ЖМЗ – у ліку лепшых

Прэзідэнт Беларусі сваім указам вызначыў пераможцаў спаборніцтваў за 2010 год і 2006-2010 годы для занясення на Рэспубліканскую Дошку гонару.


У ганаровым спіску прадстаўлены адзін працоўны калектыў жыткаўшчыны. У выкананні асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця пераможцам вызначаны сярод прамысловых арганізацый і арганізацый паліўна-энергетычнага комплексу ААТ «Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод», які заняў другое месца.


Калектыў Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода занесены і на абласную дошку гонару. Сярод прамысловых прадпрыемстваў ён знаходзіцца ў кампаніі такіх гігантаў як Гомсельмаш і Рэчыцкі метызны завод.


Дабіцца перамогі па выніках мінулага няпростага ў эканамічных адносінах года было складана, але прадпрыемству ўсё ж удалося выканаць абсалютна ўсе даведзеныя Міністэрствам прамысловасці паказчыкі. Самымі значнымі з іх дырэктар завода Віктар Кур’яновіч лічыць інвестыцыі і прыбытак. За мінулы год у развіццё прадпрыемства было ўкладзена звыш 4 млрд. рублёў, а прыбытак павялічыўся больш чым у 10 разоў. Гэта сур’ёзныя параметры, па якіх можна меркаваць, што прадпрыемства жыве і развіваецца, набывае абсталяванне, мае перспектыву, а значыць і стабільнасць.


Перамога нашага завода выглядае яшчэ больш важкай, калі ўлічыць, што ў глыбінцы ў адрозненне ад вялікіх гарадоў аб’ектыўна адчуваецца недахоп кваліфікаваных кадраў. Між тым, спыняцца на дасягнутым завод не збіраецца. У першым квартале прадпрыемства спрацавала не горш, чым летась, а па паўгоддзю плануе шэраг сваіх пазіцый палепшыць. Рэспубліканская і абласная дошкі гонару толькі чарговая прыступка да поспеху.


Ул. інф.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.