Будзе належная праца – будзе вынік
Апаратную нараду правёў у панядзелак старшыня райвыканкама М. Какора. Разгледжаны актуальныя пытанні жыццядзейнасці раёна.
У цэнтры ўвагі напачатку нарады былі вынікі праведзенага рэспубліканскага суботніка. Ён прайшоў арганізавана, аднак знайшліся і такія кіраўнікі, якія не арганізавалі свае працоўныя калектывы. Так, крытыкавалася падраздзяленне энерганагляду. Гэтаксама, на думку кіраўніцта раёна, недастаткова была арганізавана праца ў Тураве, іншых сельскіх Саветах. «Патрэбна ўсім тварам павярнуцца да навядзення парадку на зямлі», канстатаваў старшыня райвыканкама.
Кіраўнік справамі райвыканкама А. Палтаран праінфармаваў, што па адміністрацыйнай практыцы за мінулы тыдзень гарсельвыканкамамі, раённымі службамі складзена 17 пратаколаў, выдадзена 52 прадстаўленні за парушэнні ў добраўпарадкаванні і навядзенні парадку. Як ажыццяўляецца кантроль гарсельвыканкамамі за выкананнем прадпісанняў па даручэнні кіраўніка раёна будзе дакладна праверана на месцах кіраўніцтвам справамі райвыканкама. Нягледзячы на наяўнасць пратаколаў і прадпісанняў, канстатаваў М. Какора, выніку ў навядзенні парадку не бачна. Беспарадку яшчэ нямала. Шмат недахопаў, да прыкладу, у Мілевіцкім сельсавеце. Кантроль павінен быць жорсткім, а праца – належнай, адзначыў М. Какора. Задача тут адна: навесці парадак паўсюдна. Калі ж не выконваюцца прадпісанні і пратаколы мясцовай улады, то гэта сведчыць пра няўмелую працу сельвыканкамаў.
Надзвычайных сітуацый у раёне за мінулы тыдзень не адбылося. Як паведаміў У. Кулеш, начальнік РАНС, неабходна звяртаць увагу па недапушчэнню выпальвання расліннасці, лакальных пажараў. Назіральнымі камісіямі праверана 21 домаўладанне, выяўлена 51 парушэнне эксплуатацыі пячнога і электрычнага абсталявання.
— Гэта праца павінна быць сістэматычнай, асаблівая ўвага павінна быць удзелена шматдзетным сем’ям і вядучым нездаровы лад жыцця, каб папярэдзіць бяду, — канстатаваў М.Какора.
Вяртаючыся да тэмы суботніка, кіраўнік раёна адзначыў, што прыемна было глядзець на працу маладых жыльцоў новага кааператыўнага дома на вуліцы Школьнай. “Нам трэба заўважаць і падтрымліваць такі энтузіязм, у тым ліку праз арганізацыю конкурсаў на лепшае падвор’е, дамавую тэрыторыю”.
На нарадзе заслуханы галоўныя спецыялісты КУП “Жыткавіцкі камунальнік” па шырокім спектры дзейнасці камунальнай службы. Размова ішла найперш аб рамонце дахавага пакрыцця жыллёвага фонду (за сезон трэба адрамантаваць 80 дахаў), рамонту дарожнага пакрыцця, ліквідацыі несанкцыянаваных і добраўпарадкавання існуючых звалак.
Кіраўнік раёна прапанаваў праводзіць дні жыллёва-эксплуатацыйных упраўленняў, пад час якіх разглядаць шырокае кола праблем. Такая форма працы падштурхне камунальную службу да арганізацыі працы сумесна з жыхарамі мікрараёнаў па навядзенню парадку і стварэння найлепшых умоў для пражывання.
У цэнтры ўвагі апаратнай нарады было функцыянаванне эканомікі, выкананне даведзеных паказчыкаў валавога рэгіянальнага прадукта, будаўніцтва сацыяльна-значных і гаспадарчых аб’ектаў.
164 заявы і паведамленні зарэгістраваны РАУС за мінулы тыдзень, узбуджана 7 крымінальных спраў, 6 раскрыта. Выяздны наркалагічны дыспансер выявіў некалькі чалавек у будаўнічым сектары, якія знаходзіліся ў рабочы час у нецвярозым стане на працы.
— Кіраўнік павінен вітаць такую справу, як кантроль з боку медыцынскіх органаў і праваахоўных структур. Аднак калі такія факты выяўлення працаўнікоў у нецвярозым стане выяўляюцца паўторна – гэта сігнал аб нездаровай сітуацыі з вытворчай дысцыплінай у працоўным калектыве.
М. Какора звярнуў увагу дарожных будаўнічых арганізацый на актывізацыю працы па ачыстцы прыдарожных палос, рамонту замацаваных трас.
У мінулую суботу на базе раёна прайшоў рэгіянальны фестываль фальклорнай творчасці – народны калектыў “Лянок” Буразьскага сельскага клуба пацвердзіў сваё ганаровае званне. А на бягучым тыдні справаздачны канцэрт перад сваімі калегамі будзе трымаць калектыў дзіцячай музычнай школы імя У. Будніка. Ва ўстановах культуры пройдзе шэраг вялікодных мерапрыемстваў.
Кіраўнік раёна даручыў распачаць падрыхтоўку да фальклорнага свята “Покліч Палесся”.
Вялася размова таксама аб дзейнасці сістэмы адукацыі, выкананні Дэкрэта №18 аб абавязаных асобах, падрыхтоўцы да правядзення майскіх святаў. Крытыкавалася недастатковая дзейнасць гарсельвыканкамаў па ліквідацыі пустуючых пакінутых дамоў, закупу маладняку ў насельніцтва.
Сяўба ранніх збожжавых завершана, цяпер вядзецца сяўба кукурузы і іншых культур. 10 тысяч гектараў у раёне трэба пасеяць кукурузы – гэтую працу трэба выканаць да 10 мая, такую задачу паставіў перад аграрнікамі кіраўнік раёна.
— У гэты адказны перыяд трэба папрацаваць усім як след, — канстатаваў М. Какора. – Будзе канкрэтная праца, тэхналагічна вывераная, будзе адпаведны вынік.
Па матэрыялах райвыканкама.