Ёсць над чым працаваць
З пачаткам вясны ў населеных пунктах раёна праводзіцца шмат мерапрыемстваў па добраўпарадкаванню і навядзенню належнага санітарнага парадку на іх тэрыторыях. І, як паказвае практыка, зроблена ў гэтым плане не так і мала.
Асабліва плённа папрацавалі жыхары райцэнтра і іншых населеных пунктаў падчас суботніка: ачысцілі ад смецця ўсе прылягаючыя да горада і аўтамабільных дарог лясныя масівы, пасаджана больш ста дрэўцаў, праведзена санітарная высечка кустарнікаў. У адпаведнасці з пунктам 26 раённага плана мерапрыемстваў дадаткова створаны тры дэкаратыўныя кампазіцыі “альпійскія горкі” ў Жыткавічах. Праведзена і добраўпарадкаванне сквера “500 гадоў г. Жыткавічам” і дзіцячай гульнявой пляцоўкі, якая размешчана ў мікрараёне Азёрны – пакладзены асфальтаваныя дарожкі, устаноўлены лаўкі. У рамках суботніка навялі парадак на сваіх вытворчых тэрыторыях і работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, устаноў горада.
Папрацавалі па добраўпарадкаванню на замацаваных вуліцах работнікі аўтапрадпрыемства №16, раённага камбіната бытавога абслугоўвання, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Яны пабялілі слупы на вуліцах 50 год ВЛКСМ, Берагавога, Першамайскай, Чарняхоўскага. Сіламі КУП “Жыткавіцкі камунальнік” праведзена абнаўляючая афарбоўка скрынак для смецця, якія ўстаноўлены на ажыўленых вуліцах. Пачалі работнікі прадпрыемства і разбіўку дадатковых клумбаў па вуліцах Сацыялістычная і К. Маркса.
У выніку чарговага назірання за санітарным станам горада, якое правялі нядаўна супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, устаноўлена, што не ўсе прадпрыемствы прымаюць вычарпальныя меры, каб палепшыць санітарны стан нашага горада. Вось, напрыклад, некаторыя хібы, якія выявілі падчас рэйда: не праведзена пабелка слупоў і дрэваў па вуліцах Сацыялістычная, К.Маркаса (ад рэстарана “Белая Русь”, Камсамольская, Энгельса, Чкалава, Пралетарская, Фрунзе). Патрабуецца правядзенне абнаўляючай афарбоўкі клумбы па вуліцах Энгельса, Сацыялістычная. Не поўнасцю праведзена пабелка дрэў у мікрараёне Азёрны. Недастаткова надаецца ўвагі добраўпарадкаванню тэрыторыі ля дзіцячага садзіка № 5. Тут патрэбна правесці рамонт пешаходных дарожак. Па жылых мікрараёнах райцэнтра не рэгулярна праводзіцца ачыстка бардзюраў і пешаходных зон ад пяску. На жаль, маюцца праблемы з навядзеннем належнага парадку арганізацыямі і прадпрыемствамі на замацаваных за імі вуліцах. Аналіз работы па добраўпарадкаванню паказвае, што робіцца ў гэтым плане нямала, але яшчэ ёсць і над чым працаваць.
В.Чопчыц, Н. Гаўрыленка, памочнікі ўрача-гігіеніста ўстановы “Жыткавіцкі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”.