ЗА ПАРАДАК НА ДАРОЗЕ

Раскажыце ў “НП” аб новаўвядзеннях па ўстаноўцы фіксацыі хуткасці руху?


Віктар Паўлавіч, г. Жыткавічы.


Камеры ДАІ, якія фіксуюць парушэнні хуткасных рэжымаў у аўтаматычным рэжыме, з 9 кастрычніка 2010 года перайшлі з тэставага рэжыму ў працоўны (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №454 «Аб мерах, накіраваных на забеспячэнне бяспекі дарожнага руху з выкарыстаннем спецыяльных тэхнічных сродкаў»).


Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў выпадку аўтаматычнай фіксацыі парушэння не складаецца —выносіцца пастанова аб накладанні адміністрацыйнага спагнання без удзелу асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс і высылаецца штраф па пошце.


Пастанова павінна ўтрымліваць:


*дату і месца складання пратакола;


*найменне органа, пасаду і прозвішча асобы, якая вынесла пастанову;


*звесткі аб асобе, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адназнасці;


*час, месца і абставіны здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння з указаннем часткі артыкула, артыкула Асаблівай часткі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, якая прадугледжвае адказнасць за дадзенае правапарушэнне;


*адлюстраванне транспартнага сродка, зафіксаванае спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі ў момант здзяйснення правапарушэння;


*прынятае рашэнне.


Копія пастановы накіроўваецца заказным пісьмом асобе, у адносінах да якой вядзецца адмістрацыйны працэс.


Аштрафуюць аўтаўладалніка ці таго, хто быў за рублём?


Указ апавяшчае: «Службовая асоба органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, не абавязана даказваць вінаватасць асобы ў перавышэнні ёй хуткасці руху транспартнага сродка, зафіксаванай спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі». Калі вы не згодны з вынесенай вам пастановай ці маеце доказы таго, што ў момант фіксацыі адміністрацыйнага правапарушэння транспартны сродак знаходзіўся ва ўладанні або карыстанні іншай асобы або да гэтага моманту выбыў з яго валодання ў выніку супрацьпраўных дзеянняў іншай асобы, то ўправе на працягу аднаго месяца з дня атрымання копіі пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання падаць пісьмовую заяву ў ДАІ па месцы жыхарства.


У выпадку, калі аўтамабіль належыць юрыдычнай асобе, згодна з Указам Прэзідэнта «прыцягненню да адміністрацыйнай адказнасці падлягае асоба, якая кіравала такім транспартным сродкам». Па патрабаванню службовай асобы органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, юрыдычная асоба абавязана ў пяцідзённы тэрмін прадставіць інфармацыю аб чалавеку, які кіраваў такім транспартным сродкам.


Калі парушальнік — іншаземец або асоба без грамадзянства (за выключэннем асоб, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь), то ў яго адбіраецца вадзіцельскае пасведчанне тэрмінам да выканання адміністрацыйнага спагнання, аб чым складаецца пратакол. Узамен канфіскаванага вадзіцельскага пасведчання выдаецца часовы дазвол на права кіравання транспартным сродкам.


Падрыхтаваў У. ПРЫАЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.