Радавы Перамогі

З сялянскай печы нетаропка на падлогу злез каранасты дзядуля. Ў мужчыне адразу ж адчувалася былая вялікая сіла. Звычайны селянін-паляшук.


— Пазнаў, старшыня, пазнаў, хаця і вочы падводзяць, але ж мясцовую ўладу не прызнаць, так гэта дурнем трэба быць, — пажартаваў ён, сустракаючы гасцей.


— Вось гэты чалавек, — павітаўшыся з гаспадаром, прадставіў ветэрана старшыня сельвыканкама. — Нядаўна дзясяты дзясятак размяняў наш Уладзімір Мікалаевіч.


— Што ні кажы, Адамавіч, а гады бяруць сваё. Але ж лыжкай у міску пападаю, — усміхнуўшыся, зноў пажартаваў дзядуля, прысеўшы на лаўцы ля акенца.


…Яшчэ да «славутага» пахода на Варшаву чырвоных камандзіраў сям’я Нікановічаў з вёскі Беразнякі папоўнілася сынам. Тады нават і не ведалі, што праз год родныя людзі апынуцца па розныя бакі мяжы, паміж Польшчай і СССР. І аванцюра гэтага паходу боллю адгукнулася ў сэрцах беларусаў. Мяжа быццам нажом распаласавала нашу краіну на дзве часткі, пакінуўшы крывавую рану ў сэрцах многіх сямей. Так і стаў гадавалы Валодзя Нікановіч грамадзянінам Польшчы.


Мясцовае жыццё значна адрознівалася ад таго, якім жылі па другі бок Случы. Людзі сяліліся больш хутарамі, распрацоўваючы ўласныя надзелы. Гэта ўжо колькі зможаш выкупіць зямлі. Толькі працавітыя гаспадары трымаліся на зямлі.


Пры гэтым з недаверам адносіліся да вестак з-за мяжы, дзе ва ўсю ішла калектывізацыя, і трыманне ўласнай маёмасці было прыроўнена да злачынства.


Бацькам Валодзя, адзін з пяці сыноў, дапамагаў наколькі мог. Усё ж сям’я была немалая. Пяцёра сясцёр і чатыры браты.


Таму і вырашыў хлапчук пайсці ў пажарную варту, лес вартаваць і мясцовыя сядзібы. І ў верасні 1939 года Уладзімір сустрэў на гэтай пасадзе прыход Чырвонай Арміі.


… Акупанты прыйшлі раптоўна. Стрэлы ў ваколіцы вёскі і гартанная нямецкая мова паднялі на ногі ўсіх жыхароў. Адзінае выратаванне — мясцовы лес і дрыгва. Толькі так давялося пазбегнуць смерці. У наваколлі дзейнічалі карнікі, не шкадуючы нікога, знішчалі дзяцей, жанчын і старых. Але ж нездарма хлапчук ведаў свае мясціны. Ён, дзякуючы гэтаму, і выратаваў сям’ю.


…Пасля вызвалення раёна Ўладзіміра Нікановіча адразу ж прызвалі ў войска. І другі нумар станкавага кулямёта апынуўся на другім Украінскім фронце.


Менавіта ў гэты час камандуючым фронта быў прызначаны Радзівон Маліноўскі.


Баі на гэтым накірунку былі даволі жорсткія. Усяго за дзесяць дзён савецкія войскі разграмілі 22 нямецкія і большасць румынскіх дывізій. У палон было ўзята больш 200 тысяч чалавек. Пры гэтым фашысты страцілі 3,5 тысячы прылад і мінамётаў, больш 800 танкаў, 300 самалётаў. За час Вялікай Айчыннай вайны гэта былі мінімальныя страты савецкіх войскаў у наступальнай аперацыі такога маштабу.


Уладзімір Нікановіч тады і “атрымаў” свой першы асколак.


Пасля гэтага стратэгічнага поспеху войскі другога Украінскага фронту ў пачатку студзеня 1945 года завязалі баі на тэрыторыі Венгрыі — сатэліта гітлераўскай Германіі. Другі нумар станкавага кулямёта Ўладзімір Нікановіч зноў адправіўся ў траншэі, каб помсціць ворагу за фашысцкую навалу.


Войскі Украінскіх франтоў у кастрычніку 1944 — лютым 1945 гадоў паспяхова правялі Будапешцкую аперацыю.


І бітва за сталіцу Венгрыі адрознівалася асобай бязлітасцю і кровапраліццем. Яна загадзя была пераўтвораная ў крэпасць, падрыхтаваную да доўгай абароны. Горад быў падпяразаны калючым дротам, акружаны разнастайнымі ўмацаваннямі і загародамі, парэзаны траншэямі. Будапешцкі гарнізон меў вялікія запасы неабходных матэрыяльных сродкаў. Харч, боепрыпасы і гаручае дастаўляліся акружэнцам па паветры. Гітлер загадаў ваяваць за Будапешт да апошняга салдата.


І вось у другі раз гітлераўская куля выбіла са строю абаронцу Айчыны.


У шпіталі ён і пачуў доўгачаканае слова — “Перамога!”


…Мірнае жыццё сустрэла Уладзіміра Мікалаевіча паўсядзённай працай. Пабудаваў хату. Пачаў працаваць у мясцовай гаспадарцы…


— Быццам бы не жыў, а так, кіно паглядзеў, — зноў жартуе дзядуля, надзяваючы пінжак з медалямі. 


І хай у гэтага простага чалавека ўзнагароды не ўсе баявыя, але ж заслужаныя. Салдацкай крывёю і працоўным потам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.