Вільчанскі старажыл

Ён — карэнны жыхар вёскі, з моцнага, як кажуць, насення. Тут, у Вільчы, нарадзіліся, узмужалі і працавалі і бацька яго Мірон і дзед Дзям’ян. Якія зямлю аралі, траву касілі, ведалі плытагонскую справу і дзелавы лес, што сплаўляўся па Случы ў Прыпяць як да рэвалюцыі пры пане Агаркаве, так і потым пры савецкай уладзе надзейна ад сквапнага вока ахоўвалі. Бацька Мірон да ўсяго быў і нядрэнным вясковым лекарам. Засвоіў гэту справу ў час руска-японскай вайны ў Маньчжурыі. Гэта ўжо значна пазней, у Вялікую Айчынную, немцы ў яго чамаданчык з медыцынскім інструментарыем канфіскавалі. А ўнукам сваім, што па медыцынскай частцы пойдуць, завяшчаў, пакінуў у спадчыну грунтоўную энцыклапедыю прафесара Андрэеўскага “Школа здароўя”. Вельмі цікавае дарэвалюцыйнае выданне з добрымі ілюстрацыямі.


… У бацькоў усё дачушкі на свет паяўляліся. Адна, другая, трэцяя. І вось нарэшце нарадзіўся ён, хлопчык. У Вільчы ён хоць і не першы на Зямлі чалавек, але ўсё ж такі Адамам назвалі. Як жа радыя яму былі бацькі! Цераз вуліцу ад хаты, каля падворка суседкі Соні, здаўна, як людзі сябе помняць, расла высокая, разгалістая ліпа. Аблюбавалі яе верхавіну буслы, кожную вясну прыляталі сюды з далёкага выраю, выводзілі дзетак і ўлетку далёка наўкола быў чуваць іх дружны, радасны клёкат…


Зацвітала ліпа пад сярэдзіну лета белым, духмяным цветам. Акурат як белы тварык у малога Адамка. Маладая матуля люляла ў калысцы свайго сыночка, раз-пораз пазірала то на яго тварык, то на ліпу за акном, і ўсё паўтарала замілавана: “Ліпка ты мая беленькая, ліпка ты мая залатая…”


Кожны дзень дзяцінства быў напоўнены разнастайнымі падзеямі і вялікімі ўражаннямі. Яшчэ б! Побач Случ з яе веснавымі паводкамі, лес з грыбамі, ягадамі, з жалудамі і арэхамі. У вёсцы была пагранічная застава, бо Случ да восені 1939 года заставалася памежнай ракой. На яе правым беразе неслі варту польскія жалнеры, а тут, на нашым баку, стаялі пагранічныя слупы з чырвонымі зоркамі і было папераджальна пазначана: “Граніца – на сталінскім замку”.


Вёска была напоўнена захапляючымі, бясконцымі гісторыямі пра лоўлю шпіёнаў і кантрабандыстаў, аб чым расказвалі старажылы. А ўсё ж такі вельмі падмагалі пагранічнікам жыхары Вільчы. Сямён Шчур, напрыклад, за гэта нават быў узнагароджаны граматай ЦВК рэспублікі і імянным сярэбраным гадзіннікам. Вёска ішла на прасцяг новага жыцця. Мастацкая самадзейнасць, спартыўныя гульні, кіно… Яны сталі здабыткам усёй вёскі. Між іншым, калі ўпершыню паставілі кінафільм, то не абышлося без коміксаў. На першую дэманстрацыю сабралася нямала народу. Але пасярэдзіне фільма раптам гурт гледачоў паваліў з хаты на вуліцы. У чым справа? Ды ўбачылі, што коні імчаліся прама з экрана на іх. Вось і далі драла, каб не нарабілі бяды…


Многа, вельмі многа захапляючых гістарычных старонак адносяцца да станаўлення савецкай улады, да тых 20-30-х гадоў на радзіме Адама Кулакевіча. Радасным быў 1939 год, год з’яднання з заходнімі беларусамі, з’яднання Старой Вільчы з Новай, калі раскідалася граніца. Людзі прыходзілі з-за ракі ў вёску, з таго боку, з-за ўжо не існаваўшага кардону і пыталіся:


— А дзе ж ваш агульны кацёл? Дзе агульная коўдра?


Гэта затлумілі так іхнія галовы польскія ўлады. А яны ўбачылі Вільчу зусім новай.


Адам Кулакевіч, які нарадзіўся ў дваццаць першым, быў пакліканы ў Чырвоную Армію ў сакавіку сорак першага. Так ужо атрымалася, што да вайны ён некаторы час насіў пошту і вясной сорак першага сам сабе позву ў армію прынёс. Хто ён быў тады? Вясковы хлопец з чатырма класам школы за плячыма, які далей Жыткавічаў і Турава і свету не бачыў, і вопыту жыццёвага не меў. А тут танкавая школа непадалёк ад Беластока і строгі камандзір старшы лейтэнант Селіванаў. Які садзіўся ззаду цябе на вучэбным танку і раз-пораз уладна стукаў то па правым, то па левым плячы: “Уключай правы фракцыён. А зараз – левы!”.


У строгі ландшафт ваеннага гарадка мірна ўпісвалася салідная гаспадарчая пабудова. У ёй стаялі косы, вілы, граблі, іншы сельгасінвентар. Курсанты дапамагалі суседзям-калгаснікам у розных работах у гарачы час прыпару. Дык вось у час адных вучэбных заняткаў курсант Кулакевіч пераблытаў правы з левым фракцыёны і знёс добрую частку гаспадарчай пабудовы.


— Будзеш сам і ўзнаўляць! — не схаваў свайго абурэння камандзір.


“Але пачалася вайна і “спісала” маю памылку”, — з гумарам успамінае тыя далёкія часы дзевяностагадовы доўгажыхар вёскі Вільча Адам Міронавіч Кулакевіч.


… Подых вайны адчуваў на сабе кожны ваеннаслужачы, бо парушэнні граніцы з боку немцаў былі частымі. Толькі на палітзанятках ім увесь час паўтаралі, што яны не павінны паддавацца на правакацыі. Але тое, што здарылася на світанні 22 чэрвеня 1941 года, ужо ніяк нельга было назваць правакацыяй, бо поўным ходам ішла вайна.


Справа ў тым, што з 21 на 22 чэрвеня ён упершыню заступіў у нарад, што, па ўсім відаць, і выратавала яго жыццё, бо адна з авіябомб трапіла ў іхнюю казарму, і маладыя курсанты так і пакінулі гэты свет, не паспеўшы нічога ні зразумець, ні ўсвядоміць. Шмат было параненых, акрываўленых, раздаваліся жудасныя енкі, крыкі аб дапамозе. А неба было чорным ад нямецкай авіяцыі. Самалёты скідвалі бомбы і касілі людзей з кулямётаў. Гэта было пекла, сапраўднае пекла на зямлі. Татальная бамбёжка. Неба гуло ад самалётаў з крыжамі-павукамі на сталёвых крылах. Навабранцаў, што засталіся ў жывых, ахапіла жудасная паніка і амаль жывёльны страх. Яны мітусіліся ў пошуках незразумелага выхаду. А праз некаторы час на дарозе паказаліся нямецкія матацыклы, машыны і танкі…


— Сабраць зброю і адступаць на ўсход! Ніякай панікі! — загадаў адзін з камандзіраў, які меў за плячыма вопыт вайны ў Іспаніі.


Уласна кажучы, ён і з’яднаў іх, пазбавіў панікі. Адступалі на ўсход у саставе камбініраваных часцей. Іх перасцерагалі не піць ваду з калодзежаў, бо яна атручаная. Трапілі пад агонь нямецка-польскага дэсанта, у змаганні з якім ён разам з другімі і прыняў сваё першае баявое хрышчэнне. Давялося спаліць вёску разам з дэсантам. Потым былі сутычкі з немцамі, якія тады, яшчэ, што і казаць, былі вопытней і мацней. У адным з такіх баёў Адам быў паранены асколкам у нагу. Іх, параненых, пасадзілі ў машыну, крытую брызентам, і павезлі на ўсход.


У Заходняй Беларусі шмат рэк, рачулак і каналаў, цераз якія перакінуты масты. На адным з іх бярвенні разышліся, і машына завісла над вадой. Вадзіцель і суправаджаючы іх афіцэр сабралі білеты ў камуністаў і камсамольцаў (ужо тады ведалі, што іх фашысты расстрэльваюць у першую чаргу), папрасілі пачакаць, а самі пайшлі ў пошуках тэхнікі, каб выцягнуць машыну.


Так і не вярнуліся. І не ведае Адам Міронавіч па сённяшні дзень пра іх лёс ды свайго камсамольскага білета. Затое хутка паявіліся нямецкія матацыклісты, матарызаваная пяхота. Узброеныя да зубоў захопнікі, што маршам ішлі на ўсход, зачынілі параненых, палонных у вялікую адрыну. Раніцою жывыя выносілі адтуль і закапвалі мёртвых. Быў сярод палонных вопытны рускі хірург, які і дапамог яму пазбавіцца болю – выцягнуў той злашчасны асколак…


Потым доўгая дарога са шматлікімі выпрабаваннямі прывяла яго ў ліку іншых палонных у далёкі нямецкі горад Варбург, што непадалёк ад граніцы з Францыяй. На цукровы завод, дзе і працаваў рабочым да вызвалення саюзнікамі-амерыканцамі вясною сорак пятага.


— Сярод іхніх танкістаў было шмат неграў, — успамінае Адам Кулакевіч. — Мы абдымаліся і цалаваліся з імі ад радасці вызвалення. А затым пыталіся адзін другога: слухай, а я не чорны? Ён мяне сажай не абмазаў? Дысцыпліна ў амерыканцаў была напаўграмадзянская. У танках мяккія, быццам канапы, сядзенні, смачныя цукеркі, шакалад. Нібы не ваявалі, а ў вайну гулялі. У рукапашную на недабітыя фашысцкія фарміраванні, што яшчэ блукалі ў наваколлі, не хадзілі. Проста боепрыпасаў не шкадавалі. Не тое, што наш салдацік на пачатку саракавых: у абмотках ды з адной вінтовачкай часам на траіх…


Год яшчэ служыў Адам Кулакевіч у інжынерна-сапёрных войсках. І толькі ўлетку 1946 года пабачыў за лесам родную вёску Вільчу, абняў і пацалаваў спакутаваных ад жахаў вайны, невядомасці і доўгага чакання маці і сясцёр. Бацька ў гэты час вартаваў лесасплаў, бярвенні ў вусці рэчкі Случ. Дазнаўшыся, што адзіны сын жывым дадому вярнуўся, упаў у лодцы на калені і пачаў хрысціцца…


— Бог цябе бараніў, Адамко, бо ты ніколі зла людзям не рабіў, — казалі ў вёсцы умудроныя доўгім жыццём бабулі. — Вось і застаўся таму ты ў жывых.


У родным краі сустрэў сваю Надзею і згулялі вяселле з надзеяй на лепшае, мірнае і заможнае жыццё і долю. Так яно і сталася ў жыцці: вось ужо пяцьдзесят пяты год разам дзеляць напалам усе радасці і нягоды, нарадзілі і паставілі на ногі васьмёра дзяцей, маюць унукаў і праўнукаў.


Адам Кулакевіч пасля вайны працаваў у паляводчай брыгадзе калгаса “ХХ партз’езд”, быў адмысловым кавалём, нейкі час выконваў абавязкі вартаўніка ў мясцовым дзіцячым доме. У Вільчы і навакольных вёсках усе яго ведаюць як добрай душы чалавека і вялікага жартаўніка.


— Мы пражылі такое вялікае жыццё, — гаворыць Адам Міронавіч Кулакевіч, — у нас такая радня, такая сям’я, што павінны дзякаваць Богу і лёсу за кожны пражыты дзень.


С. ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.