Дапамагаюць праектныя ініцыятывы
У Ленінскім сельскім Савеце сёлета рэалізавана тры праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Тэрытарыяльна-арыентаванае развіццё рэгіёнаў, пацярпелых у выніку катастрофы на ЧАЭС”, якія фінансуюцца праз Еўрапейскую камісію і праграму развіцця ААН (ПРААН).
На выдзеленыя гэтай арганізацыяй сродкі былі закуплены будаўнічыя матэрыялы для рамонту Ленінскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа, які нядаўна правялі.
Яшчэ адзін праект дазволіў палепшыць гандлёвае абслугоўванне жыхароў маланаселеных і аддаленых вёсак Савета – дзякуючы міжнароднай дапамозе ў іх з’явіўся сучасны аўтамагазін з халадзільным абсталяваннем.
Пашанцавала выйграць у конкурсе праектных ініцыятыў і Ленінскаму маладзёжнаму цэнтру культуры, для якога быў набыты ацяпляльны энергазберагаючы кацёл.
А гэтымі днямі стала вядома яшчэ пра адзін праект, які зацвердзіла для выканання ЕС (ПРААН). У Ленінскім Савеце хутка з’явіцца вучэбна-метадычны цэнтр па прафілактыцы надзвычайных сітуацый, у якім мясцовае насельніцтва будзе спасцігаць правілы бяспечнай жыццядзейнасці. Гэта дапаможа папярэджваць пажары на тарфяніках, якія займаюць тут значную плошчу. Праект мае назву “Вучымся жыць бяспечна”.