каб быць на ўзроўні патрабуецца пошук новых напрамкаў дзейнасці. Якія захады прымаюцца ў калектыве, каб ліквідаваць узнікаючы дысбаланс?
— Выхад у такой сітуацыі адзін, накіроўваць патэнцыял калектыва ў новыя рэчышчы дзейнасці, брацца за новую справу. Хаця не так і лёгка з улікам нашай спецыфікі работы гэта ажыццявіць. Але ж знаходзім прымяненне сваім навыкам і патэнцыялу. Адзін з такіх напрамкаў дзейнасці па аказанню паслуг насельніцтву — рамонт і тэхнічнае абслугоўванне газавых катлоў як замежнай, так і айчыннай вытворчасці. Гатовы спажыўцам паставіць і наладзіць неабходнае абсталяванне для газіфікацыі дома. Для старонніх арганізацый маем магчымасць наладзіць і адрамантаваць газавае абсталяванне для аўтамабіляў. Яшчэ можам значна павялічыць продаж газу са сваёй заправачнай станцыі аўтааматарам. На жаль, пакуль няма ў іх вялікага попыту на гэтую паслугу, хаця газ намнога танней за бензін. Але мы не трацім надзеі што колькасць аўтамабіляў, якія працуюць на газу будзе толькі павялічвацца. У летні час значна падаўжаем рабочы рэжым нашай запраўкі, калі попыт будзе, то гатовы працаваць кругласутачна.
— З прыведзеных вамі прыкладаў яскрава праглядваецца тэндэнцыя на павелічэнне спажывання прыроднага газу прычым не толькі гаспадарамі кватэр у шматпавярхоўках, але і прыватных домаўладанняў. Наколькі паспяхова працуе калектыў МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” па падключэнні прыроднага газу ў прыватным сектары?
— Работу гэтую наша прадпрыемства пачало практычна з таго часу, як прыродны газ прыйшоў у наш райцэнтр. Гэта, як вядома, адбылося напрыканцы 2003 года, а ў наступным годзе з’явіліся і першыя спажыўцы прыроднага газу сярод гаспадароў прыватных домаўладанняў. На першае верасня такіх налічваецца 423. І ў гэтым годзе мы плануем істотна павялічыць колькасць дамоў у прыватным сектары, дзе будзе падключаны прыродны газ. Найперш гэта тычыцца кааператываў “Подаўж-2” і “Івушка”. На цяперашні час ужо работы выкананы па трыццаці, а плануем падвесці газ за бягучы год у больш чым ста прыватныя домаўладанні. Гэта даволі перспектыўны напрамак работы. Аб чым можна меркаваць хаця б па тым, што на чарзе на падвядзенне прыроднага газу ў нас стаіць 18 аб’ектаў. Таму работы нашай будаўнічай брыгадзе па будаўніцтву наружных і унутраных дамавых газапровадаў у прыватных дамах, якая створана спецыяльна для гэтых мэт, хопіць не на адзін год. Мне вельмі прыемна гаварыць аб тым, што прафесіяналізм нашых будаўнікоў пастаянна павышаецца, цяпер яны могуць вырашаць даволі складаныя вытворчыя задачы. Напрыклад, сёлета падводзячы да аднаго з кааператываў газапровад, нашы спецыялісты паспяхова зрабілі так званы “пракол” дарогі, не парушаючы яе цэласнаці на глыбіні тры метры. Раней такую работу мы не выконвалі, наймалі спецыялізаваную арганізацыю. Але менавіта пры вырашэнні такіх складаных задач у поўнай ступені раскрываецца майстэрства, рацыяналізатарскі патэнцыял спецыялістаў. Электрагазазваршчыкі Дзмітрый Краўчук, Барыс Сулкоўскі, слесар па мантажу Дзмітрый Пяшэвіч, вадзіцель Сяргей Макарэвіч, слесары Аляксандр Канапацкі, Генадзь Чарнашэвіч, Генадзь Сядзельнік, майстар Аляксандр Маркевіч, вадзіцель Віктар Саўчыц, электрагазазваршчык Іван Найдзюк — гэта тыя працаўнікі, якія і займаюцца газіфікацыяй прыватнага сектару.
—За такі невялікі прамежак часу ўзняць свой прафесіяналізм — сведчанне таго, што ў калектыве клапоцяцца пра прафесійны рост сваіх работнікаў.
— Без гэтага немагчыма. Вучоба праводзіцца пастаянна, як і кантроль ведаў работнікаў. Яны павышаюць сваё майстэрства на спецыяльных курсах. У нас на базе створаны добрыя ўмовы для вучобы, абсталяваны клас. Дарэчы, ён мае яшчэ і прызначэнне па навучанню бяспечнаму абыходжанню пры карыстанні і рабоце з газам, што спрыяе безаварыйнай працы нашых спецыялістаў, а таксама бяспецы карыстальнікаў газу. З усімі тут праводзім інструктажы, заняткі. Прычым не толькі тэарэтычныя, але і практычныя, бо ў класе ўстаноўлена дзеючае абсталяванне. Развіваючы тэму бяспекі, хачу спыніцца і на такім аспекце: я нагадваў наколькі каварны газ у быту і за абсталяваннем патрэбны пастаянны кантроль нашых спецыялістаў. На жаль, не ўсе людзі гэта разумеюць.
Спрыяе прафесіяналізму работнікаў, іх ініцыятыве і тое, што мы заахвочваем такія памкненні да ведаў матэрыяльна. Таму павышаць свой прафесійны ўзровень нікога не патрэбна. Ды і тое, што на абласных спаборніцтвах прафесійнага майстэрства спецыялісты прадпрыемства займаюць самыя высокія месцы з’яўляецца таксама паказчыкам іх падрыхтаванасці
— Сёння пры ацэнцы дзейнасці прадпрыемства ўлічваюць не толькі вытворчыя здабыткі, але і тое, наколькі эфектыўна працуе калектыў па энергазберажэнню. Як складваюцца справы ў вашым упраўленні з гэтым?
— Паказчык па энергазберажэнню нам даведзены 7,5. Зараз у нас ён складае 12. Прымае захады на ўсіх сваіх вытворчых участках, каб не было лішняга спажывання энергіі, лічым. Мерапрыемствы праводзім штогод па гэтаму накірунку дзейнасці. У памяшканнях мяняем дзверы і вокны на больш шчыльныя, што дазваляе эканоміць цяпло. На нашай кацельні можна ўстанаўліваць рэжымы выпрацоўкі цяпла з улікам пагодных умоў. На Капаткевіцкім участку будзем мяняць існуючы кацёл на энергазберагаючы. На радыятарах ацяплення ўстанаўліваем рэгулятары тэмператур, а ў памяшканнях электралямпачкі з датчыкамі руху і гэтак далей. Эканоміць і лічыць – гэта патрабаванне сённяшняга часу.
— Любы поспех не ў паветры ўецца, а людзьмі куецца. Напярэдадні прафесійнага свята чыю працу Вы адзначылі б?
— Даволі шмат у нас працаўнікоў, хто заслугоўвае пахвалы. Назаву імёны тых, хто аддаў газавай галіне некалькі дзясяткаў гадоў свайго жыцця, вызначаецца сумленнасцю і працавітасцю. Гэта слесар Валянцін Бялько, 38 гадоў стажу — вось такі шлях гэтага чалавека на нашым прадпрыемстве. Трыццаць гадоў працуе прыёмшчыцай заказаў на дастаўку балоннага газу Ніна Казачок, амаль столькі ж вадзіцелем Віктар Зайцаў і іншыя. Задаволены працай і супрацоўнікаў вытворчага тэхнічнага бюро Леаніда Альвінскага, Рамана Цюцюнкова і іх кіраўніка Ільі Пяшэвіча, галоўнага інжынера Івана Купрацэвіча.
Увесь калектыў віншую з прафесійным святам, жадаю паспяховай працы, дабрабыту работнікам і іх сем’ям. С. БЕЛКА.
На здымку: Галоўны інжанер Іван Купрацэвіч (злева) і дырэктар Юрый Аляксеенка за абмеркаваннем вытворчых задач.
Фота В. КІЖНЕВА.