Дысцыпліна — аснова стабільнасці
Апаратная нарада, якая прайшла ў панядзелак у райвыканкаме, пачалася з выступлення старшыні райвыканкама М. Какоры аб дысцыпліне і адказнасці як кіраўніка, так і радавога працаўніка любой установы альбо прадпрыемства.
На жаль, у нас таксама ёсць выпадкі знаходжання работнікаў у рабочы час там, дзе яны не павінны быць. Такія факты выяўляюцца ў краіне кантралюючымі органамі. У рабочы час трэба працаваць, — канстатаваў кіраўнік раёна. І заўважыў: за ўсё нясе адказнасць кіраўнік арганізацыі, а дысцыпліна вытворчасці — аснова стабільнасці.
Асобна гучала тэма наяўнасці ў гандлі запатрабаваных насельніцтвам харчовых тавараў. Неабгрунтаваны попыт, які ўзнік у апошні час, пайшоў на спад. Кіраўнік раёна запатрабаваў ад службовых асоб, адказных за гандаль, строга кантраляваць гэты працэс. У краіне дастаткова вырабляецца тавараў для насычэння ўнутранага рынку. Кіраўнік раёна таксама запатрабаваў ад кіраўнікоў служб прыняцця мер па недапушчэнню завышанага росту цэн прадпрыемствамі гандлю.
Рэзкай крытыцы падвергліся асобныя сельвыканкамы, службы і аддзелы райвыканкама за недастатковую працу па навядзенню санітарнага парадку на тэрыторыі раёна. За тыдзень службамі складзена толькі 17 адміністрацыйных пратаколаў. А ці ўсё ў гарадах і раёне прыбрана, выкашана пустазелле паўсюдна? Калі, напрыклад, экалагічная альбо зямельная службы пачнуць працаваць у адпаведнасці з заканадаўствам, у поўную сілу? – задаў рытарычнае пытанне М. Какора. Не дачакаўшыся адказу, рэзюміраваў: — Гэта – безадказнасць службовых асоб. Безадказнасць і кіраўніка сельсавета, калі бруд пад нагамі, а за тыдзень ніхто не прыцягнуты да адказнасці. Ні грамадзянін, ні кіраўнік арганізацыі. У такім выпадку прыцягвацца да адказнасці будуць самі кіраўнікі тэрыторый.
За мінулы тыдзень у раёне адбыўся адзін пажар у прыватным сектары. Размова ішла таксама аб працы назіральных камісій у Тураве і Азяранах.
— Працаваць на папярэджанне правапарушэнняў, надзвычайных сітуацый неабходна больш адказна, — рэзюміраваў кіраўнік раёна. — Фармалізм тут павінен быць поўнасцю выключаны.
Па лініі РАУС за тыдзень зарэгістравана 169 паведамленняў аб здарэннях і правапарушэннях, узбуджана 6 крымінальных спраў, 4 з іх раскрыта, зарэгістравана 25 фактаў дробязнага хуліганства, адбылося 6 ДТЗ, затрымана 8 вадзіцеляў за рулём у нецвярозым стане. Як паведаміў намеснік начальніка РАУС Я. Купрацэвіч, асаблівая ўвага ўдзяляецца кантролю за выкарыстаннем службовага аўтатранспарту прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў у выхадныя дні.
на нарадзе ішла размова і аб выкананні прагнозных паказчыкаў, выкананні праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся. Былі агучаны і вынікі маніторынгу гандлёвай сеткі раёна. Выяўлена, што ў раёне зніжаны асартымент макаронных вырабаў, недастатковы выбар мяса птушкі. Каб паправіць сітуацыю, прымаюцца неабходныя меры па павелічэнню асартыменту тавараў. Прыняты меры па насычэнню гандлёвай сеткі цукрам і ў поўным аб’ёме кісла-малочнымі прадуктамі.
Разгледжана шырокае кола іншых пытанняў, звязаных з рамонтам жыллёвага фонду раёна і падрыхтоўкай яго да выкарыстання ў зімовы перыяд.
У раёне распачата корманарыхтоўка. На базе трох гаспадарак (“Чырвоны Бор”, “Бялёў” і “Дзякавічы”) створаны корманарыхтоўчы атрад. Вядуцца іншыя палявыя работы. Кіраўнік раёна даручыў упраўленню сельскай гаспадаркі ажыццяўляць строгі кантроль за вядзеннем усіх сельскагаспадарчых работ.
У цэнтры ўвагі былі пытанні будаўніцтва сацыяльна-значных аб’ектаў – Хільчыцкай сярэдняй школы, малочнатаварных комплексаў, жылля, навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкаванне, іншыя актуальныя пытанні.
Па матэрыялах райвыканкама.