Свята беларускай прозы

Вікторыя Басарановіч стала лаўрэатам абласнога конкурсу чытальнікаў


Гомельскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, Гомельскага абласнога аддзялення Беларускага фонда міру, Гомельскай абласной ветэранскай арганізацыі наладзіла абласны конкурс чытальнікаў “Захаваем свет разам!” (“Вясёлка над Сожам”). Юныя чытальнікі з кожнага раёна вобласці прынялі ў ім удзел 15 красавіка. Падзея адбылася на базе сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №61 абласнога цэнтра.


Мяркуючы па паведамленнях з месцаў, раённыя этапы конкурсаў прайшлі ў большасці раёнаў масава, запамінальна, у канкурэнтнай барацьбе. А лепшыя прыехалі ў Гомель. Каб падзяліцца сваім узрушэннем са сцэны з намі, з тымі, хто, магчыма, і з’яўляецца аўтарам тых ці іншых радкоў. І тым, відавочна, конкурс гэты ўнікальны, не мае аналагаў на Беларусі, бо ён праводзіцца ў прыемнай садружнасці: вучань-педагог-пісьменнік.


Адметны быў сёлетні конкурс, як адзначыў на ўрачыстым адкрыцці старшыня аргкамітэта, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч, тым, што прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры, ураджэнцаў Гомельшчыны І.Мележа і І. Шамякіна.   Глыбока сімвалічна, што мерапрыемства праходзіць у год двух сумных дат – 70-годдзя з дня пачатку страшнай вайны і 25-годдзя чарнобыльскай трагедыі. Відавочна, гэта не магло адбіцца на тэматычным выбары мастацкіх твораў, якія дэкламавалі пераможцы раённых этапаў, падкрэсліў кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі. На яго думку, конкурс яшчэ раз засведчыў, што падрастаючае пакаленне, як і ўсё беларускае грамадства, хоча жыць у міры і згодзе.


22 чытальнікі на працягу трох гадзін стварылі суцэльны празаічны спектакль па матывах твораў класікаў і сучасных празаікаў-гамяльчан, імкнучыся да грунтоўнага мастацкага раскрыцця характару сваіх герояў. На сцэнічнай пляцоўцы “ажывалі” героі з мастацкіх твораў Івана Мележа, Івана Шамякіна, Барыса Сачанкі, Васіля Ткачова, Уладзіміра Гаўрыловіча, Андрэя Федарэнкі, Аляксандра Капусціна і іншых аўтараў. Вучні школ вобласці выкарыстоўвалі разнастайныя сродкі псіхалагічнай дасканаласці “ўжывання” ў вобраз.


Журы конкурсу, якое ўзначаліў вядучы майстар гомельскай сцэны, рэжысёр і драматург, член саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксей Бычкоў, у адпаведнасці з палажэннем конкурсу, вызначыла самыя яркія чытальніцкія маналогі, якія адпавядалі аўтарскай задуме, а таксама ацэньвалася валоданне мовай, выразнасць чытання і артыстызм.


Найбольш прафесіяналаў сцэны і пісьменнікаў уразілі выступленні вучня 8 “В” класа САШ №4 г.Светлагорска Кірылы Шутава (урывак з апавядання І. Мележа), Вікторыі Басарановіч, вучаніцы 10 класа Мілевіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Жыткавіцкага раёна, Канстанціна Ступіна, вучня ліцэя г.Рэчыцы (абое чыталі ўрывак з рамана  І. Мележа “Людзі на балоце”). Чытальнікам адпаведна прысуджаны першае, другое і трэцяе месцы.  Прыемна, што прадстаўніца Жыткавіцкага раёна зноў стала лаўрэатам гэтага конкурсу! Віншуем і яе педагога настаўніцу беларускай мовы і літаратуры В.М. Емельяновіч!


А вось гран-пры абласнога конкурсу аднагалосна прысуджана вучню 10 класа САШ №61 г. Гомеля Яўгену Крангольду, які цудоўна рыскрыў як чытальніцкімі, так і тэатральнымі сродкамі вобраз Рыгора Расевіча — галоўнага героя рамана “Забранае шчасце” У.Гаўрыловіча.


Таксама заахвочвальнымі дыпломамі адзначаны  чытальнікі  Алена Маркоўская з Лельчыцкай САШ №1 і гімназістка з Веткі Юлія Хадунькова.


Усе ўдзельнікі абласнога конкурсу атрымалі пісьмовыя падзякі і падарункі ад пісьменніцкай арганізацыі – камплекты з заснаванай абласным аддзяленнем бібліятэчкі, а таксама кнігі з аўтарскімі аўтографамі. Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі адзначылі асобных чытальнікаў добрым словам і  падаравалі свае кнігі. Былі ўшанаваны і педагогі, якія падрыхтавалі лаўрэатаў сёлетняга конкурсу. Пераможцам і іх педагогам таксама былі ўручаны сувеніры, зробленыя рукамі вучняў адной з лепшых школ г. Гомеля — №61.


Старшыня абласной пісьменніцкай арганізацыі У. Гаўрыловіч, падводзячы вынікі мерапрыемства, выказаў падзяку намесніку дырэктара школы Т. Трубнікавай за аказанне дапамогі ў правядзенні конкурсаў на базе навучальнай установы. Ад імя пісьменнікаў вобласці ён уручыў педагогу бібліятэчку з кніг гомельскіх аўтараў. Лідар пісьменнікаў Гомельшчыны падкрэсліў, што такія святы Слова з’яўляюцца крокам да мацавання міру, згоды, любові да роднай зямлі, мовы і літаратуры, крокам да разумення адзін да аднаго ў наш няпросты час. У наступным годзе такі ж конкурс пройдзе ў намінацыі “паэзія”, паведаміў ён. І заклікаў творчую моладзь удзельнічаць у аб’яўленых абласных  творчых конкурсах імя К. Тураўскага, І. Мележа і І. Шамякіна.


У. Прыазёрны.


 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.