Скіраваць вытворчасць да поспеху

Па гэтым прынцыпе ўжо не адзін год працуе калектыў ААТ “Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод”. Як складваюцца справы ў прадпрыемства зараз, знаёміць карэспандэнтаў яго кіраўнік Віктар Кур’яновіч пачаў з дэманстрацыі нядаўна атрыманай узнагароды.


— Вось яна, ацэнка нашай мінулагодняй дзейнасці, — падвёў нас Віктар Уладзіміравіч да вывешанага навідавоку ў прыёмнай дыплома, які сведчыў аб занясенні прадпрыемства на абласную Дошку гонару па выніках мінулагодняй дзейнасці. — Дарэчы, гэта наш другі поспех, калі завод атрымлівае такое высокае прызнанне ў вобласці.  Назва прадпрыемства заносілася на абласную Дошку гонару ў 2007 годзе. Зараз зноў вярнуліся.


Разам з тым на жыткавіцкім маторабудаўнічым заводзе чакаюць пацвярджэння на яшчэ адну важкую ўзнагароду за сваю працу летась. Калектыў ужо ведае пра Указ Прэзідэнта рэспублікі Беларусь № 177 ад 30 красавіка бягучага года “Аб занясенні на Рэспубліканскую дошку гонару пераможцаў саперніцтва за 2010 год і 2006-2010 гады”. У ім значыцца, што сярод іншых, прычым даволі буйных і вядомых прадпрыемстваў краіны адкрытае акцыянернае таварыства “Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод” прызнана пераможцам саперніцтва (другое месца) і занесена на рэспубліканскую Дошку гонару за дасягненні ў 2010 годзе найлепшых вынікаў па выкананню асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця.


За адзін год атрымаць адразу два такіх прызнанні любы працоўны калектыў можа лічыць за гонар для сябе. Тым больш што на рэспубліканскую дошку гонару назва прадпрыемства з нашага раёна заносіцца ўпершыню ў гісторыі. Гэтыя дасягненні завадчан у нейкай ступені зусім не стасуюцца з тымі водгукамі, якія даводзіцца чуць ад людзей апошнім часам.  Нібыта там і заробкі мізэрныя, з-за чаго рабочыя звальняюцца ледзь не масава, ды і ўвогуле таварыства хутчэй дажывае свае апошнія дні, чым развіваецца.


— Канечне, абыходзіцца не без праблем, — зазначае Віктар Уладзіміравіч. — Але ў каго, хто працуе, іх сёння няма. Не ўсё ж залежыць ад нас: з’яўляюцца збоі ў партнёраў, яны  абавязкова нейкім чынам закранаюць і нашу вытворчасць. Наш пастаянны партнёр маскоўскае аб’яднанне “Салют” знізіла колькасць заказаў на прадпрыемстве, як вынік у пачатку года ў нас знізіўся паказчык па экспарту. Дэталі для авіяцыйнай прамысловасці займаюць у ім асноўную долю. Вось і праблема, якую патрэбна вырашаць кіраўніцтву завода.


Зрабіўшы акцэнт на гэтым, кіраўнік ЖМЗ прапанаваў самім адчуць цяперашні рабочы рытм прадпрыемства, проста прайсціся і паглядзець на вытворчасць. На сённяшні дзень самы буйны з іх цэх нумар сем. Туды і накіраваліся. Хто ж лепей чым самі рабочыя ацэняць сваё становішча.


— На заводзе працую дзесяць гадоў, —  расказвае токар Мікалай Чэчка. — Прыйшоў сюды вучнем, асвоіў спецыяльнасць. Цяпер працую самастойна. Работы хапае, а значыць, і зарабіць можна добра. Акрамя асноўнай аплаты, кожны завадчанін мае дадатковыя сацыяльныя гарантыі. Прадпрыемства кампенсуе часткова затраты на харчаванне ў сталовай, аплачвае праязныя білеты, аказвае дапамогу па пасадцы і апрацоўцы ўчасткаў і іншае. Умовы для працы таксама паляпшаюцца. Праведзены рамонты ў сталовай, бытавых пакоях, цэхі ацяпляюцца. Застаецца толькі сумленна працаваць. А атрыманыя нядаўна намі ўзнагароды накладваюць на кожнага яшчэ большай адказнасці.


Думаецца, так выкажацца не адзін працаўнік прадпрыемства.


Перамены ў наведаным структурным падраздзяленні завода адразу кідаюцца ў вочы. Найперш,  на вытворчых пляцоўках замест старога абсталявання ўстаноўлена вялікая колькасць сучасных станкоў з лічбавым праграмным забеспячэннем, якія могуць выконваць адразу па некалькі тэхналагічных аперацый.  Плюсы гэтай тэхнічнай эвалюцыі  можна было ацаніць, паназіраўшы за працай маладой работніцы Антаніны Сінгаеўскай.  Дзяўчына адна ўпэўнена спраўлялася адразу з двума станкамі. Раней не меней паўдзясятка чалавек ды станкоў розных патрабавалася, каб выканаць такі аб’ём работы, з якім спраўляецца цяпер на новым абсталяванні Антаніна. Перавагі відавочныя: павялічваецца прадукцыйнасць працы, зніжаецца спажыванне электраэнергіі, паляпшаецца якасць прадукцыі і гэтак далей. Ды і рабочых патрабуецца меней. На ЖМЗ не хаваюць праблемы кадраў. Па словах спецыялістаў, яны тут запатрабаваны. Аб’ёмы вытворчасці павялічваюцца. Таму даводзіцца калектыву, каб іх выканаць, і ў дзве змены працаваць, і па выхадных выходзіць.


Вынік інвестыцыйнай палітыкі, што праводзілася на прадпрыемстве ў апошнія гады, дае станоўчы плён. Для прыкладу, пачынаючы з 2008 года інвестыцыйныя ўкладанні на абнаўленне вытворчасці на ЖМЗ складалі ад трох з паловай да чатырох мільярдаў рублёў штогадова. Дарэчы, мінулы год стаў у гэтай дзейнасці своеасаблівым рэкардсменам. Па словах дырэктара, каб выканаць летась даведзены паказчык па інвестыцыях, калектыву завода прыйшлося напружана працаваць нават трыццатага і трыццаць першага снежня.


Станоўча адбіваецца гэтая дзейнасць і на аб’ёмах вытворчасці. У 2000 годзе прадпрыемствам выпускалася прадукцыі толькі на 2287 мільёнаў рублёў. У 2008 годзе гэты паказчык склаў ужо 26302 мільёны рублёў, у 2009 ( год крызісу) – 19266 мільёнаў рублёў, у мінулым – 24889 мільёнаў рублёў. Дарэчы, летась калектыў жыткавіцкіх маторабудаўнікоў выканаў усе даведзеныя яму паказчыкі, а самае галоўнае павялічыў прыбытак у дзесяць разоў.


 Сёлета на абнаўленне вытворчасці плануецца патраціць больш трох мільярдаў рублёў. Адзін сучасны станок ужо набыты, яшчэ два паступяць на прадпрыемства ў бліжэйшыя месяцы. Прычым завадчане ў развіццё вытворчасці ўкладваюць самастойна заробленыя грошы.


— Так, маглі б пусціць іх на павышэнне заробкаў працаўнікам, — разважае Віктар Уладзіміравіч. — А што далей? Тупік. На старым абсталяванні цяпер доўга вытрымаць у канкурэнтнай барацьбе вельмі складана. А нашы сапернікі таксама не стаяць на месцы. У чым пераканаўся асабіста.


Нядаўна спецыялісты ЖМЗ з рабочай паездкай наведалі адзін з заводаў, які таксама займаецца вытворчасцю шасцярончатых помпаў, у Кіраваградзе ва Украіне.


— Вывучалі, як ідуць у іх справы, даволі дэталёва. І перанялі для сябе нямала карыснага, што плануем укараніць на сваёй вытворчасці, — распавядае кіраўнік. — Нам ёсць да чаго яшчэ імкнуцца. Хаця зазначу, што нягледзячы на розныя паслабленні і льготы, якія маюць  канкурэнты, наша прадукцыя не намнога даражэйшая за іхнюю. Гэта я вяду да таго, што ўкладзеныя ў вытворчасць грошы даюць належны плён, і патрачаны яны з карысцю. І справу гэтую патрэбна працягваць, бо толькі дзякуючы сучасным тэхналогіям цяпер можна ўтрымацца на рынку са сваёй прадукцыяй.


Цэнавы фактар завадчане перакрываюць якаснымі параметрамі сваёй прадукцыі. Вось некаторыя лічбы. З пастаўленых 14 тысяч помпаў на трактарны завод за першы квартал бягучага года спажыўцы не забракавалі ніводнага вырабу. Так і на іншых прадпрыемствах, якім пастаўляюць сваю прадукцыю жыткавіцкія маторабудаўнікі.


Новы год ставіць і новыя задачы. Асноўная з іх — гэта рост вытворчасці прадукцыі. Але рост не проста колькасны, а з улікам эканамічных састаўных: рэнтабельнасці і прыбытковасці. Кіраўніцтва ўпэўнена, што і год бягучы будзе таксама паспяховым. Рэцэпты для гэтага ўжо выпрацаваны, як маюцца і новыя задумкі, а працаўнікоў, якія здольны іх рэалізаваць, на ЖМЗ дастаткова.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.