Ён нарадзіўся Вясною

Сонечным вясеннім ранкам напрыканцы красавіка мы ішлі з Валодзем Буднікам у музей Янкі Купалы, які месціцца ў парку імя паэта на беразе Свіслачы ў Мінску. Зрэшты, павінен быць там толькі ён адзін – у багата абсталяваным музеі, каля старадаўняга велічнага гадзінніка пад самую столю было выбрана месца запісу інтэрв’ю з вядомым кампазітарам для беларускага тэлебачання, і Валодзя папрасіў мяне папрысутнічаць падчас гэтага адказнага мерапрыемства. “Для маральнай падтрымкі”, — казаў ён. Вядома, адмовіць сябру я не мог. “А ты падрыхтаваўся да выступлення?” – спытаў яго па дарозе. Валодзя адказаў: “Я ніколі не рыхтуюся. Там, на месцы, збяруся, настроюся… Ды і невядома яшчэ, у якім кірунку пойдзе размова”.


У музеі сапраўды было велічна і ўрачыста, вялікія залы яго заліты сонцам праз шырокія вокны. Ужо расстаўлена тэлевізійная апаратура, па падлозе цягнуліся тоўстыя правады. Валодзю ў святочнай сіняй кашулі размясцілі перад гадзіннікам, побач усталявалася вядучая. Як хораша гаварыў Буднік! Ніколькі не адчувалася хвалявання, якое звычайна бывае ў такіх выпадках, мова яго была нетаропкай, разважлівай, быццам выступаць перад тэлевізійнай камерай у яркім святле сафітаў была для яго справа звычайная, прывычная. Ён расказваў пра прыгажосць Чырвонага возера, дзе ў дзеда Данілы прайшло яго дзяцінства, пра гады вучобы ў Жыткавіцкай сярэдняй школе, у музычнай школе, успамінаў сяброў. Ён заўсёды вельмі добра адзываўся пра таленавітага музыканта Мікалая Гарбабу, і тут успомніў сябра дзяцінства і сталых гадоў. Як нараджалася тая ці іншая яго вядомая песня, дзяліўся планамі. На жаль, большасць іх так і засталіся нерэалізаванымі. У Будніка заставалася крыху больш двух гадоў жыцця, але хто тады мог падумаць такое?..


Потым мы доўга сядзелі на ціхім вясеннім ветрыку на лаўцы ў цяні старых дрэў у парку. Валодзя адлучыўся на хвіліну да суседняга шапіка і прынёс не больш як па сто грамаў асвяжаючай вільгаці… Усё-такі ён прыкметна расхваляваўся, ніяк не мог спыніцца ва ўспамінах, тых далёкіх перажываннях, роздумах. “А што ты думаеш, — гаварыў ён, — мне таксама было нялёгка… Бацька памёр, калі я яшчэ ў школу не хадзіў. З чатырнаццаці гадоў, лічы, пайшоў на свой хлеб. Выкладчык музычнай школы (ён назваў прозвішча) прыцягнуў нас, школьнікаў, да ўдзелу ў духавым аркестры, які іграў выключна на пахаваннях, а такія хаўтуры былі іншы раз ледзь не кожны дзень. Пасля пахавання – абавязковыя памінкі. Свае грошы завяліся. Паспрабаваў смак віна”…


Інтэрв’ю з Уладзімірам Буднікам два разы ў розны час паказвалі па тэлебачанні, яго запісалі на відэа сябры вядомага музыканта і фрагменты перадачы паказвалі падчас юбілейных мерапрыемстваў у музычнай школе ў Жыткавічах у 2009 годзе. Ён нарадзіўся ў светлы вясенні час, 28 красавіка 1949 года, і пажадана, каб і сёлета, і ў наступныя гады на радзіме таленавітага кампазітара не забываліся пра гэтую дату…


В. ФЕРАНЦ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.