У гонар старажытных гарадоў. У гонар Беларусі
8 кастрычніка ў нашым раёне адбылася імпрэза камернай і духоўнай музыкі. Яна была прымеркавана да 1030-годдзя г. Турава і 510-годдзя г. Жыткавічы і прысвечана Году Ф. Шапэна ў Беларусі. У шосты раз у Тураў прыехалі калектывы з невычэрпных творчых рэзерваў Заслужанага калектыву “Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі”. Іх узначаліў непасрэдна сам народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг.
У гарадскім Доме культуры, дзе папярэдне адкрылася выстава вырабаў майстроў народных рамёстваў Тураўшчыны, і прайшло выступленне заслужанага аматарскага калектыву Тураўскага народнага хору, адбылася асноўная і самая важная дзея імпрэзы, якую пачаў маэстра з прадстаўлення кіраўнікоў мастацкіх калектываў аркестра. Апладысментамі тураўляне і госці горада сустракалі дацэнта Івана Борычыкава, кандыдата мастацтвазнаўства, прафесара Мікалая Волкава, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, дацэнта Генадзя Забару, Антаніну Казлову, Наталлю Міхайлаву, заслужанага артыста Беларусі, дацэнта Валерыя Сароку, заслужанага дзеяча мастацтваў, доктара культуралогіі, прафесара Уладзіміра Скараходава. Міхаіл Фінберг падкрэсліў, што шостая імпрэза падтрымана Гомельскім абласным выканаўчым камітэтам і адбываецца дзякуючы спонсарскай падтрымцы Белаграпрамбанка. Ен прывітаў прысутнага ў зале С.М. Румаса, кіраўніка банка, падзякаваў яму за фундатарства, а таксама выказаў словы ўдзячнасці кіраўнікам усіх узроўняў вобласці і раёна за падтрымку пры падрыхтоўцы імпрэзы.
І вось пачынаецца фестывальнае выступленне. Праграму вядзе доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава, якая распавядае пра слаўнага кампазітара Ф. Шапэна і яго стасункі з кампазітарамі, якіх мы з поўным правам можам назваць беларускімі і якія, распавядаючы польскаму кампазітару пра сваю малую радзіму, падштурхоўвалі да “ўвядзення” беларускіх матываў у музычныя творы класіка.
Выступалі ансамблі кларнетыстаў, флейтыстаў, трубачоў, вакальны, струнны квартэт і камерны аркестр, гучалі творы Напалеона Орды, Міхала Клеафаса Агінскага, Міхаіла Карловіча, Станіслава Манюшкі — кампазітараў, так ці інакш звязаных з Ф.Шапэнам, якія ўтваралі яго музычнае акружэнне і “музычны свет”. Усе выступленні гледачы сустракалі і праводзілі з нязменным шквалам авацый, а выканаўцам-прафесіяналам тураўляне дарылі кветкі. Варта сказаць, што, відавочна, і сталічны глядач не так часта сустракаецца з сапраўднай музыкай, а тым больш з праграмамі, складзенымі з музычных твораў беларускіх класікаў. А тут такія гучалі ўзоры! Можна сказаць, і гэта будзе справядлівай заўвагай, што тураўлянам вельмі і вельмі пашчасціла сустрэцца ў чарговы раз з сапраўдным мастацтвам. З гонарам у такія хвіліны ўсведамляеш, што мы, беларусы, маем глыбокія карані. Карацей, свята духоўнай і камернай музыкі прайшло проста на выдатна!
Але толькі адным канцэртам у гэты дзень не абышлося. У 14.00 у Тураўскай дзіцячай школе мастацтваў ладзіўся адкрыты ўрок па жывапісу Беларускай Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а ў 15.00 на Замкавай гары адбылося эстраднае выступленне творчай моладзі Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі. Вечарам аналагічны канцэрт прайшоў і ў Жыткавічах, на плошчы імя У.І. Леніна. На сцэне выступалі маладыя зоркі беларускай эстрады, салісты аркестра, а дырыжыраваў і вёў праграму сам маэстра. Як адзначаў М.Я. Фінберг, канцэрты дадзены ў якасці падтрымкі таго дзяржаўнага курсу, які вядзе беларускі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
У. МІКАЛАЕЎ.