Каб радзіла жыта,багацела жыццё!
У Пагосце на свята Юр’я наладзілі веснавы абрад “Карагод”, а таксама прайшоў фестываль фальклорных калектываў з Лельчыцкага, Петрыкаўскага і Любанскага раёнаў.
Напярэдадні свята пякуць вялiкi, упрыгожаны, як на вяселле, каравай, якi тут называюць, як i сам абрад, “карагод”, робяць для яго ўпрыгожання папяровыя кветкі, а дзяўчаты плятуць для сябе вяночкі з барвінку.
Раніцай 6 мая збіраюцца ў той жа хаце і ўпрыгожваюць хлеб-карагод (у яго ўторкваюць тры галінкі пладовага дрэва, якое ўжо расцвіло, разгалінаваныя на тры галінкі. Вечарам іх абкруцілі цестам і падпяклі, а раніцай упрыгожылі папяровымі кветкамі, стужкамі, квітнеючымі галінкамі пладовага дрэва пад спевы спецыяльна прымеркаванай абрадавай песні. Абрадавы хлеб-карагод кладуць на века ад дзежкі, пакрыўшы яго надзежнікам і пасыпаўшы ўніз зерне жыта…
Сёлета традыцыя паўтарылася ў такой жа дакладнасці, як і ў мінулыя гады. І частка абрадавых дзеянняў ладзілася ў хаце ўдзельніцы гурта “Міжрэчча” Г. Літвінка.
Ролю Ваяводы (звычайна, выконвае абраны і запрошаны з вечара самы паважаны ў вёсцы мужчына) цяпер гэтую ганаровую ролю выконваў старшыня Азяранскага сельвыканкама. Яму перадалі абрадавы хлеб-карагод, запалілі ўторкнутую ў карагод свечку і выйшлі з хаты. Шэсце пачыналі дзяўчаткі, якія няслі прыгожы вышываны ручнік.
Затым мясцовыя хлопцы няслі 5-прамянёвую зорку (рода-племянны знак), за ёй — абрадавы хлеб (яго нясе ваявода), потым нясуць зялёны фартух на граблях, следам — шэрагам, узяўшыся пад рукi, iдуць дзяўчаты, за iмi — хлопцы, а потым — усе, хто хоча паглядзець, як будуць карагодзiць на полi.
З карагодам праз усю вёску працэсія прайшла ў пэўным парадку да краю вёскі. Адтуль на аўтобусе дабраліся да поля, дзе найбліжэй пасеяна азіміна.
На поле прайшлі праз ручнік — кожная жанчына вяла за руку дзяўчынку. Тут былы кіраўнік “Міжрэчча”, старэйшына калектыву Кацярына Панчэня правяла малітоўнае асвячэнне поля з азімінай, аддае яму “даніну” (закапала лусту хлеба, упрыгожаную стужкай, у зямлю), а дзяўчаты разам з жанчынамi i бабулямi водзяць кругавы карагод, у сярэдзiне якога стаяць хлопцы і мужчыны з асноўнымi атрыбутамi абраду.
Гурт спявае:
“Ой, выйдзем на поле ды паклiчам Бога
Адмукнуць зямлiцу, выпусцiць расiцу” …
Кацярына Панчэня заклікае: “Ой, дай, Божа, на жыцечка i пшанiцу род, а на статачак плод! Дай людзям на здароўе! На полi — капамi, у гумне — стагамi, на таку — умалотам, у засеку — умольна, у дзяжы — падыходна, у печы — узросла, на стале — укройна!”
Гурт спявае:
“Ой, прыйшлi на поле дай папросiм Бога
Адмукнуць зямлiцу, выпусцiць расiцу.
Ой, памажы, Божа, Юр’я заклiкацi,
Юр’я заклiкацi, вясну заспявацi.
Юр’я, устань рано, паезджай у поле,
Адмукай зямлiцу, выпускай расiцу!”.
На цёплае лета, на буйное жыта,
На полi снапамi, да свiрна вазамi!
Тройчы на полі прамаўляецца: “Хрыстос уваскрос!”. Адказаўшы яму тройчы “Ваiсцiну васкрос!”, працягваюць вадзiць карагод, у сярэдзiне якога стаiць ваявода з абрадавым хлебам, музыка, хлопцы з корагамi, зоркай i граблямi. У гэты момант зялёны фартух К. Панчэня мяняе на чырвоны.
Павадзiўшы карагод, з поля выходзяць такiм жа парадкам, як i заходзiлi — праз “варотцы”, утвораныя з ручнiка…
На аўтобусе ўдзельнікі гурта дабраліся назад у вёску. І па вуліцах хадзілі з вясёлымi песнямi i музыкай, спыняючыся каля кожнай хаты i пытаючыся дазволу карагод павадзiць. Атрымаўшы дазвол, вадзілі той жа карагод, што i на полі. Жадаюць: каб быў на жыта род, на статак плод — людзям на здароўе. Усё адбываецца надзіва весела. Шматлікія фотажурналісты ўражаныя падзеяй – часта пстрыкаюць фотакамеры…
Пасля здзейсненага абраду гаспадары даюць падарункі-частаванкі. Тут гэта называюць Юр’еўскім валачобніцтвам.
Звычайна, пасля ў цэнтры вёскi каля клуба пачынаюцца гульнi, танцы, карагоды. Пачынаецца гэтая, гульнёвая частка свята, з традыцыйных карагодаў: “Проса”, “Дрэма”, “Бабуся”, “Рэпка”, аднак сёлета ў клубе ладзіўся фальклорны фестываль. Пра яго – распавядзём крыху ніжэй.
Дарэчы, у гэты дзень першы раз выганяюць кароў у поле — на юр’еву расу — з замовамi, магiчнымi ахоўнымi дзеямi. Карова — кармiлiца сям’i, яна ж забяспечвае ўрадлiвасць глебы. Раней на Тураўшчыне зямлю апрацоўвалi валамi — пра гэта сведчаць тэксты песень i такая этнаграфiчная рэч, як ярмо, што захоўваецца не толькi ў музеi, але i ў некаторых гаспадароў.
Я ж папрасіў спецыяліста па фальклору, куратара абраду “Тураўскі карагод” Рэгіну Гамзовіч, якая спецыяльна прыехала з Мінска, растлумачыць значэнне зялёнага i чырвонага колераў фартухоў. Як адзначыла фалькларыст, калi iдуць на поле, на граблях нясуць зялёны фартух, а калi з поля — чырвоны. Зялёны — сiмвал зялёнага жыта і дзявоцкасцi, цнатлiвасцi, а чырвоны — сiмвалiзаваў страту цнатлiвасцi. Гэта ў нейкай ступені прымушае думаць, што на Юр’я ў вельмi далёкiя часы адбывалiся паганскiя вяселлi. Прымеркаванасць карагода “А мы ніўку аралі” (тое самае, што “А мы проса сеялi”) да свята Юр’я з яго адлюстраваннем звычаю выкрадання нявесты можа таксама пацвердзiць такое меркаванне. Карагодныя гульні “Бабуся”, “А мы ніўку аралі” i “Пасеяў зяць рэпку” і іншыя выконваюць у цэнтры сяла пасля традыцыйнага абрадавага абыходу вёскi — таксама з вясельнай тэматыкi. На карысць выказанага меркавання можа быць i карагод (абрадавы хлеб, аналагiчны вясельнаму караваю).
Культ зямлi i хлеба, культ дахрысцiянскага бога Ярылы яўна праслежваецца ва ўсiх звычаях i абрадах гэтага дня, якiя трэба разглядаць у комплексе, пераканана Р. Гамзовіч. Аднак гэта вызначылі навукоўцы, разглядаючы абрад як вельмі архаічны, дахрысціянскі. Самі ж захавальнікі абраду — праваслаўныя хрысціяне, яны просяць Бога спачатку ў храме, а потым звычайна са святаром і на полі, каб даў добры ўраджай людзям на здароўе. Дык няхай абрад дапамагае гэтаму!
Фестываль фальклорных традыцый
У межах абрадавага свята “Юр’еўскі карагод” у Пагосце ўпершыню прайшоў фестываль фальклорных традыцый. Да нас у госці завіталі народны фальклорна-этнаграфічны калектыў “Спадчына” з Курыціцкага СДК Петрыкаўскага раёна, народны аўтэнтычны фальклорны гурт “Журавушка” Ямінскага СДК Любанскага раёна (калектыў мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці), а таксама заслужаны аматарскі калектыў Беларусі “Журавінка” Слабадскога СДК і народны фальклорны калектыў “Палескія напевы” Новапалескага сельскага клуба Лельчыцкага раёна. З жыткавіцкіх калектываў у фальклорным свяце прынялі ўдзел народны фальклорна-этнаграфічны калектыў “Веціца” Старажавецкага сельскага клуба і народны фальклорна-этнаграфічны калектыў “Спасаўка” Чэрніцкага сельскага клуба-бібліятэкі. Гаспадарамі фестывалю з’яўляліся ўдзельнікі народнага фальклорна-этнаграфічнага гурта “Міжрэчча”.
Два калектывы з Лельчыцкага раёна на пагосцкай сцэне паказалі гледачам свой юраўскі абрад і выканалі адметныя аўтэнтычныя песні, што распаўсюджаны ў іх мясцовасці. Гэтыя выступленні прызнаны найболей удалымі, запамінальнымі і адпавядаючымі духоўнай спадчыне палескага рэгіёна, як адзначылі спецыялісты абласнога цэнтра народнай творчасці. Яны ж адзначылі высокі ўзровень выступленняў практычна ўсіх калектываў, якія выконвалі песенныя творы.
Па выніках фестывалю яго ўдзельнікі адзначаны памятнымі дыпломамі за прапаганду фальклорных традыцый нашай зямлі.
У. Мікалаеў.