Даніна павагі героям
“Мы небяспамятныя!” – заявілі жыткаўчане ў Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. 22 чэрвеня ў райцэнтры ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка памяці падпольшчыкам і ўшанавана памяць загінуўшых землякоў на мітынгу-рэквіеме.
“Вайна – самае жудаснае, што было ў нашых жыццях! Не дай Бог нашым дзецям, унукам і праўнукам перажыць такое! Няхай жыццё ў нашай Беларусі, якая хутка адзначыць самае вялікае свята – Дзень Незалежнасці, будзе толькі мірным і светлым!..” Такія выказванні ветэранаў вайны, ды і тых, каго закранула чорным крылом тая страшная вайна, даводзіцца чуць часта.
Так, вайна яшчэ баліць беларусам. Нават праз 70 гадоў пасля пачатку яе пакуль жывыя сведкі заклікаюць нас берагчы мір і мірнае жыццё, аддаваць даніну павагі тым, хто абараніў свет ад карычневай чумы фашызму, хто даў магчымасць беларусам мець сваю зямлю, сваю краіну, свой лад жыцця. Гэты заклік да павагі і захавання памяці прагучаў днямі ў Жыткавічах з асаблівай сілай і пачуццямі. Бо былі ўзняты з нашай глыбіннай памяці імёны сапраўдных герояў, што набліжалі мірную сонечную раніцу 1945-га, хто супрацьстаяў ненавіснаму ворагу, які хацеў адабраць у нас само жыццё і нашу прыгожую сінявокую Радзіму.
У Жыткавічах, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, прайшлі дзве важныя падзеі. Значныя. У пэўнай ступені велічныя па духу і яднанню нашых агульных пачуццяў, звязаных з памяццю аб суровых падзеях вайны.
Першая – на будынку чыгуначнага вакзала ўсталявана і адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар падпольных райкамаў камуністычнай партыі Беларусі і Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі, патрыятычных груп падпольшчыкаў Ермалая Яўфімавіча Горава, Лаўрэна Савельевіча Галавача, Мікіты Фядосавіча Бандзюка.
У памятнай урачыстасці прымалі ўдзел ветэраны Вялікай Айчыннай, прадстаўнікі раённай улады, грамадскасці, працоўных калектываў раённага цэнтра. Да жыткаўчан з прывітальным словам звярнуліся старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора і кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Адам Купрацэвіч. яны падкрэслілі, што трывалае выслоўе “Ніхто не забыты, нішто не забыта” мае праўдзівае дапаўненне, бо адкрыццём мемарыяльнай дошкі мы аднавілі яшчэ адну важную і праўдзівую старонку, якая сведчыць аб мужнасці беларускага народа ў супрацьстаянні ненавіснаму ворагу ў гады вайны. Гучаў зварот да ветэранаў мацаваць сваё здароўе, а маладым – памятаць подзвіг землякоў, дзедаў і прадзедаў, бо менавіта гэты подзвіг для ўсіх пакаленняў беларусаў павінен стаць цэментуючым фундаментам яднання, захавання дзяржаўнасці і нацыянальнага суверэнітэту.
Кіраўнік раёна і ветэранскай арганізацыі здымаюць лёгкую блакітную тканіну з памятнай дошкі, ушаноўваюць памяць герояў-падпольшчыкаў, а на вачах многіх ветэранаў і ўдзельнікаў урачыстасці з’яўляюцца слёзы. Да памятнай дошкі ўскладзены кветкі – сімвалы міру і шчасця…
А ў 16 гадзін дня ля помніка воінам Чырвонай Арміі і партызанам адбыўся мітынг-рэквіем, у якім бралі ўдзел ветэраны вайны і працаўнікі тылу, прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, грамадскіх арганізацый, духавенства, праваахоўных органаў. Мітынг-рэквіем прысвячаўся 70-й гадавіне пачатку вайны 1941-1945 гадоў.
“Гэта найцяжэйшае выпрабаванне ў гісторыі народаў шматнацыянальнай савецкай дзяржавы, якое яны вытрымалі з гонарам… Трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны не павінны паўтарыцца!” – такая выснова гучала ў зваротах старшыні раённага Савета дэпутатаў Ніны Рамановіч і ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл Беларусі Мікалая Козіка.
Сіняе неба ўзарвалі мірныя выстралы, дзеля ўмацавання міру без войнаў прагучалі пранікнёныя паэтычныя радкі, выкананы музычныя нумары, загінуўшыя ўшанаваны хвілінай маўчання і да падножжа помніка ўскладзены вянкі, расквечаныя гірлянды і жывыя кветкі…
Што ж, так і павінна быць заўсёды, бо Вялікая Перамога – адна з галоўных гістарычных падзей, найважнейшая духоўная каштоўнасць, найгалоўнейшы арыенцір для моладзі будаваць моцную і незалежную, шчаслівую Беларусь.
У. Гаўрыловіч.
Фота В. Кіжнёва.