Добры дзень, вясковая школа!
Збочваю з дарогі і, пахрумстваючы сняжком, напрамкі шыбую сцежкаю да двухпавярховага будынка Мілевіцкай сярэдняй школы.
— Дырэктар на ўроку працы, які праз хвіліну-другую якраз заканчваецца, — адказвае на маё прывітанне дзяжурная тэхнічка. Знаёмлюся з багатай насценнай дакументацыяй установы адукацыі, і праз некалькі хвілін прыходзіць яе гаспадар. Халат, што лоўка, зграбна сядзіць на ім, робіць дырэктара такім простым, прызямлёным, блізкім да вучняў, зямлі і працы на ёй.
— Пачакайце, калі ласка, хвілінку, зараз пераапрануся і прыйду, — паздароўкаўшыся, гаворыць Міхаіл Адамавіч Хаміцэвіч.
Гутарым у яго службовым кабінеце. У ранейшыя часы ў мясцовую школу, здадзеную ў эксплуатацыю ў 1986 годзе, хадзіла вучыцца да 190 хлопчыкаў і дзяўчынак. У мінулым навучальным годзе іх было 118, а сёлета скарацілася да 102. Што ж, тэндэнцыя ўпаўне зразумелая для вясковай глыбінкі. Тым не менш, як бачым, сцены школы поўняцца па-ранейшаму вясёлымі, гаманлівымі галасамі жыццярадаснай дзятвы…
Школку, што стала для вучняў другім родным домам, наведваюць вучні з пяці навакольных населеных пунктаў. 20 хлопчыкаў і дзяўчынак аўтобус падвозіць у школу, двое — у дзіцячы сад. Гэтая адказная справа тут пад неаслабным кантролем адміністрацыі, і зрыў рэйса можа расцэньвацца не інакш як надзвычайная сітуацыя…
Да гонару мясцовай установы адукацыі варта адзначыць, што школа мае ў сваім арсенале шмат добрых, слаўных традыцый. І адна з іх заключаецца ў тым, што выпускнікі школы заканчваюць затым педагагічныя ўстановы і вяртаюцца ў родныя сцены ўжо ў якасці настаўнікаў, працуюць у другіх школах Жыткаўшчыны. Дастаткова сказаць, што з 21 настаўніка, што працуюць зараз тут, 10 – былыя выпускнікі школы. Усе педагогі маюць вышэйшую адукацыю, восем з іх – вышэйшую катэгорыю, дзесяць – першую. Сярэдні ўзрост – сорак два гады, мясцовая ўстанова адукацыі цалкам укамплектавана спецкадрамі.
— Карыстаючыся магчымасцю, хачу на старонках газеты падзякаваць раённаму аддзелу адукацыі за дапамогу нам добрай мэбляю, — сказаў у час размовы Міхаіл Адамавіч. – Папрацавала добра над паляпшэннем матэрыяльнай базы і рабочая група нашых школьнікаў, якія здымалі старую афарбоўку, давалі мэблі новае жыццё.
На шырокую нагу ў школе пастаўлены заняткі спортам. Працуе два настаўнікі фізкультуры, дзеці па выніках года сярод вучнёўскай моладзі раёна, як правіла, займаюць прызавыя месцы. Працуюць шматлікія спартыўныя секцыі, вялікай папулярнасцю карыстаюцца валейбол, баскетбол, міні-футбол. Увесну, як толькі добра прыгрэе сонейка, зямля дружна вызваліцца ад снегу і праклюнецца першая зялёная траўка, школьнікі бавяць час на свежым паветры, займаюцца на стадыёне рознымі рухальнымі відамі спорту. Гэта добра гартуе мясцовую дапрызыўную моладзь перад службай у арміі. А ёсць спартыўны азарт, ёсць пастаўленыя высокія мэты – будуць і добрыя вынікі, знойдуць цябе і поспехі. Так, у мінулым годзе першае месца было занята па настольнаму тэнісу, другое – па шахматах, трэцяе – па кросу.
Паважлівае стаўленне фарміруецца ў школе да нашай беларускай мовы. На гэтым пачэсным шляху зроблена і дасягнута нямала. Дастаткова сказаць, што на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове два вучні атрымалі дыпломы трэцяй ступені. Гэта дзевяцікласнік Андрэй Емельяновіч і дзесяцікласніца Вікторыя Басарановіч. І першаступенная заслуга ў гэтым іх настаўніцы Валянціны Міхайлаўны Емельяновіч – шчырай беларускі, энтузіяста на ўсё жыццё абранай справы (на здымку). Яна, як сцвярджае дырэктар, чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, руплівая працаўніца, кіраўнік этнаграфічнага гуртка.
Трывалую “прапіску” атрымала тут школьнае лясніцтва: з вучнямі 7-8 класаў творча працуе ў гэтым накірунку настаўніца біялогіі Святлана Малькевіч. Вывучаецца факультатыўны курс, а практычныя заняткі адпрацоўваюцца на базе Мілевіцкага лясніцтва разам з замацаванымі за гэтай высакароднай справай спецыяльнымі лесаводамі. Раней гэта быў Іван Бакуновіч, а зараз да лясной справы дзяцей заахвочваюць Сяргей Басарановіч і Фёдар Данілевіч. Усе мерапрыемствы праходзяць у папулярных, даступных формах. Члены школьнага лясніцтва пастаянна ўдзельнічаюць у пасадцы маладога лесу, дзякуючы іх працы цягнуцца цяпер да сонца шматлікія дубкі і сосны. Да таго ж майструюць шпакоўні, вырабляюць новыя і рэстаўрыруюць старыя кармушкі, пакрываюць іх лакам. Хлопчыкі і дзяўчынкі са школьнага лясніцтва ўдзельнічаюць у экалагічных конкурсах, у прыватнасці, удала асвоілі прышчэпку памідораў.
Усе школьнікі забяспечаны гарачым харчаваннем, ім выдадзены праязныя білеты. А агульныя намаганні даюць добры плён. Летась, напрыклад, мясцовыя школьнікі даволі ўдала прайшлі цэнтралізаванае тэсціраванне, з трынаццаці выпускнікоў чацвёра паступіла ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, адзін – у сярэднюю, а астатнія пайшлі вучыцца ў прафтэхвучылішчы. А гэта значыць, што загорнутае настаўнікамі ў духоўную «раллю» насенне дае добрыя ўзыходы…