Выратавальнік-дэпутат
Без малога год Аляксандр Лахвіч сумяшчае службу выратавальніка-пажарніка, узначальваючы адзін з выдаленых пажарных аварыйна-выратавальных пастоў у вёсцы Мілевічы з грамадскай дзейнасцю выбранніка народа, дэпутата мясцовага выканаўчага камітэта. Зараз жа ён не толькі прыходзіць на дапамогу ў крытычнай сітуацыі, але і вырашае праблемы мясцовага насельніцтва, якое аддало яму свой выбарчы голас. За пятнаццаць гадоў службы не адно надзвычайнае здарэнне было ліквідавана падраздзяленнем, якое ўзначальвае старшы прапаршчык Аляксандр Лахвіч. Ды і не адно выратаванае чалавечае жыццё на рахунку гэтага паста. Пачынаў службу будучы начальнік паста з моманту яго адкрыцця. Тады прыходзілася пачынаць усё з нуля. Уладкаванне побыту паста, які дастаўся ў спадчыну ад мясцовага сельгаспрадпрыемства, адымала шмат часу. Прыходзілася добраўпарадкоўваць і прылеглую тэрыторыю. Ды і задачы, пастаўленыя перад супрацоўнікамі раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, прыходзілася выконваць неаднаразова.
— Адзін пажар, які адбыўся практычна ў цэнтры Мілевіч, — успамінае Аляксандр Васільевіч, — памятаю дагэтуль. Гаспадар хаты, сярод белага дня, п’яны, закурыў у пасцелі. Яна і пачала тлець. Добра хоць своечасова людзі заўважылі ўзгаранне. Гэта і выратавала жыццё п’янаму курцу. Выбіўшы дзверы, нягледзячы на моцнае задымленне ў пакоях, выцягнулі на вуліцу мужчыну, які быў настолькі п’яны, што нават не разабраўся, што адбылося. Да таго ж і само жыллё мужчыны выратавалі ад агню. Значна ўскладняла ўсю гэтую працу адсутнасць сродкаў абароны. Тады яшчэ падрадзяленні выратавальнікаў не мелі цяперашняга ўзбраення. Але нават без апаратаў сціснутага паветра задача была выканана.
З ліквідацыі таго пажару мінула больш дзесяці гадоў, за гэты час многае змянілася. Восем вогнеборцаў кругласутачна нясуць дзяжурства. Яны гатовы ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу жыхарам падкантрольнай тэрыторыі. Адны з лепшых байцоў гэтага падрадзялення — начальнік паста, старшына ўнутранай службы Сяргей Малькевіч, камандзір аддзялення старшы сяржант унутранай службы Рыгор Мацукевіч, не раз даказвалі, што службу на пасту нясуць не выпадковыя людзі, а прафесіяналы. А ў мінулым годзе начальніку паста Аляксандру Лахвічу клопатаў значна дадалося. Зараз ён з’яўляецца дэпутатам адной з акругі вёскі Мілевічы. І вырашаць надзённыя праблемы мясцовага насельніцтва яму прыходзіцца часта. Праца з нядобранадзейнымі сем’ямі, розная дапамога ветэранам Вялікай Айчыннай вайны — гэта толькі невялікі пералік, калі прыходзіцца ўключацца ў працу дэпутату. І такім бацькам — выратавальнікам-дэпутатам можна ганарыцца. А ў Аляксандра Лахвіча пяцёра сыноў.
— Думаю, што адзін з маіх сыноў таксама стане выратавальнікам, — кажа Аляксандр Васільевіч, — бо ратаваць людзей, трапіўшых у бяду, сапраўдная мужчынская справа.