ЛЕПШАЯ Ў РЭСПУБЛІЦЫ

Гэта – пра фермерскую гаспадарку Міхаіла Шруба, якая размешчана ў вёсцы Хільчыцы, што на тэрыторыі Рычоўскага сельсавета. Высокую адзнаку рабоце гэтай гаспадаркі пасля сёлетняга наведвання даў Прэзідэнт нашай рэспублікі Аляксандр Лукашэнка, які прапанаваў здольнаму фермеру пашырыць межы сваіх сельскагаспадарчых угоддзяў, стварыць уласны холдынг.


… Ад яго, Міхаіла Рыгоравіча Шруба, сыходзяць народная мудрасць, спакой і ўпэўненасць. Такія людзі народжаны, каб працаваць, не пакладаючы рук, многага дабівацца ў гэтым хуткаплынным жыцці і, нягледзячы на шматлікія перашкоды, перамагаць. Ён – з кагорты фермераў-першапраходцаў. Тут, у Хільчыцах, дзе ён нарадзіўся, і зараз жывуць яго бацькі. Пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта Міхаіл атрымаў спецыяльнасць эканаміста-выкладчыка палітэканоміі, толькі ў душы, як сам прызнаецца, застаўся селянінам. Таму ў Мінскім энергетычным тэхнікуме выкладаў толькі год, затым пакінуў сталіцу і паехаў працаваць у адзін з калгасаў роднай Гомельшчыны. Затым была работа ў сельгасаддзелах райкама і абкама партыі, кіруючыя пасады. Але сын зямлі і вёскі вярнуўся ў свае Хільчыцы і стварыў адну з першых у нашай рэспубліцы фермерскіх гаспадарак.


— Пачалі з 30 гектараў зямлі, купілі бэушны трактар, — успамінае ён. — Спачатку прыходзілася займаць грошы, а восенню, пасля збору ўраджаю, разлічвацца з людзьмі. Праз тры гады ўжо купілі аўтамабіль МАЗ. А калі былы калгас “Шлях да камунізму” далучыўся да нас, то гэта ўжо была даволі буйная, на ўздыме гаспадарка са сваімі спецыялістамі і добрай тэхнікай.


У дбайнага гаспадара ў пашане кожны з 1600 гектараў сельгасугоддзяў. Таму і радуе штогод высокімі ўраджаямі кожны палетак, расце аддача ад жывёлагадоўлі. Прыемна здзіўляе абсталяваны па апошняму слову тэхнікі свінакомплекс, дзе вырошчваюцца гадаванцы французскай пароды. Сярэднесутачная іх прыбаўка ў вазе – 780 грамаў, што, па словах фермера, і ёсць сярэднееўрапейскі паказчык. У мінулым годзе тут было атрымана звыш тысячы тон свініны. Нельга не спыніцца і не парадавацца гаспадарлівасці ў гароднінасховішчы, у цэху перапрацоўкі сельгаспрадукцыі.


Гаспадарка жыве за кошт уласных сродкаў, вобразна кажучы, корміць сябе і свае сем’і. За мінулыя гады былі пагашаны немалыя пазыкі далучанага калгаса і ні разу не затрымана зарплата работнікам (сярэднемесячная ў мінулым годзе тут перавысіла адзін мільён рублёў). Інвесціруюць у сваю гаспадарку: пабудавалі і рэканструявалі 12 жывёлагадоўчых памяшканняў, 6 гароднінасховішчаў, мехмайстэрні, склады для захоўвання зерня і мінеральных угнаенняў, цэх па перапрацоўцы гародніны і вытворчасці мясных паўфабрыкатаў. Гаспадарка цалкам забяспечыла сябе першакласнай імпартнай тэхнікай. За апошнія пяць гадоў сярэдні памер інвестыцый (уключаючы ўласныя і прыцягнутыя сродкі) склаў каля мільёна долараў.


Толькі з крамамі нашай сталіцы тут працуюць 15 гадоў па перадаплаце. І кожны дзень з ранку машыны, загружаныя гароднінай у спажывецкай упакоўцы, накіроўваюцца у Мінск і развозяць тавары па 5-7 адрасах. Сталічны пакупнік ведае, што дастаўка немінучая, як узыход сонца. Канечне, ніхто не застрахаваны ад паломак у дарозе, яшчэ нейкіх непрадбачаных выпадкаў, але тут робяць усё, каб выйсці са становішча і даставіць тавар. Гэта – непісанае правіла.


А што датычыць свініны, дык попыт на яе, як аказваецца, велічыня пастаянная. Бо добрая якасць мяса свіней еўрапейскай селекцыі, вырашчаных без прымянення кармавых антыбіётыкаў. Формула поспеху: чыстая жывёла плюс жорсткі санітарны рэжым і сучасная тэхналогія кармлення. Ідэалогія ў гаспадарцы адна: якасць перш за ўсё. Так, можна зарабіць рубель, а можна і два. Толькі не ўсё вымяраецца грашыма. Дзелавая рэпутацыя – даражэй за ўсё.


Крызіс у сельскай гаспадарцы, як лічыць Міхаіл Шруб, будзе адчувацца яшчэ некалькі гадоў. Галоўнае, што адчулі аграрнікі ў гэтым крызісным годзе, – рэзкае зніжэнне эфектыўнасці вытворчасці ва ўсёй галіне. Напрыклад, калі іх рэнтабельнасць была на ўзроўні 60 працэнтаў, а стане 20-30 працэнтаў, то гэта яшчэ трываць можна. Бо ў многіх сельгаспрадпрыемствах рэнтабельнасць пры 12-16 працэнтах увогуле сыдзе ў мінус, улічваючы датацыі дзяржавы. А дзе ўзяць грошы на тыя ж аб’емы ў наступным годзе?


Без грошай не здолееш купіць, скажам, якасныя мінеральныя дабаўкі для кармоў, той жа шрот. А гэта значыць, што цяля ва ўлонні маці недаатрымае неабходных спажыўных рэчываў і не вырасце паўнацэннай каровай, што адмоўна адаб’ецца на вытворчасці малака. І гэты ланцужок расцягнецца на гады.


А ўвогуле, як перакананы ён, сельская гаспадарак адчула на сабе крызіс значна мацней, чым іншыя галіны. Таму і выхад з яго будзе больш доўгім. Гандаль, напрыклад, хутка прыйдзе ў сябе. А тут на праблемы эканамічныя яшчэ прыродныя і біялагічныя фактары накладваюцца. Што ў такім разе рабіць? Неадкладна развіваць эфектыўныя праекты. Забыць пра вал. Ёсць толькі адзін крытэрый, адна мерка поспеху, якія дазволяць выжыць. Гэта – перавышэнне даходаў над расходамі, а значыць прыбытак.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.