АСЯРОДАК КУЛЬТУРЫ І ЦЯПЛА

— Вясковая бібліятэка ў сучасных умовах адыгрывае не толькі ролю інфармацыйнага цэнтра, але і з’яўляецца месцам для самых цесных стасункаў людзей, — лічыць загадчыца Дзякавіцкай сельскай бібліятэкі Алена Чэркас.


Гэтае перакананне ў Алены Міхайлаўны склалася за гады працы ва ўзначальваемай ёю ўстанове. Яна бачыць, што ідуць вяскоўцы ў бібліятэку не толькі за кнігамі, але і за тым, каб задушэўна пагутарыць паміж сабой, падзяліцца навінамі населенага пункта. У загадчыцы яны знаходзяць уважлівага і разумнага субяседніка, які не толькі выслухае, але і паспачувае, акажа маральную падтрымку. Гэта дапамагае Алене Міхайлаўне ў прафесійнай дзейнасці, бо знаходзіць яна паразуменне і з юнымі чытачамі, і са сталымі, і з пажылымі. Іх на цяперашні час у бібліятэцы налічваецца 365. Чытаюць жыхары Дзякавіч самую розную літаратуру. Школьнікі рыхтуюцца да заняткаў, у людзей сярэдняга ўзросту папулярнасцю карыстаюцца дэтэктывы, раманы пра каханне, іншая сучасная літаратура, а вось старыя найбольш цягнуцца да класікі. Гэта радуе бібліятэкара найбольш. Некаторым чытачам яна нават кнігі на дом прыносіць.


Кнігавыдача – хаця і галоўная справа бібліятэкара, але не адзіны від дзейнасці. Установа актыўна праводзіць работу па захаванню традыцый і спадчыны свайго населенага пункта. Пры бібліятэцы нават гурток “Фалькларыст” арганізаваўся. Яго члены — рабяты, вучні мясцовай школы. Па словах Алены Чэркас, рабяты вельмі актыўныя і ініцыятыўныя. Дзякуючы іх старанням пры бібліятэцы пачалі ствараць краязнаўчы куток, дзе выстаўлены бытавыя рэчы, якімі карысталіся ў гэтай мясцовасці ў даўнія часы. У планах папоўніць яго і звесткамі аб знакамітых выхадцах з вёскі.


— Поле для дзейнасці членаў гуртка вялікае, — расказвае Алена Міхайлаўна. — Менавіта яны будуць ажыццяўляць збор патрэбнай інфармацыі, весці пошукавую работу, займацца афармленнем стэндаў.


Шмат праводзіць бібліятэка і цікавых мерапрыемстваў. Бібліятэкар сумесна працуе з клубам, школай. Але ёсць і ўласныя. Гэта розныя дыспуты, вечары-сустрэчы, віктарыны і іншыя. Падчас іх бібліятэкар прывівае вяскоўцам любоў да кнігі, да сваіх родных мясцін, культурных традыцый. Вось і ў наша наведванне ўстановы тут планавалася правесці вечарыну-сустрэчу з адной са старажылак Дзякавіч, з мэтай даведацца, як у даўнія часы святкавалі ў вёсцы Каляды.


Несумненна, час не стаіць на месцы. У вясковую бібліятэку прыходзяць і новыя інфармацыйныя тэхналогіі. Пасля капітальнага рамонту, які праведзены ва ўстанове нядаўна, устанавілі камп’ютарную тэхніку. Цяпер чытачы змогуць карыстацца і рэсурсамі інтэрнету, што дазволіць ім значна пашырыць свой кругагляд, дасць магчымасць атрымліваць больш інфармацыі. Па словах загадчыцы бібліятэкі, гэта значны крок наперад у рабоце ўстановы, а значыць яе запатрабаванасць будзе толькі павялічвацца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.