Пытанні, якія ставіць жыццё

Апаратную нараду правёў у панядзелак, 14 лютага, старшыня райвыканкама М. Какора. Разгледжаны актуальныя пытанні жыццядзейнасці раёна.


На пачатку нарады кіраўнік райвыканкама прадставіў новага начальніка аддзела ЗАГС Мароз Клаўдзію Генадзьеўну, пажадаў ёй плёну на новай пасадзе.


Па выніках спартакіяды-конкурсу кіруючых работнікаў вобласці годна заявілі аб сабе прадстаўнікі раёна. Дыплом першай ступені атрымаў мужчынскі вакальны ансамбль, дыпломам другой ступені адзначана лепшая харэаграфія ўдзельнікаў конкурсу. Другое месца – па тэнісу і шахматах. Кіраўнік раёна павіншаваў каманду райвыканкама з паспяховым удзелам у спаборніцтвах.


А. Палтаран, кіраўнік справамі райвыканкама, праінфармаваў аб адміністрацыйнай практыцы аддзелаў і ўпраўленняў, раённых службаў па пытаннях добраўпарадкавання і навядзення належнага санітарнага парадку на тэрыторыі раёна. За мінулы тыдзень па адзначаным накірунку складзена 14 пратаколаў і выдадзена 42 прадпісанні аб парушэннях.


Нецвярозы кіроўца – бяда грамадства. Як паведаміў начальнік РАУС М. Рагачоў, за тыдзень затрымана тры кіроўцы, якія знаходзіліся ў нецвярозым стане. Па лініі ДАІ праводзіцца значная інфармацыйна-растлумачальная работа. Усяго ж складзена 174 пратаколы за парушэнні правілаў дарожнага руху. На нарадзе разгледжаны шырокі спектр пытанняў, накіраваных на захаванне правапарадку на тэрыторыі раёна. Адзначалася, у тым ліку і кіраўнікамі сельвыканкамаў, недастатковасць працы ўчастковых інспектараў на сваім адміністрацыйным участку.


Аб надзвычайных сітуацыях, якія адбыліся на тэрыторыі раёна за мінулы тыдзень, праінфармаваў У. Кулеш, начальнік РАНС. У выніку стыхіі былі адключэнні электраэнергіі ў 27 населеных пунктах. Адпаведныя службы прадухілілі наступствы стыхіі, усе населеныя пункты на працягу ад адной да пяці гадзін былі забяспечаны электраэнергіяй. У сувязі з пахаладаннем адбываецца стрымліванне развіцця паводкавай сітуацыі. За мінулы тыдзень адбылося невялікае паніжэнне ўзроўню вады ў р. Прыпяць. Аднак сітуацыя знаходзіцца пад пастаянным кантролем адпаведных службаў.


На нарадзе зроблены аналіз эпідэміялагічнай абстаноўкі: на 14% да ўзроўню мінулага года вырасла захворваемасць насельніцтва рэспіраторнымі захворваннямі і на грып. Сярэдняя інтэнсіўнасць захворваемасці не выклікае заклапочанасці. Разам з тым, як адзначалася, практычна ўсе выпадкі захворвання на грып дарослых сярод непрывітых ад гэтай інфекцыйнай хваробы. Эпідэміялагічнай службай вядзецца строгі кантроль якасці пітной вады ў шэрагу населеных пунктаў запрыпяцкай зоны. Адзначалася, водаправодная вада адпавядае ўсім патрабаванням. Аднак, у сувязі з павышэннем паводкавага ўзроўню, якасць вады ў шахтных калодзежах выклікае занепакоенасць.


Разгледжана шырокае кола пытанняў функцыянавання АПК. За спад у вытворчасці і рэалізацыі малака крытыкаваліся КСУПы “Дзякавічы” і “Чырвоны Бор”. Недастаткова ўвагі ўдзяляецца захаванасці маладняку ў многіх гаспадарках, а таксама закупу на дагаварных умовах маладняку буйной рагатай жывёлы з прыватных падворкаў на тэрыторыі ААТ “Тураўшчына”. Размова ішла і аб будаўніцтве новых ферм у КСУПах “Людзяневічы” і “Коленскае”, аб вывазцы арганікі на палі.


Аб працы і праблемах камунальнай гаспадаркі выканкам праінфармаваў А. Савосценка, дырэктар КУП “Жыткавіцкі камунальнік”, а таксама заслуханы справаздачы старшынь наглядальных камісій сельвыканкамаў.


Старшыня райвыканкама акцэнтаваў увагу на ўзаемадзеянне ўсіх структур на тэрыторыі сельскіх Саветаў з сельвыканкамам па вырашэнні надзённых праблем, якія ставіць жыццё.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.