Уладзіміру Гаўрыловічу ўручана міжнародная прэмія Баяна
Беларускі празаік і публіцыст з палескай глыбінкі Уладзімір Гаўрыловіч узнагароджаны прэстыжнай Міжнароднай літаратурнай прэміяй імя старажытнарускага песнятворцы Баяна. Гэтую ўзнагароду ён атрымаў на свяце славянскай пісьменнасці і культуры «На зямлі Баяна», якое праходзіла 28-29 мая ў старажытным Трубчэўску (Бранская вобласць, Расійская федэрацыя).
Уладзімір Гаўрыловіч вялікую ўвагу ў сваіх мастацкіх і публіцыстычных творах скіроўвае на захаванне адзінай духоўнай прасторы славянскага свету. А яшчэ шмат увагі ў дзейнасці кіраўніка Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання Саюза пісьменнікаў Беларусі ўдзяляе прапагандзе літаратурных дасягненняў братэрскіх славянскіх народаў, прыкладае нямала намаганняў дзеля арганізацыі творчых сустрэч паэтаў і пісьменнікаў Беларусі, Украіны і Расіі, накіраваных на ўмацаванне творчых сувязяў паміж пісьменнікамі прымежных рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
На Гомельшчыне па ініцыятыве пісьменніка заснавана Міжнародная літаратурная прэмія імя Кірылы Тураўскага, якой штогод узнагароджваюцца дзеячы культуры і літаратуры суседніх дзяржаў, праводзяцца святы “Славянскія літаратурныя дажынкі”, выпускаецца літаратурны альманах, у якім змяшчаюцца творы пісьменнікаў з братэрскіх краін. Прэстыжная прэмія, заснаваная яшчэ за савецкім часам у 1986 годзе Саюзам пісьменнікаў Расіі,Фондам культуры Украіны, аб’яднаннем «Белая Русь», Саветам губернатараў прымежных гарадоў і абласцей Расіі, Украіны і Беларусі, і цяпер аргкамітэтам міжрэгіянальнага свята прысуджаецца за творы, якія нясуць святло славянскай духоўнасці, што сыходзяць каранямі ў славянскую міфалогію і фальклор і сцвярджаюць ідэі сяброўства і братэрства славянскіх народаў. Разам з нашым земляком міжнародную прэмію Баяна атрымалі сустаршыня саюза пісьменнікаў Расіі празаік Мікалай Іваноў, старшыня Міжнароднага саюза пісьменнікаў і дзеячаў мастацтваў паэт Анатоль Міроненка (Украіна) (на здымку на 1-й стар.).
У творчым форуме на зямлі быліннага Баяна прымалі ўдзел і іншыя гомельскія майстры слова, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Штогадовае свята, што ладзілася 26 раз, сабрала творчыя калектывы, а таксама пісьменнікаў з прымежных рэгіёнаў Беларусі, Расіі і Украіны.
Соб. инф.