Сцяг застаўся ў калоне

І што б ні казалі пра першапачатковы рамонт у новай кватэры, якімі б жудаснымі параўнаннямі яго ні характарызавалі, але няма нічога прыемней, чым доўгачаканы, хвалюючы пераезд у сваё ўжо жыллё. Свой зацішны кут, дзе адчуваеш сябе ў бяспецы, дзе па-сапраўднаму адпачываеш і набіраешся сіл. Ключы ад жылля, якое будуецца, чакаюць, быццам нараджэння першага дзіцяці: рыхтуюцца, хвалююцца, радасна абмяркоўваюць.


А той, хто будуе, добра ведае як важна, эфектыўна выкарыстоўваць кожны квадратны метр плошчы. І таму ў любым сучасным горадзе лёгка знайсці новабудоўлю. Не выключэннем з гэтага і нашы паўтысячагадовыя і такія маладыя Жыткавічы. Зусім наадварот.


…Зірнеш уверх і здаецца, што магутны вежавы кран-“журавель” падпірае аблокі. Ужо з шасці гадзін раніцы тут, у мікрараёне Азёрны райцэнтра, наваколле абуджаецца галасамі людзей і гулам тэхнікі. Мільгаюць кельмы ў руках муляроў, кладзецца цагліна да цагліны і дом, нібы асілак з чароўнай казкі, узнімаецца ўсё вышэй і вышэй, уладна распраўляючы плечы. Два новыя дамы – саракакватэрны і саракапяцікватэрны — узводзяць майстры кладкі перасоўнай механізаванай калоны №76 трэста “Гомельсаўгасбуд”.


— Згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй і нарматыўнымі тэрмінамі яны будуць уведзены ў строй дзеючых у трэцім квартале года, – уводзіць у курс спраў свайго калектыва начальнік калоны Сяргей Бабранок. – Два домікі пабудаваны намі ў Людзяневічах, тры ў Марохараве. Праўда, па іх пакуль што не вырашана пытанне з фінансаваннем. Працягваецца рэканструкцыя раённага цэнтра культуры. У сакавіку бягучага года мы здалі ў строй дзеючых 60-кватэрны жылы дом у мікрараёне Азёрны. Дарэчы, да гэтых дамоў усе інжынерныя сеткі і камунікацыі мы правялі самі. Адзін з асноўных аб’ектаў нашага перспектыўнага плана – малочнатаварная ферма КСУП “Коленскае” коштам 16 мільярдаў рублёў. Затрымка пакуль што ў гэтай справе за падрыхтоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі. Да таго ж будзем узводзіць два 40-кватэрныя дамы ў дзевятым мікрараёне горада Жыткавічы. І калі ў мінулым годзе па аб’ему будаўніча-мантажных работ нашай калонай было асвоена 14 мільярдаў рублёў капітальных укладанняў, то ў сёлетнім годзе гэты паказчык плануецца давесці да 16 – 17 мільярдаў рублёў.


Зараз Жыткавіцкую ПМК-76 можна вобразна параўнаць з самалётам, які набірае вышыню. А былі ж і найцяжэйшыя часы, калі рабочыя, спецыялісты раз’язджаліся ў пошуках лепшай долі. Будаўнічая галіна была ў занядбаным стане. Аднак кіраўніцтва не змірылася з такім паваротам падзей, шукала і знаходзіла варыянты загрузкі будаўнічай калоны, не цуралася неардынарных рашэнняў. Дзякуючы гэтаму і быў захаваны касцяк калектыва, а будаўніцтва атрымала другое дыханне. Актыўна абнаўляецца вытворчая база, працягваецца рамонт у адміністрацыйным памяшканні, даведзены да ладу бытавыя памяшканні, якімі карыстаюцца рабочыя на тэрыторыі базы. Пабудаваны і з пачатку новага года пачаў працаваць уласны цэх лесаапрацоўкі са стужкавай піларамай, у якім шчыруюць тры рабочыя. Раней за неабходныя лесаматэрыялы даводзілася плаціць вялікія грошы, а цяпер, маючы ліцэнзію на рознічны гандаль, можна не толькі для сябе розныя віды будаўнічых матэрыялаў мець, але і прадаваць іх пад заказ людзям.


У 2011 годзе ў калоне плануюць значна абнавіць будаўнічую тэхніку, набыць новыя механізмы за кошт крэдытных рэсурсаў у памеры 1 мільярда рублёў. Мясцовы парк папоўніць 25-тонны аўтамабільны кран, штукатурная станцыя, кампрэсарны аўтабетоназмяшальнік. У свой новы сталярны цэх будуць набыты дрэваапрацоўчыя станкі.


Будаўнікі працуюць на сваіх аб’ектаў у дзве змены з шасці гадзін раніцы да дзесяці вечара. Зараз у калектыве налічваецца 182 чалавекі. Але калі распачнецца ўзвядзенне малочнатаварнай фермы ў КСУП “Коленскае” і аб’ёмы работ значна ўзрастуць, то штат будзе пашыраны за кошт новых спецыялістаў і рабочых. За мінулы год сярэднямесячная зарплата ў арганізацыі склала 1 мільён 136 тысяч рублёў, у новым годзе пры існуючых аб’ёмах, тэмпах і якасці работ яна павінна ўзрасці не менш чым да паўтарамільённай адзнакі.


З другога паўгоддзя мінулага года да працаўнікоў будаўнічага комплексу ўведзена новае патрабаванне: усе дамы павінны ўводзіцца ў строй з поўнай аддзелкай. Менавіта гэтак і адносяцца да сваіх абавязкаў працаўнікі Жыткавіцкай ПМК-76: навешваюць унутраныя дзверы, клеяць шпалеры, фарбуюць падлогу і г.д. Кожная кватэра павінна быць здадзена, што называецца, пад ключ. І хаця ёсць пытанні да якасці выкананых работ, тым не менш увага да яе пастаянная і пільная. Рэгулярна з выездам праводзяцца дні якасці. Усе імкнуцца хутка і добрасумленна выканаць заданне, здаць аб’ект у эксплуатацыю згодна з нарматыўным тэрмінам, каб своечасова атрымаць новы. А гэта, у рэшце рэшт, і твая зарплата, і прэмія да яе, гонар і павага…


— Мы абавязаны і ўмеем працаваць хутка і якасна, — гаворыць Сяргей Яфімавіч Бабранок. – Дастаткова адзначыць, што за мінулы год усе нашы паказчыкі былі выкананы і перавыкананы. Выраслі маштабы будаўніцтва, наша калона стала самадастатковай арганізацыяй, якая абходзіцца без субпадрадчыкаў, увесь комплекс работ выконвае ўласнымі сіламі, акрамя такіх спецыфічных, як сувязь, пажарная сігналізацыя. Не дапушчана зрываў тэрмінаў уводу жылля і пасля здачы таго ці іншага аб’екта мы ў пастаянным кантакце са сваімі забудоўшчыкамі, ухіляем, калі ёсць, недахопы.


Не сакрэт, што поспех любога працоўнага калектыву пачынаецца з кіраўніка, у многім залежыць ад таго, хто, вобразна кажучы, стаіць на “капітанскім мосціку”. Прыняўшы ў свой час кіраўніцтва перасоўнай механізаванай калонай, Сяргей Яфімавіч пачаў перш-наперш наводзіць у калектыве парадак і дысцыпліну, без якіх, як дом без трывалага, надзейнага падмурка, далейшага поспеху не дабіцца. Бо не ўсе прыходзілі на новабудоўлю своечасова, працавалі поўную змену і якасна, а вось заробак некаторых не задавальняў і прэтэнзій да кіраўніцтва было – хоць адбаўляй. Мелі месца і факты выпіўкі. Таму загартаваны ў будаўнічай галіне спецыяліст-прафесіянал з 29-гадовым стажам работы паставіў пытанне рубам: хто хоча працаваць і атрымліваць годную зарплату, той застанецца, а з астатнімі ж – нам не па дарозе. Што праўда, то праўда – з некаторымі прыйшлося расстацца. Другія моцна задумаліся і, што называецца, узялі сябе ў рукі. А хто працаваў праз пень-калоду, стаў проста баластам, ад якога трэба пазбаўляцца без шкадавання…


Адчуўшы подых новага эканамічнага ветру і строгія, але справядлівыя, прынцыповыя патрабаванні новага кіраўніка, калектыў перасоўнай калоны, вобразна кажучы, устрапянуўся і падцягнуўся. Паціху скасаваўся вялікі доўг, былі выкананы запланаваныя аб’ёмы работ на ўсіх аб’ектах, асвоены значныя сумы грашовых укладанняў як па генпадраду, так і ўласнымі сіламі. І цяпер свой калектыў Сяргей Бабранок лічыць зладжаным, працаздольным, якому па плячы высокая якасць усіх работ у сціслыя, вызначаныя праектна-каштарыснай дакументацый тэрміны.


Дальнабачны, высокапрафесійны кіраўнік ПМК-76 Сяргей Бабранок прадстаўляў свой калектыў на раённым злёце перадавікоў, разам з лепшымі работнікамі брыгадзірам муляроў Пятром Малочкам, брыгадзірам штукатураў Валянцінай Краўчук, вадзіцелем Сяргеем Дашуком і электрыкам Анатолем Громам. Летась па выніках работы калектыў быў узнагароджаны Ганаровым пераходным сцягам Жыткавіцкага райвыканкама і занесены на раённую Дошку гонару. Пераходны сцяг застаўся ў калоне і сёлета. А гэта, згадзіцеся, многага каштуе…


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.