тураўскія рарытэты — у інтэрнэце
У хуткім часе пра экспанаты Тураўскага краязнаўчага музея можна будзе даведацца ў сусветнай павуціне інтэрнэта. Наш музей пакуль адзіны ў вобласці прыступіў да рэалізацыі праекта па пераводу сваіх фондаў на лічбавыя носьбіты. Гэта стала магчымым дзякуючы рэспубліканскай праграме «Аўтаматычныя музейныя сістэмы», па якой установа атрымала неабходнае абсталяванне. Каштоўнасці тураўскага краязнаўчага пасля апрацоўкі трапяць у электронны дзяржаўны каталог музейных рэчаў.
Па словах дырэктара музея алены Байкоўскай, гэта выводзіць музейную справу на сусветны ўзровень, дае такім невялікім установам як наша новыя магчымасці для распаўсюджвання інфармацыі пра багацце экспазіцый. Азнаёміўшыся з віртуальнымі фондамі, напэўна, многія аматары мінуўшчыны захочуць пабачыць іх на свае вочы, а значыць варта чакаць і прытоку турыстаў.
Першымі ў канцы трэцяга квартала ў каталог павінны быць занесены ўнікальныя экспанаты і рарытэты, а потым і астатнія рэчы і дакументы, якія прадстаўляюць каштоўнасць. Усяго ў фондах музея налічваецца каля 20 тысяч экспанатаў.