У БУДУЧЫНЮ З УПЭЎНЕНАСЦЮ

Днямі кіраўніцтва КСУПа “Коленскае” зрабіла прыемны падарунак шэрагу спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі. Ім прама на малочнатаварным комплексе “Пасека” галоўны заатэхнік Міхаіл Кісялёў уручыў службовыя веласіпеды.


Гэта, па меркаванню Міхаіла Феліксавіча, загадчыкам ферм, ветэрынарам, тэхнікам-асемянатарам дазволіць яшчэ лепш спраўляцца са сваімі нялёгкімі абавязкамі і значна больш уплываць на ўсе працэсы па развіццю жывёлагадоўчай галіны сельгаспрадпрыемства, каб намнога больш атрымліваць малака і мяса. Гэта яны даказалі сваёй працай у мінулым годзе. Па яго выніках на фермах гаспадаркі ад кожный каровы надоена 4377 кілаграмаў малака, сярэднясутачныя прывагі дасягнулі 551 грама. Гэта адпаведна на 365 кілаграмаў і 19 грамаў больш папярэдняга. І па тым, як наладжана праца ў жывёлагадоўлі ў гэтыя дні, відаць, што мясцовыя працаўнікі нацэлены толькі павялічваць свае здабыткі.


Малочнатаварны комплекс “Пасека” – адно з буйнейшых структурных падраздзяленняў гаспадаркі па вытворчасці малочнай прадукцыі. У гэтыя дні праца тут пачынаецца даволі рана. Ужо а палове шостай гадзіны аператары машыннага даення знаходзяцца на сваіх працоўных месцах. Клопатаў у іх шмат: раздаць жывёле сена, пачысціць стойлы, пасыпаць іх апілкамі, падрыхтаваць абсталяванне да дойкі, якая пачынаецца роўна ў шэсць гадзін. Паступова падцягваюцца і іншыя катэгорыі работнікаў, якія ўвесь дзень да самага вечара будуць займацца кармленнем жывёлы, ачысткай памяшканняў ад гною, іншымі неабходнымі работамі.


— Калектыў у нас дзеяздольны, — расказвае начальнік комплексу Яўгенія Туравец, — таму ўся праца вядзецца зладжана і без збояў. Стараннасць працаўнікоў станоўча адбіваецца на выніках, якія маем і па вытворчасці малака, і мяса. За мінулы год па комплексу надоена ад каровы па 5131 кілаграму малака. Працуюць на комплексе такія аператары машыннага даення, якія маюць і больш важкія паказчыкі.


У ліку лепшых працаўнікоў Яўгенія Мікалаеўна называе Івана Андыка, Валянціну Хугаеву, Іну Жук, Тамілу Беражную, Надзею Рагалевіч, а сярод даглядчыкаў – Наталлю Шляга і Валянціну Пяшэвіч. Мяркуючы па дасягнутым імі ў вытворчасці малака і мяса, гэтыя людзі сапраўдныя лідары грамадскай жывёлагадоўлі. Напрыклад, Валянціна Хугаева і Іван Андык надаілі за год у сваіх групах па 5822 літры малака. Лепшы паказчык раёна. Хаця праца ў іх нялёгкая, бо заняты на раздоі першацёлак. З размовы з Валянцінай Аляксандраўнай выходзіла, што сакрэту вялікага ў яе здабытках няма. Галоўная роля належыць матэрыяльнай зацікаўленасці.


— Кіраўніцтва зрабіла аплату нашай працы такім чынам, каб нам хацелася працаваць яшчэ лепш, — упэўнена зазначае аператар машыннага даення. – А яшчэ ў гаспадарцы даволі шмат надаецца ўмацаванню дысцыпліны, што таксама станоўча адбіваецца на вытворчых працэсах. Ды і дапамога ад гаспадаркі працаўнікам аказваецца вялікая. Сельгаспрадпрыемства выдзеліла мне дом, шмат робіцца ў плане развіцця сацыяльнай сферы, таму нікуды з гэтай гаспадаркі з’язджаць не збіраюся. На працы ж яшчэ большага хочацца дабіцца.


Вось такія перакананні ў лепшых жывёлаводаў гаспадаркі. Несумненна, такі настрой і на працу. Першацёлкі ў групе Валянціны Аляксандраўны зараз даюць больш чым па дваццаць літраў малака. Жанчына стараецца раздаіць іх грунтоўна, бо ведае, што яны пойдуць на ўзнаўленне статка. Зусім нядаўна трыццаць галоў з яе групы папоўнілі дойны статак на Руднянскай ферме. Што самае важнае нараканняў ад аператараў машыннага даення, якім даводзіцца абслугоўваць цёлак пасля раздою, не выказваюць ніякіх нараканняў да Хугаевай. А ўсё таму, што кожную тэхналагічную аперацыю яна выконвае старанна і належным чынам. Безумоўна, што такіх працаўнікоў паважаюць у гаспадарцы.


Задаволена начальнік вытворчага падраздзялення і працай іншых работнікаў. Усяго на комплексе працуе пяцьдзесят чалавек, якія абслугоўваюць больш за тысячу трыста галоў жывёлы.


У гэтыя дні калектыў малочнатаварнага комплексу працуе са значнай прыбаўкай па вытворчасці малака. Летась на такі час тут прадавалі 5900 кілаграмаў малака, то цяпер сем тысяч кілаграмаў. Плюс відавочны. Чым яшчэ ганарацца працаўнікі вытворчага падраздзялення, што ўсё малако, якое яны пастаўляюць перапрацоўшчыкам, залічваецца гатункам “экстра”. Гэта таксама сведчыць, наколькі сур’ёзна працуюць у гаспадарцы над якаснымі паказчыкамі.


Што стойлавы перыяд на комплексе праходзіць стабільна, уплывае і дастатак кармоў, якія скормліваюццца жывёле ў выглядзе прыгатаваных кормасумесяў. Ды і абнаўленне тэхналагічнага абсталявання, праведзеныя рэканструкцыі ў памяшканнях таксама адыгрываюць вялікае значэнне у рабоце, бо на змену ручной працы прыходзіць усё больш механізацыя.


Упэўнена глядзець у будучыню мясцовым жывёлаводам дазваляюць і планы, якія кіраўніцтва гаспадаркі мае ажыццявіць сёлета па развіццю галіны. Гэта і будаўніцтва новых двух цялятнікаў, сучаснага малочнатаварнага комплексу, клетак домікаў для маладнячку. Гэтая праграма, па словах дырэктара сельгаспрадпрыемства Валянціна Карпава, будзе выканана абавязкова, бо няма перашкод, каб не рэалізаваць намечанае. Значыць, чакаць ад жывёлаводаў КСУПа “Коленскае” яшчэ большага плёну патрэбна і ў бягучым годзе.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.