Прафесіяналамі не нараджаюцца
Творчасць, бадай-што, уласціва кожнай дасканалай рабоце, нягледзячы на любую прафесію. У тым ліку і электрагазазваршчыка. Не верыце? Дык паназірайце за тым, як працуе на Жыткавіцкім маторабудаўнічым заводзе, у цэху №2, Уладзімір Тураўскі. Па-майстэрску, філігранна, з тонкім веданнем сваёй справы.
— Гэта спецыяліст з вялікай літары, — гаворыць пра яго старшыня прафкама адкрытага акцыянернага таварыства “Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод” Віктар Хомчыц. — Стараецца заўсёды правесці тыя ці іншыя зварачныя работы толькі на выдатна, з нязменным знакам якасці. У размове Уладзімір Зыгмундавіч прызнаецца, што ў жыцці ў яго змалку не было канкрэтных прыкладаў работы зваршчыка. Ні сярод родзічаў, ні сярод суседзяў і знаёмых у вёсцы Сялко, дзе ён нарадзіўся. Гэтая мара, гэтае азарэнне прыйшлі міжволі, як скажам, у пачынаючага паэта пісаць вершы…
Закончыў 8 класаў Людзяневіцкай сярэдняй школы, затым тры гады вучыўся на электрагазазваршчыка ў Мсціслаўскім гарадскім прафесіянальна-тэхнічным вучылішчы, што на Магілёўшчыне. А пасля двух гадоў службы ў арміі прыйшоў працаваць на Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод амаль з першай пары яго стварэння – у снежні 1980 года. І з тых часоў адсюль нікуды ні кроку, заводскія сцены сталі для яго другім домам. Звычнай, добра асвоенай для яго стала паўсядзённая работа ў сполахах электразваркі. Яна ў нейкім сэнсе пераклікаецца з творчасцю мастака з пэндзлем у руках, з хірургічнай аперацыяй, у час якой таксама трэба ўмела карыстацца скальпелем. Яднае іх адно – высокі прафесіяналізм, нязменная адказнасць за вынік сваёй работы, творчы падыход да справы.
— Галоўнае – жаданне, тады поспех цябе знойдзе, — лічыць высакакласны спецыяліст. У цэху №2, якім кіруе Яўген Гарбар, іх, электрагазазваршчыкаў, працуе шасцёра. Работа наладжана ў адну змену, калі ёсць вытворчая неабходнасць, то выходзяць на работу і суботнім днём. Усе добра разумеюць тыя задачы, што стаяць перад імі.
Застаецца дадаць, што Уладзімір Тураўскі – бацька двух дачок,. А ўлетку і восенню, у вольны ад работы час, ён любіць паблукаць у лесе ў пошуках грыбоў…
С. ВЕЧАРОВЫ.