Жыткаўчане прагаласавалі за квітнеючую краіну

Галоўная інтрыга прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі – кіраўніком дзяржавы на чацвёрты тэрмін выбраны Аляксандр Лукашэнка. На момант падпісання нашага чарговага нумару газеты мы маем толькі папярэднія звесткі ад Цэнтрвыбаркама: 79,67 працэнта беларусаў аддалі свае галасы за дзеючага Прэзідэнта.


А вось вынікі галасавання ў раёне мы ведаем дакладна. Яны былі агучаны напачатку першай гадзіны ночы 20 снежня. Лічбы атрыманы такія: удзел у выбарах прынялі звыш 90 працэнтаў выбаршчыкаў. Іх галасы размеркаваліся наступным чынам. За А.Р. Лукашэнку прагаласавалі 23236 выбаршчыкаў раёна, што адпавядае 83,2% ад прыняўшых удзел у галасаванні.


За лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» А.Саннікава прагаласавалі 139 чалавек, альбо 0,5%, за лідара грамадзянскай кампаніі «Кажы праўду!» У. Някляева прагаласавалі 101 чалавек, альбо 0,36%, за намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука прагаласавалі 411 чалавек, альбо 1,47%, за намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва прагаласавалі 433 чалавекі, альбо 1,55%, за прадстаўніка партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Віталія Рымашэўскага прагаласавалі 490 чалавек, альбо 1,75%, за старшыню савета асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Віктара Цярэшчанку прагаласавалі 425 чалавек, альбо 1,52%, за прадстаўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалая Статкевіча прагаласавалі 394 выбаршчыкі, альбо 1,41%, за прадстаўніка саюза «За мадэрнізацыю» Алеся Міхалевіча прагаласавалі 319 чалавек, альбо 1,14%, за дырэктара прыватнага прадпрыемства Дзмітрыя Уса прагаласавалі 39 чалавек, альбо 0,14%.


Кажучы пра дзень выбараў Прэзідэнта Беларусі ў Жыткавіцкім раёне, то трэба адразу заўважыць, што ён быў ператвораны ў самае сапраўднае свята. Святочнасць адчувалася ў самой атмасферы выбараў, якія прайшлі на Жыткаўшчыне вельмі арганізавана.


На вышэйшы дзяржаўны пост прэтэндавалі 10 кандыдатаў, для нашай рэспублікі гэта сапраўдны рэкорд. Зразумела, вызначыцца — за каго галасаваць і які лёсавызначальны выбар зрабіць – было дастаткова часу.


Яшчэ да адкрыцця сваіх участкаў выбаршчыкі накіроўваліся туды, каб аддаць галасы за свайго кандыдата. Першыя з іх атрымлівалі і падарункі ад выбарчай камісіі, як і маладыя людзі, якія галасавалі ўпершыню ў сваім жыцці.


З самага ранку прагаласаваў 19 снежня і старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора на Жыткавіцкім выбарчым участку для галасавання №3. Ён павіншаваў членаў камісіі са святам, пажадаў звычайнага чалавечага шчасця. Кіраўнік раёна агледзеў і выставы, якіх шмат было арганізавана ў вестыбюлі гарадскога цэнтра культуры і нават паўдзельнічаў у бяспройгрышнай латарэі, арганізаванай гандлярамі райспажыўтаварыства.


«Сёння сапраўды святочны дзень, і гэтая святочнасць адчуваецца. Людзі прыходзяць на выбарчыя ўчасткі, як на свята — у добрым настроі, святочна апранутыя, паведаміла старшыня Бялёўскага выбарчага ўчастка для галасавання №41 С. Краснікава. Вельмі актыўныя выбаршчыкі былі і ў дні папярэдняга галасавання. Пры чым, па ўзросту гэта былі розныя людзі: і пенсіянеры, і моладзь. Гэтая выбарчая кампанія вызначаецца асаблівай актыўнасцю, адзначыла старшыня камісіі журналісту “НП”.


Актыўна ішоў працэс галасавання з самага ранку і на ўчастку, размешчаным на базе Жыткавіцкай музычнай школы.


— Для выбаршчыкаў у нас падрыхтавана цудоўная праграма, працуе буфет, можна агледзець шэраг выстаў, падпісацца на газеты, купіць навагоднія паштоўкі, — расказвае старшыня камісіі В. Драбышэўская. — Людзі сапраўды ідуць на выбары, як на свята, паказваюць пашпарт, нядоўга затрымліваюцца ў кабінках, што сведчыць толькі ад адным: свайго кандыдата выбралі яшчэ да прыходу на ўчастак…


12 гадзін дня. Падчас майго наведвання Школьнага ўчастка для галасавання №10 па-добраму здзівіла актыўнасць выбаршчыкаў. Складвалася ўражанне, што менавіта ў гэты час большасць з іх вырашылі выканаць свой канстытуцыйны абавязак. Як правіла, на працягу гадзіны на выбарчы ўчастак прыходзілі маладыя сем’і.


Трэба сказаць, што і тут было ўсё зроблена для выбаршчыкаў: і розныя выставы-продажы, і канцэртныя праграмы, якія падрыхтавалі як школьнікі, так і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці горада.


— Прысутнасць вялікай колькасці выбаршчыкаў на ўчастках для галасавання ведчыць аб упэўненасці людзей у заўтрашнім дні. Людзі імкнуцца зрабіць правільны выбар, кожны — свой выбар, — падкрэсліла старшыня камісіі для галасавання Г. Друк.


Ганна Кірылаўна паведаміла, што як у час папярэдняга галасавання, так і ў асноўны дзень выбараў неаднаразова на ўчастак наведваліся міжнародныя наглядальнікі з Еўропы і ЗША, якія пазітыўна ацэньвалі працу камісіі і ход выбараў. Таксама на ўчастку працуюць наглядальнікі ад грамадскіх аб’яднанняў раёна, яны таксама не адзначылі парушэнняў заканадаўства.


Напружана працавала ў асноўны дзень выбараў раённая камісія па выбарах Прэзідэнта Беларусі. На працягу дня яе члены збіралі аператыўныя звесткі аб колькасці прыняўшых удзел у галасаванні і перадавалі ў абласную камісію. Вынікі па краіне праз кожныя дзве гадзіны паведамляліся на прэс-канферэнцыях Цэнтрвыбаркама. З 18 гадзін вечара ў раённай выбарчай камісіі распачалася рэгістрацыя наглядальнікаў, а з 20.40 пачаўся прыём выніковых дакументаў ад участковых камісій.


Вельмі аператыўна спрацавалі яны. І першай здалі адпаведныя дакументы прадстаўнікі ўчастковай камісіі Грэбянёўскага пасялковага ўчастка. А затым у раённую камісію масава сталі прыбываць кіраўнікі і члены іншых камісій…


Пакуль ідзе працэс здачы дакументаў, скарыстаў час, каб даведацца, як ішло галасаванне ў часавых параметрах у раёне. Як адзначыў старшыня раённай выбарчай камісіі Валерый Рагалевіч, выбары прайшлі спакойна і пры вялікай актыўнасці выбаршчыкаў. На 12 гадзін дня 19 снежня фактычна ўжо большая палова выбаршчыкаў, з улікам папярэдняга галасавання (папярэдне ў раёне за 5 дзён прагаласавала 23% ад уключаных у спісы), наведала выбарчыя ўчасткі і выбары адбыліся. На 14.00, па звестках раённай выбарчай камісіі, 71,63 працэнты выбаршчыкаў, якія ўнесены ў спісы для галасавання, аддалі свае галасы. На 16.00 колькасць наведаўшых участкі для галасавання — 80,97 працэнта, а на 18.00 — 90,08% выбаршчыкаў.


Бадай, ніколі яшчэ не было такога адзінадушша волевыяўлення, як у гэтыя выбары. З 71 участка для галасавання на 21 прыйшлі ўсе выбаршчыкі, якія ўнесены ў спісы. Гэта значыць, 100 працэнтаў ад уключаных у спісы для галасавання выбаршчыкаў прагаласавалі. Гэта Боркаўскі, Хлупінскі, Мілевіцкі, Пагосцкі, Хваенскі, Чэрніцкі, Ляхавіцкі, Відошынскі, Сямурадскі, Рычоўскі, Грэбянёўскі пасялковы, Буразьскі, Любавіцкі, Малешаўскі, Вятчынскі, Хвойкаўскі, Вялікасцяблевіцкі, Грычынавіцкі, Вільчанскі, Залюціцкі, Савецкі (г. Жыткавічы) участкі для галасававання. З гарадскіх найбольшая колькасць выбаршчыкаў прыйшла (94,5%) на Жыткавіцкі ўчастак для галасавання №3, размешчаны ў гарадскім цэнтры культуры.


Аналізуючы працу міжнародных назіральнікаў на выбарчых участках, Валерый Рагалевіч адзначыў, што ні прадстаўнікі СНД, ні еўрапейскі і амерыканскі эксперты-назіральнікі, ні мясцовыя назіральнікі, вылучаныя грамадскімі арганізацыямі і выбаршчыкамі шляхам збору подпісаў, не выказалі нейкіх незадаволенасцяў арганізацыяй выбарнага працэсу ў раёне, яны цалкам задаволены ўзроўнем арганізацыі галасавання, праведзенага ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі нормамі.


…Што ж, дзіўнага нічога няма ў тым, што палешукі такую высокую ацэнку далі кіраўніку беларускай дзяржавы. Перадумовы для гэтага выбару зразумелыя кожнаму з нас. Тыя пазітыўныя змены, якія адбываюцца ў нашым жыцці, новы статус Палесся, які прыдбаны пры існуючай уладзе, прыняцце развіццёвых інвестыцыйных і эканамічных праграм — усё многага каштуе. І годна ацэнена выбаршчыкамі. Зразумела, за наступныя пяць гадоў наш край, як і ўся Беларусь, значна прырасце па ўсіх паказчыках нашага жыцця. З новым і такім вядомым нам, паважаным Прэзідэнтам, якому мы давяраем.


У. ГАЎРЫЛОВІЧ.


НА ЗДЫМКАХ: у час выбараў кіраўніка беларускай дзяржавы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.