«Гітлераўцы аказаліся звярамі…»

Дзеці вайны. Так называюць цяпер пакаленне людзей, якія ў маленстве перажылі жахі Вялікай Айчыннай вайны. Леанід Аляксандравіч Цярлецкі таксама з такіх. Бо і яго дзяцінства апаліла вайна. Цяпер Леанід Аляксандравіч — пажылы ўбелены сівізною чалавек. Пражывае ў нашым райцэнтры. Жыве звычайным укладам радавога пенсіянера. Але і праз дзесяцігоддзі, што мінулі з тых страшэнных саракавых мінулага стагоддзя, вайна не дае яму спакою, падзеі таго часу часта прыходзяць у снах, вярэдзяць душу. Бо шмат гора прыйшлося перажыць і ім, малым.


Сям’я Цярлецкіх перад вайной пражывала ў вёсцы Града. Бацькі звычайныя сяляне, якія працавалі ў калгасе. Пра напад фашыстаў на Савецкі Саюз даведаліся як і ўсе — праз паведамленне па радыё. А праз некаторы час з’явіліся і самі заваёўнікі і ў іх вёсцы. Насцярожана ставіліся сталыя і пажылыя жыхары да чужынцаў.  Толькі не яны, дзеці. Цікавасць перамагала боязь. Яны, хлапчукі, нават дзялілі немцаў на добрых і паганых.


— Тыя фрыцы, што нахабна ўрываліся ў хату і адбіралі ў людзей прадукты харчавання гвалтам, для нас былі злыя, а тых, што прасілі ў  людзей, мы лічылі добрымі, — успамінае Леанід Аляксандравіч. — Але гэта было толькі напачатку вайны, бо, як пераканаліся пазней, гітлераўцы аказаліся сапраўднымі звярамі.


Да 1943 года фашысты нячаста наведваліся ў Граду. Вёска знаходзілася ў партызанскай зоне. Атрады народных мсціўцаў на той час акрэплі і наносілі адчувальныя ўдары па захопніках. Начамі яны праходзілі праз Граду на чыгунку і шашу, каб праводзіць там дыверсіі. Мясцовыя жыхары дапамагалі народным мсціўцам: дзяліліся прадуктамі, былі праваднікамі, папярэджвалі аб небяспецы.


Як успамінае Леанід Аляксандравіч, так было да мая 1944 года.  Фашысты адступалі і за свае паражэнні на фронце спаганялі сваю злосць на мірным насельніцтве. Адна за другой палалі навакольныя вёскі Поўчын,  Доўгая Дуброва і іншыя. 


— Водблескі палаючых хат, асабліва па начах, добра было відаць і ў нашай вёсцы, — гаворыць пажылы чалавек.


У сярэдзіне мая карнікі дабраліся і да Грады, каб адпомсціць яе жыхарам за свае няўдачы на фронце, за сувязь з партызанамі.


— Людзі ў сваёй большасці хаваліся ў лесе. А напярэдадні ў  вёсцы пахавалі аж трох чалавек. Па адным з кожнай вуліцы. Двое з пакойнікаў мае браты – адзін родны, а другі стрыечны. Яны ноччу пасвілі коней і вырашылі паспаць, схаваліся ў сіласную яму, а яна абвалілася. Гэтыя смерці жыхары расцанілі як нейкі  абярэг, што немцы не крануць, не прыйдуць, і вёска застанецца цэлай. Таму і не пайшлі ў лес. А раніцай Граду акружылі гітлераўцы. Яны заходзілі ў хаты, выганялі людзей на вуліцу, забіралі дабро, а потым падпальвалі  жыллё. Жыхароў зганялі ў адно месца. Дзіўным  падалося,  што ўсе дамы ў вёсцы падпальваюць, а там, куды сагналі людзей, не паляць.


Здагадка прыйшла пазней, калі калону мясцовых жыхароў гналі ў напрамку Людзяневіч. Гэта ж спаліць людзей жывымі хацелі, таму і не кранулі тыя з паўдзесятка хат, — са слязамі на вачах гаворыць Леанід Аляксандравіч. — Але, відаць, перадумалі, не падпалілі. Толькі на гэтым нашы пакуты не скончыліся. Тых жыхароў, хто быў здаравейшы, на чыгуначнай станцыі нібы сабак пазаганялі ў вагоны і адправілі на катаргу. Напачатку знайшлі прытулак у суседніх вёсках, а потым збеглі ў лес. Жылі ў шалашах, галадалі. А потым прыйшлі нашы войскі. Гэта былі не тыя панурыя салдаты, якія адступалі ў 1941 годзе. Чырвонаармейцы ішлі з песнямі і музыкай, ва ўсю свяціла фарамі тэхніка. Такім запомнілася мне вызваленне. А потым працаваў у калгасе. Хаця якія мы, дзеці, былі памочнікі. Памятаю, мне даручылі рабіць нейкую працу канём. Ён, відаць, быў нямецкім. Наравісты такі быў, усё не даваў надзець на сябе хамут. Каб было зручней, я залез на агароджу, але конь матляў галавою. Са злосці хацеў даць гэтай фашысцкай сволачы па пысе, каб супакоіць, але прамазаў і папаў па ашчэраных  зубах. Усю руку да крыві разбіў. Вось такія мы былі памочнікі.


Пра той страшэнны час Леанід Аляксандравіч нядаўна склаў верш, які прапануем нашым чытачам у гэтым матэрыяле. Няхай вершаваны радок і не настолькі дасканалы, але напісаны ён ад душы, у ім усе тыя перажыванні дзіцяці,  а цяпер пажылога чалавека, які перажыў вайну.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.