РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ – УДЗЯЧНАЕ СЛОВА
Васьмідзесяцігоддзе са дня выхаду першага нумара “Новага Палесся” шырока і ўрачыста адзначана ў раёне. Не засталіся ў баку ад гэтай знакавай падзеі і работнікі Жыткавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Нядаўна ў чытальнай зале ўстановы ў цёплай і сяброўскай атмасферы прайшла сустрэча калектыва журналістаў раёнкі з чытачамі і бібліятэкарамі.
У зале быў поўны аншлаг і на гэтым мерапрыемстве. Чарговае сведчанне таго, што “Новае Палессе” мае сапраўды немалую чытацкую аўдыторыю, якую складаюць людзі самых розных узростаў. Валянціна Казіміраўна Ахрамовіч, загадчык чытальнай залы бібліятэкі, урачыстым голасам прадстаўляе прысутным цяперашніх журналістаў раёнкі, расказвае аб гісторыі газеты, тых людзях, якія рабілі яе прайшоўшыя дзесяцігоддзі. І ўвесь гэты час, як адзначыла Валянціна Казіміраўна, газета з’яўлялася летапісцам жыцця раёна, яго лепшых і найбольш старанных і працавітых людзей. Гэтая традыцыя захоўваецца і цяперашнім журналісцкім калектывам, які ўзначальвае вось ужо 14 гадоў Уладзімір Гаўрыловіч. Менавіта яму вядучая прадставіла першае слова. Уладзімір Мікалаевіч падрабязна расказаў пра працу калектыва рэдакцыі, падзяліўся планамі, запэўніў, што раёнка і надалей будзе гэтак жа праўдзіва і ўсебакова расказваць пра родны край і яго жыхароў, іх працоўныя, культурныя здабыткі. Асаблівы клопат журналістаў – работа з моладдзю. Менавіта па гэтай прычыне на старонках выдання з’яўляецца ўсё больш матэрыялаў для маладога пакалення, а самае радаснае тое, што маладыя людзі многія артыкулы напісалі і даслалі ў раёнку самастойна.
Далей па сцэнарыю з прысутнымі на сустрэчы сваімі планамі і ўспамінамі падзяліўся кожны журналіст. Вельмі ўважліва прысутныя слухалі загадчыка аддзела прамысловасці Сяргея Кулакевіча, які вельмі цікава распавёў пра свой шлях у журналістыку. А Святлану Шакалян, рэдактара аддзела радыёінфармацыі радыёпраграма “Жыткавіцкія навіны”, назвалі аксамітным голасам газеты, які тры разы на тыдзень праз правадное радыё распавядае пра раённыя навіны, віншуе радню са святамі. Дзяніс Іваноў, загадчык аддзела краязнаўства, экалогіі і інтарнэт расурсаў, распавёў на сустрэчы пра новыя тэхналогіі ў газетнай справе. Было што расказаць на сустрэчы і загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі С. Белку, аддзелаў пісьмаў і масавай работы, сацыяльных праблем Аляксандру Кіцуры і Святлане Севасцьянавай. Дарэчы, яе матэрыял, як яна была даяркай, многа хто ўспомніў на мерапрыемстве.
Газета моцная тым, калі існуе зваротная сувязь, калі надрукаваныя на старонках выдання матэрыялы кранаюць чытача, вымушаюць яго задумацца, звярнуцца да журналістаў, каб падзяліцца сваімі думкамі. Менавіта падзяка ад чытача — найвышэйшая адзнака працы журналістаў. На сустрэчы самымі цёплымі, самымі ласкавымі словамі, адзнаку раёнцы паставілі Валянціна Хаміцэвіч і Алена Саўчыц. Ды і іншыя чытачы хвалілі цяперашнія здабыткі журналістаў-раёншчыкаў, а аб мерапрыемстве выказваліся так: “Добра, што ў бібліятэцы зладзілі такую ўрачыстасць. Цяпер мясцовых журналістаў будзем прадстаўляць не толькі па іх матэрыялах, але і асабіста ведаць”. Адказалі працаўнікі газеты на пытанні чытачоў і бібліятэкараў.
За святамі пачынаюцца звычайныя будні. У журналістаў раёнкі яны даволі разнастайныя, але напоўненыя адной мэтай, каб кожны новы нумар газеты, які яны адрасуюць сваім чытачам быў цікавым і змястоўным, насычаны разнапланавымі інфармацыямі, а яшчэ вялікім спадзяваннем, што чытачы “Новага Палесся” не здрадзяць свайму выданню, і кантакт, які ўстанавіўся за восем дзесяцігоддзяў, будзе толькі мацнець. У гэтым будучыня выдання. Асаблівая падзяка работнікам бібліятэкі за арганізацыю мерапрыемства, бо яно таксама накіравана на тое, каб сяброўства паміж раёнкай і чытачом толькі гартавалася.