У святы і будні, днём і ноччу
Кожная дарога мае свой пачатак. Са старажытных часоў існаваў звычай пачынаць усе дарогі з адной кропкі. Гэта, як правіла, былі цэнтры сталіц – храмы, плошчы. Дарогі з’яўляюцца важнай часткай транспартнай сістэмы дзяржавы і ў той час магутнай цэнтралізуючай сілай, без якой немагчыма яе эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё. Нашы дарогі служаць народу і застаюцца важнай крыніцай грамадскага дабрабыту. Дарогі – гэта адзіная і неад’емная частка краіны. Як частка яе рукатворных ландшафтаў, духоўнага і культурнага багацця, частка мінулага і маршрут у будучыню. А гэта накладвае на работнікаў дарожнай галіны асаблівую адказнасць: захаваць сетку аўтадарог краіны, забяспечыць яе ўстойлівае функцыянаванне і развіццё.
— Адной з важнейшых задач нашага калектыва, — лічыць начальнік ДЭУ-48 Сяргей Уткін, — з’яўляецца забяспячэнне бесперабойнага, бяспечнага руху аўтатранспарту на дарогах шляхам якаснага іх утрымання, своечасовага правядзення бягучага рамонту. Акрамя таго першы наш абавязак — забяспечыць выкананне гадавой праграмы і асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця.
ДЭУ-48 — параўнальна маладая арганізацыя, якая з’явілася на народнагаспадарчай карце Жыткаўшчыны пазней другіх дарожна-эксплуатацыйных упраўленняў нашага раёна. Зараз яна абслугоўвае 220 кіламетраў дарог рэспубліканскага значэння. Гэта аўтамагістралі Мінск — Мікашэвічы, Гомель — Кобрын, Кучына — Любань — Вятчын, Жыткавічы — Давід-Гарадок. Для ўсіх работ па догляду за дарогамі ва ўпраўленні маецца неабходная тэхніка і прычапны інвентар. Гэта тры аўтагрэйдэры, чатыры пагрузчыкі, восем МАЗаў, сем трактароў, каток, шэсць “Газеляў”, аўтобус.
У структуру ДЭУ-48 уваходзіць дзве лінейна-дарожныя дыстанцыі: ЛДД – 481 ў Жыткавічах і ЛДД-482 у Тураве. Шпаркімі тэмпамі ідзе рэканструкцыя базы ў і ЛДД-481, дзе працуе 46 чалавек. Як расказвае яе начальнік Уладзімір Богер, да паслуг дарожнікаў будуць душавыя, парылка, пакой прыёму ежы, гардэробная, більярдная. Пракладзена цеплатраса, абслугоўваюцца тры цёплыя боксы для транспарту, ёсць уласная кацельня. З першых дзён лістапада работнікі ДЭУ-48 пераходзяць на кругласутачнае дзяжурства на давераных ім дарогах.
За 9 месяцаў года было выканана ўпарадкоўванне 13,4 кіламетра паверхневай апрацоўкі на аўтарарогах Кучына — Любань — Вятчын і Жыткавічы — Давід-Гарадок, праведзена замена жалезабетоннай бар’ернай агароджы на ацынкаваную на дарозе “Граніца Расійскай Федэрацыі — Гомель — Кобрын” (1150,6 пагоннага метра). Ідзе да завяршэння рамонт моста цераз раку Бобрык даўжынёй 42,9 пагоннага метра. Выкананы вялікі аб’ём работ па ўтрыманні дарог.
Выкананне аб’ёма дарожных работ, у тым ліку ўласнымі сіламі за 3 кварталы 2010 года забяспечаны на ўсе 100 працэнтаў. Выкананне па бягучаму рамонту да ўзроўню мінулага года склала 103,3 працэнта. На ўтрыманне аўтадарог было выкарыстана 2335,5 мільёна рублёў, план выкананы на 100 працэнтаў, уласнымі сіламі асвоена 2320,8 мільёна рублёў, што да ўзроўню мінулага года склала 112,4 працэнта. Па паверхневай апрацоўцы рост да ўзроўню мінулага года склаў 260,2 працэнта. Прыбытак за 9 месяцаў 2010 года склаў 84 мільёны рублёў, рэнтабельнасць перавысіла планавую на 0,2 працэнта. Зніжана спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў.
Зімовы сезон для дарожнікаў заўсёды складаны і адказны, таму і рыхтуюцца да яго ўсебакова і без спазненняў. Людзі стараюцца працаваць на сумленне. У будні і святы, у любое надвор’е, днём і ноччу. Ганаровай граматай РУП “Гомельаўтадор” напярэдадні свята будуць узнагароджаны электрагазазваршчык Вячаслаў Землянік, вадзіцель Віктар Рубіс. Добрасумленна, надзейна працуюць таксама вадзіцель Аляксей Ільеня, машыніст аўтагрэйдэра Віктар Бруй, дарожныя рабочыя Віктар Шкуратаў, Андрэй Радкевіч, Віктар Даўгунец і многія другія.
С. ВІЛЬЧЫК.
Фота В. КІЖНЕВА.