Знайшлі ключы да поспеху

Старажытны і разам з тым заўсёды малады, сучасны Тураў вабіць да сябе сваёй даўніной, кампактнасцю і прыгажосцю. Адпавядаюць усяму гэтаму і добрыя дарогі, якія тут будуе, рамантуе і ўтрымлівае мясцовае ДЭУ-111. У дарожнай арганізацыі працуе каля 70 чалавек, па колькасці гэта самы малы філіял у “Гомельаблдарбудзе”. Але па аб’ёмах выконваемых работ і абслугоўваемай колькасці дарог – 470 кіламетраў – прадпрыемства займае далёка не апошняе месца ў вобласці, а сярод ДЭУ – адно з першых. Прычым вытворча-эканамічныя паказчыкі з году ў год паляпшаюцца.


За мінулы год, напрыклад, тэмпы росту аб’ёмаў вытворчасці ўласнымі сіламі да папярэдняга года склалі 127 працэнтаў. Было выканана работ і паслуг на 6 мільярдаў 909 тысяч рублёў, што на 2 мільярды 339 тысяч рублёў больш, чым у 2009 годзе. Прадукцыйнасць працы на кожнага работніка склала 109 мільёнаў рублёў.


І за гэтымі паказчыкамі – вялікія канкрэтныя справы. Едзеш па дарогах і пераконваешся, што яны вабяць вока дагледжанасцю, прыдарожным сервісам, правільнай і дакладнай разметкай. На асобных прыпыначных павільёнах аформлена рэклама па бяспецы руху. Вялікая ўвага надаецца абуладкаванню штучных абмежавальнікаў хуткасці транспарту, так называемых “спячых паліцэйскіх”. Усюды можна пабачыць прыгожыя дарожныя знакі. За год іх прыходзіцца мяняць нямала, але праблемы няма, бо знакі выпускаюцца на базе галаўнога прадпрыемства і заўсёды ёсць у наяўнасці.


Да таго ж з абласнога цэнтра пастаўляецца шмат механізмаў і дэталей для тэхнікі. У блоку дапаможных цэхаў заўсёды якасна рамантуюцца рухавікі ўсіх мясцовых трактароў, іншых сельгасмашын. Напярэдадні чарговага сезона былі завезены тэхнічныя сродкі для работы ў зімовых умовах, у тым ліку добры адвал для ачысткі снегу і некалькі пескараскідвальнікаў, цалкам былі забяспечаны неабходнай сумессю.


На дарогах працуе сучасная высокапрадукцыйная дарожная спецтэхніка. За мінулы год тут набылі некалькі каткоў, асфальтаўкладчык, МАЗ, некаторыя другія машыны. Пэўна, улічваючы тое, што Тураўскае ДЭУ знаходзіцца ў аддаленым кутку Гомельскай вобласці, яно невялікае, а выконвае значныя аб’ёмы работ, кіраўніцтва галаўнога прадпрыемства пастаянна аказвае нашым дарожнікам усебаковую дапамогу і падтрымку. Капітальна адрамантавана свая база. З Гомеля было пастаўлена некалькі катлоў, якія працуюць на мясцовых відах паліва. Не цяжка здагадацца, якая гэта вялікая эканомія газа і мазута.


Варта адзначыць, што Тураўскае дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне займаецца не толькі дарожнай гаспадаркай. Тут на сто працэнтаў загадзя выканалі даведзеныя заданні па добраўпарадкаванні аграгарадкоў. Калектыў штогод займаецца аналагічнай работай і заўсёды паспяхова. Мінулым летам, да прыкладу, вельмі актыўна папрацавалі ў аграгарадках Бялёў, Леніна, Дзякавічы. Усе работы выканалі там якасна і датэрмінова. Дапамагаюць шматлікім сельгаспрадпрыемствам рыхтавацца да многіх сельскагаспадарчых кампаній і ў першую чаргу да ўборкі хлеба. Да таго ж гэта не перашкаджае ім пастаянна выконваць вялікія аб’ёмы работ у Тураве і Жыткавічах па рэканструкцыі вуліц, добраўпарадкаванні тэрыторыі значымых гарадскіх аб’ектаў і жылля. Там таксама працуюць з апярэджаннем графікаў. Бывае нават, што тэрміны работ скарачаюць на тыдзень і болей. За пражыты год было пакладзена 7 тысяч 685,8 тоны асфальта, 2282 квадратных метраў тратуарнай пліткі, 2029 пагонныя метры вялікага бартавога каменю і 2850 – малога.


А ўзяць будаўніцтва вялікай адкрытай пляцоўкі для паркоўкі аўтамабіляў насупраць раённай гасцініцы. Яе здалі ў эксплуатацыю на дзесяць дзён раней, чым першапачаткова планавалася. І гэтым самым вызвалілі ад транспарту пад’езды да рынка і бліжэйшыя дарогі. Бо сюды, асабліва ў выхадныя і святочныя дні з’язджалася столькі аўтамабіляў, што і месца свабоднага не было. Кожны кіроўца выбіраў для сябе паркоўку, дзе мог. А цяпер такой сітуацыі не ўзнікае.


Хутка работнікі ДЭУ абуладкавалі і тэрыторыю вакол гасцініцы. Прычым каляровую тратуарную плітку завезлі з Веткаўскага ДРБУ, дзе вытворчасць яе асвоілі нядаўна.


— У некаторых філіялах скардзяцца, што аб’екты не заўсёды своечасова фінансуюцца, — гаворыць дырэктар ДЭУ-111 Мікалай Штукар. – У нас, дзякуй Богу, сур’ёзных праблем амаль не ўзнікае. І тут я хачу выказаць падзяку райвыканкаму і, ў першую чаргу, яго старшыні Мікалаю Міхайлавічу Какору. Кіраўніцтва раёна, хаця і строга патрабуе якаснай, эфектыўнай работы, у той жа час, на столькі можа, аказвае дапамогу, асабліва па вырашэнні фінансавых пытанняў, дапамагае і ў вырашэнні многіх іншых праблем. Вось чаму пры такім узаемапаразуменні з вертыкаллю лёгка і добра працуецца. Канечне, мы стараемся асвоіць усе выдзеленыя нам грашовыя сродкі.


У мінулым годзе калектыў пачаў працаваць над падрыхтоўкай вялікай пляцоўкі пад будаўніцтва новага магутнага малочнага камбіната ў Тураве. І тут задзейнічана не толькі тэхніка ДЭУ, а і прыцягненая імі, як генпадпадрадчыкам, ад пабочных арганізацый. Эфектыўна вядуць работы на многіх іншых аб’ектах, у тым ліку за межамі раёна. Раней працавалі нават у другіх абласцях рэспублікі.


На сённяшні дзень дарожнікі-эксптуа-тацыёншчыкі забяспечваюць бесперашкодны праезд на 470 кіламетрах дарог, сочаць за станам 27 мастоў і 201 трубы для пропуску вады. Асноўнымі дарогамі застаюцца Жыткавічы – Поўчын, Пціч – Петрыкаў – Жыткавічы, Азяраны – Хлупін – Мардвін – Маісеевіч і іншыя.


Што ж увесь час забяспечвае паспяховую работу ДЭУ-11 па ўсіх накірунках? Безумоўна, вялікае значэнне мае тое, што тут пастаянна тэхнічна пераўзбройваюцца, у тым ліку забяспечваюць участкі і майстэрні неабходнымі сучаснымі сродкамі малой механізацыі, укараняюць у вытворчасць новыя эфектыўныя тэхналогіі. Толькі ў любой справе галоўнае – людзі, іх прафесіяналізм, адданасць рабоце, стараннасць. І тут большасць менавіта такіх работнікаў. Сярод іх начальнік аддзела Святлана Маркевіч, майстры Андрэй Багдановіч, Сяргей Бруй, машыніст пагрузчыка Валерый Лучанок, машыніст аўтагрэйдэра Уладзімір Самцоў, вадзіцель МАЗа Уладзімір Жыткавец, работніца аддзела кадраў Любоў Аўдзейчык і многія іншыя.


С. ВІЛЬЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.