МЕНШ ПРАЛІКАЎ, БОЛЬШАЙ АДДАЧЫ

На мінулым тыдні спецыялісты жывёлагадоўчай галіны Жыткаўшчыны дзяліліся вопытам работы са сваімі калегамі з іншых рэгіёнаў вобласці. Па водгуках апошніх своеасаблівы экзамен здадзены на выдатна.


Пачаўся абласны семінар, удзельнікамі якога былі галоўныя заатэхнікі райсельгасхарчаў, галоўныя ветэрынарныя ўрачы раёнаў і галоўныя заатэхнікі-селекцыянеры філіялаў Гомельскага племаб’яднання, а таксама Аляксандр Лазута, намеснік начальніка абласнога камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання па жывёлагадоўлі, Віктар Курпатаў, галоўны ветэрынарны ўрач вобласці, Андрэй Крывашэй, намеснік дырэктара Гомельскага племаб’яднання, у малой зале гарадскога цэнтра культуры. Тут быў абвешчаны парадак мерапрыемства і начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Наўныка расказаў гасцям пра Жыткавіцкі раён і яго вытворчых дасягненнях у галіне сельскай гаспадаркі. Практычная ж частка семінара прайшла на базе камунальных сельскагаспадарчых унітарных прадпрыемстваў “Марохараўскі” і “Коленскае”.


На дуброўскай ферме асноўная ўвага была нададзена арганізацыі работы па вытворчасці малака. Прычым не на новых сучасных комплексах, а ў тыпавых памяшканнях, якія збудаваны некалькі дзесяткаў гадоў назад. Такой з’яўляецца і ферма ў вёсцы Дуброва. На гэтым вытворчым падраздзяленні КСУПа “Марохараўскі” цікавіла ўсё да драбніц, таму кіраўніку Івану Алесічу і галоўнаму заатэхніку Тамары Макарэвіч прыйшлося адказваць даволі падрабязна на многія пытанні, якія тычыліся і ўмоў утрымання, і кармлення, і іншых вытворчых працэсаў.


— На ферме за апошнія гады зроблена нямала, — гаварылі Іван Рыгоравіч і Тамара Іванаўна. — У памяшканнях праведзена рэканструкцыя, устаноўлены малакаправоды, абноўлены сістэмы водапаення і гноевыдалення. Рэканструявалі і малочны блок, устанавілі там сучаснае халадзільнае абсталяванне. Наладжана і механізаваная раздача кармоў, для чаго гаспадарка набыла кормазмешвальнік. Усё гэта станоўча ўплывае на вытворчасць малака.


Дарэчы, падрыхтоўчы перыяд да зімова-стойлавага ўтрымання статка ў “Марохараўскім” правялі даволі плённа. Таму і памяшканні падрыхтавалі, і кармоў дастаткова назапасілі, і жывёлу размясцілі, а новы кормараздатчык дазваляе не толькі своечасова падаваць кармы ў кармушкі, а яшчэ і гатаваць паўнацэнныя кормасумесі з розных відаў корму.


Канешне, без праблем не абыходзіцца. Найбольш хвалюючая з іх тычыцца абнаўлення дахаў на памяшканнях. Але, як запэўнілі ў гаспадарцы, і гэтае пытанне вырашыцца ў бліжэйшым будучым станоўча.


Не абмінулі ўвагай удзельнікі семінару і памяшканні, дзе ўтрымліваецца маладнячок. Найперш усіх цікавіла, як вядзецца работа па абязрожванню цялят, асабліва цялушак. Неабходнасць у такой справе вялікая, бо ў хуткім часе, як адзначалася А. Лазутам, у вобласці плануецца пабудаваць больш сотні сучасных малочнатаварных комплексаў, дзе ўтрыманне жывёлы бяспрывязнае. І фарміраваць для іх пагалоўе патрэбна ўжо зараз. Абязрожванне — гэта адзін з этапаў, які дазволіць на новых фермах знізіць траўматызм жывёлы, яе агрэсіўнасць.


Як рабіць абязрожванне цялят паказалі на малочнатаварнай ферме Рудня КСУПа “Коленскае”. Увогуле, удзельнікаў семінара многае ўразіла ў гэтай гаспадарцы. Гэта і арганізацыя дыферэнцыраванага скормлівання дойнаму статку камбікармоў, работа па ўзнаўленню статка, таннасць праведзенай рэканструкцыі памяшканняў ферм як для дойных кароў, так і маладнячку, стварэнне бытавых умоў для жывёлаводаў і многае іншае. Усё гэта зроблена, як зазначалася вышэй, на фермах, якія дзейнічаюць на працягу некалькіх дзесяткаў гадоў. Яшчэ адна станоўчая рыса ў дзейнасці кольненскіх жывёлаводаў, што ў апошні час малако з гэтай гаспадаркі паступае перапрацоўшчыкам толькі гатункам “экстра”. Дарэчы, гэта плён вялікай працы па прыведзеных вышэй напрамках. Як усё рабілі і планавалі падрабязна гасцям расказалі дырэктар КСУПа Валянцін Карпаў і галоўны заатэхнік Міхаіл Кісялёў.


Падвядзенне вынікаў семінару адбылося ў Кольненскім Доме культуры. Падчас яго з аналізам спраў у жывёлагадоўлі вобласці выступілі кіраўнікі абласных службаў. Яны адзначылі не толькі станоўчае ў рабоце галіны, але і падрабязна спыніліся на тых праліках, якія дапускаюцца ў раёнах і не дазваляюць плённа працаваць. На семінары перад спецыялістамі раённага звяна ўсіх рэгіёнаў пастаўлены даволі канкрэтныя задачы, якія тычыліся многіх аспектаў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.