НАВАСЕЛЛЕ Ў МРЭА

1 лютага для супрацоўнікаў Жыткавіцкага рэгістрацыйна-экзаменацыйнага аддзела дзяржаўтаінспекцыі раённага аддзела ўнутраных спраў цяпер будзе другім днём нараджэння. Менавіта ў гэты дзень будаўнікі перадалі ў эксплуатацыю новы будынак, пачатак якому быў пакладзены яшчэ чатыры гады таму. З нагоды ўваходзін было тут і наладжана свята, удзел у якім прымала кіраўніцтва раёна і прадстаўнікі адказных структур Гомельскага аблвыканкама, а таксама супрацоўнікі праваахоўных органаў раёна.


Урачыстасць распачалася з прывітальнага выступлення народнага ансамбля народнай песні “Жытніца” гарадскога цэнтра культуры, зваротаў і віншаванняў афіцыйных асоб. Мікалай Какора, старшыня райвыканкама, адзначыў, да прыкладу, што яшчэ адзін даўгабуд (пасля гасцініцы, якая будавалася больш – ажно чвэрць стагоддзя) завершаны ў Жыткавічах і будзе служыць людзям. Створаны сучасныя ўмовы для працы работнікаў рэгістрацыйна-экзаменацыйнага аддзела, даўно чакалі перамен і аўтаўладальнікі не толькі нашага раёна, але і суседніх Лельчыцкага і Петрыкаўскага, якія знаходзяцца ў межах увагі міжраённага аддзела. Тут цяпер будзе наладжаны прыём экзаменаў і для будучых кіроўцаў. Няхай усе, хто атрымае правы ў новым будынку МРЭА, будуць лепшымі кіроўцамі ў краіне, заключыў старшыня райвыканкама.


Сёння міжраённы экзаменацыйна-рэгістрацыйны аддзел – магутнае аператыўнае падраздзяленне ў складзе Жыткавіцкага аддзела ўнутраных спраў, якое валодае надзейнай сучаснай тэхнікай, добрай вучэбнай базай і кваліфікаванымі кадрамі, канстатавалі ў сваіх выступленнях намеснік начальніка, начальнік упраўлення фінансаў і тылу ўпраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама Сяргей Зайцаў, начальнік упраўлення дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі ўпраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама Ігар Макушэнка. Асабліва цёплым было прывітанне Ігара Аляксандравіча, для якога жыткавіцкая зямля – малая радзіма.


Давяршала будаўніцтва доўгачаканага аб’екта ўнітарнае прадпрыемства “Палессебуд”, і яе генеральны дырэктар Валерый Усікаў заўважыў, што будаўнікі, нягледзячы на невялікі будаўнічы заказ, зрабілі ўсё магчымае, каб наблізіць наваселле.


І вось адбываюцца два ўрачыстыя моманты. Першы – генеральны дырэктар “Палессебуда” пад апладысменты прысутных уручыў сімвалічны ключ ад новага будынка начальніку аддзела Вячаславу Раманаву. Другі – пераразанне традыцыйнай чырвонай стужкі, што сімвалізуе адкрыццё новай установы. Гэты ганаровы абавязак выканалі старшыня райвыканкама Мікалай Какора, госці з Гомеля С. Зайцаў і І. Макушэнка. Такім чынам, быў зроблены першы крок працы міжраённага рэгістрацыйна- экзаменацыйнага аддзела.


А затым госці наведалі будынак. Кіраўніцтвам аддзела была наладжана экскурсія па ўстанове. Тут сапраўды створаны належныя ўмовы, як для працы, так і для наведвальнікаў, якія будуць атрымліваць паслугі па прынцыпу “аднаго акна”. Сучаснымі камп’ютэрамі абсталяваны і клас для здачы экзаменаў будучымі кіроўцамі. І трэба сказаць, што першымі, хто з цікавасцю вывучаў іх, сталі школьнікі – будучыя кіроўцы.


Як адзначалі ганаровыя госці наваселля, а сярод іх была і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч, ад супрацоўнікаў праваахоўных органаў у значнай ступені залежыць ступень даверу грамадзян да закону, да ўлады, да праводзімых у раёне пераўтварэнняў. І супрацоўнікам МРЭА іх калегі ўручалі падарункі, сувеніры, жадалі бадзёрасці, увагі і чуласці да людзей, поспехаў у працы на карысць роднага краю.


У. ГАЎРЫЛОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.