Дзелавое партнёрства
Сустрэчы кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта з прадстаўнікамі малога бізнесу апошнія гады на Жыткаўшчыне ладзяцца часта. На іх прадпрымальныя людзі маюць магчымасць узняць хвалюючыя іх праблемы адносна вядзення ўласнай справы і атрымаць кампетэнтныя адказы спецыялістаў, якія запрашаюцца на такія мерапрыемствы.
Чарговую сустрэчу з кіраўнікамі прыватных унітарных прадпрыемстваў, якіх у раёне на сённяшні дзень налічваецца 109, правёў старшыня райвыканкама Мікалай Какора. Яна была карысная як для прадпрымальнікаў, так і ўладных структур, бо размова ішла найперш аб развіцці прадпрымальніцтва ў раёне, стварэнні новых і найперш вытворчых прадпрыемстваў у межах дзяржаўнай праграмы развіцця малых гарадоў і пасяленняў, што прадугледжвае пэўныя ільготы, як падатковыя, так і ў крэдытаванні для жадаючага адкрыць сваю ўласную справу.
Адкрываючы сустрэчу старшыня райвыканкама М.Какора акцэнтаваў увагу на прайшоўшым 6-7 снежня чацвёртым Усебеларускім сходзе, у рабоце якога асабіста прымаў удзел упершыню. Ён падкрэсліў, што даклад Прэзідэнта, выступленні дэлегатаў сходу і сама атмасфера пацвердзілі яго ўпэўненасць у тым, што наступная пяцігодка стане перыядам абнаўлення, якасна новага развіцця Беларусі. Пры гэтым вялікая ўвага будзе ўдзяляцца развіццю малых гарадоў, што немалаважна для ўсіх нас.
Падчас сустрэчы начальнік аддзела эканомікі А. Чорная праінфармавала прадпрымальнікаў аб стане прадпрымальніцтва ў раёне, акрэсліла важныя аспекты ў развіцці малога бізнесу, а дырэктар філіяла АСБ “Беларусбанк” Т. Катовіч распавяла пра ўмовы атрымання ільготных крэдытаў для стварэння альбо развіцця сваёй справы.
Аб ходзе выбарчай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Беларусі прадпрымальнікаў праінфармаваў старшыня раённай выбарчай камісіі В. Рагалевіч. Ён адзначыў, што ўдзел у галасаванні – грамадзянскі абавязак кожнага жыхара краіны і запрасіў прадпрымальнікаў на выбарчыя ўчасткі.
Старшыня савета прадпрымальнікаў В.Бандзюк акцэнтавала ўвагу на важнасці такіх сустрэч, дзелавога партнёрства ўлады і прадпрымальніцкіх структур, індывідуальных прадпрымальнікаў (іх у раёне 481), звярнулася да прадпрымальнікаў з просьбай актывізаваць распачатую акцыю па зборы сродкаў на набыццё салодкіх падарункаў і правядзенне навагодніх свят для дзяцей-інвалідаў. Адзначалася і пэўная пасіўнасць індывідуальных прадпрымальнікаў па розных аспектах нашага жыцця.
Кіраўнікі прадпрымальніцкіх структур мелі магчымасць задаць хвалюючыя іх пытанні не толькі ў межах юрыдычнай дапамогі як прадпрымальнікам, але і прысутным кіраўнікам розных служб. Былі ўзняты пытанні камунальнага характару і медыцынскія кадравыя перспектывы раённай бальніцы адносна спецыялістаў вузкага профілю.
Як адзначыў старшыня райвыканкама М. Какора, падводзячы вынікі сустрэчы, дзелавое партнёрства ўладных структур і прадпрымальніцтва ў нашым раёне плённа развіваецца, і такія сустрэчы дапамагаюць вырашаць многія важныя пытанні. Ён звярнуўся да прадпрымальнікаў з просьбай больш актыўна асвойваць незанятыя нішы ў аказанні паслуг, стварэнні вытворчасцяў, што маюць перспектывы ў нашым раёне, і да якіх маюць цікавасць прадстаўнікі іншых рэгіёнаў. Аднак мясцовая ўлада зацікаўлена ў тым, каб падтрымаць найперш мясцовых прадпрымальнікаў. Зразумела, калі ахвотнікаў не з’явіцца, будзе ісці на кантакт з прадстаўнікамі з іншых рэгіёнаў. М. Какора адзначыў, што прадпрымальных і творчых людзей у нашай глыбінцы нямала, і іх патэнцыял павінен праявіць сябе.
У. МІКАЛАЕЎ.