Калі хочаш быць урачом…

З дзяцінства мару пра прафесію медыка, хачу стаць урачом-педыятрам. Скажыце, калі ласка, ці можна пры паступленні ў медуніверсітэт заручыцца падтрымкаю нашай раённай бальніцы – узяць накіраванне на вучобу.


Вольга Карповіч, г. Жыткавічы.


Так, Вольга, такая магчымасць у вас ёсць. Як паведаміў галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Мікалай Бабенка, сёлета для жыхароў Гомельскай вобласці выдзелена 111 месцаў для мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай медыцынскай адукацыяй: у гомельскім медуніверсітэце 46 (40 месцаў на лячэбную справу, 6 – медыка-дыягнастычную справу); Мінскім – 27 (10 – лячэбная справа, 7 – педыятрычны факультэт, 3 — медыка-прафілактычны і 7 – фармацэўтычны); у Віцебскі – 25 (13 – лячэбная справа, 2 – стаматалагічны факультэт, 10 – фармацэўтычны); у Гродзенскі медуніверсітэт выдзелена 13 мэтавых месцаў (5 – лячэбная справа, 5 — педыятрыя, 3 – медыка-псіхалагічная справа).


Колькасць заяў, падаваемых для ўдзелу ў конкурсе на мэтавыя месцы, не абмежавана. Абітурыенты павінны пражываць на радыяцыйна забруджанай тэрыторыі, у населеных пунктах з колькасцю да 20 тысяч чалавек  альбо ў сельскіх населеных пунктах. Пад гэтую ўмову, як бачым, падпадае ўвесь наш раён, у тым ліку і Жыткавічы.


Прэтэндэнты на мэтавыя месцы павінны мець у атэстаце аб адукацыі па біялогіі і хіміі не ніжэй за шэсць балаў.


Трохбаковыя дагаворы на вучобу па накіраванню заключаюцца ў абласным упраўленні аховы здароўя, а таксама ў Брагінскай, Буда-Кашалёўскай, Веткаўскай, Добрушскай, Кармянскай, Нараўлянскай і Чачэрскай раённых бальніцах з 13 чэрвеня і да апошняга дня прыёму дакументаў у вышэйшыя медыцынскія ўстановы.


Калі вам, Вольга, пашчасціць атрымаць мэтавае месца, то пасля заканчэння медуніверсітэта вам неабходна будзе адпрацаваць па накіраванню пяць гадоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.