Пад рытмічны стук лінатыпа

Не часта сустрэнеш чалавека, у працоўнай кніжцы якога значацца толькі кароткія запісы аб тым, што ўсё жыццё ён працаваў у адным калектыве, быў адданы адной раз і назаўсёды абранай справе. А вось Алена Цімафееўна Якубоўская, якая зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, менавіта з такіх работніц.


Нарадзілася ў Жыткавічах, закончыла 8 класаў сярэдняй школы №2 райцэнтра. А вучылася і сябравала з Людмілай Бозікавай – дачкой тагачаснага рэдактара раённай газеты Пятра Бозікава. Таму, натуральна, цікаўныя сяброўкі-школьніцы часцяком наведвалі рэдакцыю, заходзілі ў друкарню, дзе з вялікім інтарэсам назіралі за работай паліграфічных машын. Алена асабліва затрымлівалася каля лінатыпа — друкарскай машыны, якая адлівала набор цэлымі радкамі. “Вучыцеся і прыходзьце нам на змену”, — запрашалі дапытлівых дзяўчат старэйшыя работніцы друкарні.


Вось так і выкрашталізавалася жаданне стаць лінатыпісткаю, таму і пайшла вучыцца ў паліграфічнае вучылішча №32 горада Мінска. Затым з 1966 па 2001 гады працавала ў Жыткавіцкай друкарні.


— Вельмі цяжка было на пачатку, — успамінае Алена Цімафееўна. — Лінатып быў старэнькі, навыкаў ніякіх, плакаць даводзілася. Часам над выпускам чарговага нумара раённай газеты прыходзілася карпець да 11 гадзін вечара.


Але пакрысе прыходзіў вопыт, шліфавалася майстэрства. Ды і паліграфічная тэхніка ўвесь час удасканальвалася. Ей давялося працаваць на трох наборных машынах і кожны новы лінатып быў зручней, эфектыўней папярэдняга. Таму з цягам часу Алена Цімафееўна на лінатыпе працавала, вобразна кажучы, быццам на піяніне іграла. Як пры наборы газетных палос, так і заказаў. І пачала ўжо ў сталым узросце перадаваць свой багаты вопыт маладзейшым, за што ўдзячныя ёй былі Галіна Бакуновіч, Людміла Груш, Алена Пяшэвіч.


Мела шматлікія граматы, падзякі, а ўсмешлівую, добразычлівую жанчыну заўсёды паважалі ў калектыве.


С. ВІЛЬЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.