Кожная справа патрабуе адказнасці
Апаратную нараду правёў у панядзелак першы намеснік старшыні райвыканкама А. Наўныка. Разгледжаны актуальныя пытанні жыццядзейнасці раёна.
Напачатку нарады звярталася ўвага на вынікі прайшоўшых мерапрыемстваў за мінулы тыдзень. Як адзначыў начальнік аддзела па справах моладзі Д. Гаўрылаў, добрай ацэнкі заслугоўвае правядзенне абласнога турыстычнага злёту падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў ІДН. 25 каманд з усёй вобласці прыняло ў ім удзел, перамогу падзялілі між сабой Нараўлянскі, Лельчыцкі і Гомельскі раёны.
Падвор’е Жыткаўшчыны было прадстаўлена на свяце ў Шклоўскім раёне “Александрыя збірае сяброў”; яно прыйшлося даспадобы мясцовым жыхарам і наведвальнікам, адзначыў начальнік аддзела культуры С. Агіевіч.
Далей на нарадзе быў зроблены аналіз праведзенай работы ў раёне па добраўпарадкаванню і навядзенню санітарнага парадку. Як адзначыў кіраўнік справамі райвыканкама А. Палтаран, за тыдзень на парушальнікаў складзена 23 пратаколы і 252 прадпісанні. На месцах вядзецца недастатковая работа ў гэтым накірунку, трэба працаваць больш актыўна і аператыўна, у тым ліку ў райцэнтры, адзначыў А. Наўныка.
На апаратнай нарадзе паказаны відэакадры аб негатыўных момантах па навядзенню парадку ў г. Жыткавічы і Рычоўскім сельскім Савеце.
А. Наўныка запатрабаваў ад кантралюючых службаў прымаць устаноўленыя заканадаўствам меры ўздзеяння да парушальнікаў, а таксама праз тыдзень зрабіць відэаінфармацыю аб выпраўленні сітуацыі па тых выпадках, якія былі паказаны на нарадзе. Трэба дасягаць паляпшэння выніковасці ў гэтай працы, бо без выніку рэальнага руху наперад не будзе, канстатаваў першы намеснік старшыні райвыканкама.
У цэнтры ўвагі апаратнай нарады былі пытанні дзейнасці пункта грамадскага правапарадку ў Рычоўскім сельвыканкаме. Гэтая работа прызнана недастатковай.
За мінулы тыдзень надзвычайных сітуацый у раёне не адбылося. 88 домаўладанняў наведалі назіральныя камісіі гарсельвыканкамаў. Адзначалася высокая выніковасць іх працы.
174 заявы і паведамленні паступілі ў РАУС, узбуджана 15 крымінальных спраў, раскрыта 12. узбуджана 4 крымінальныя справы па невыплатах аліментаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей. У нецвярозым стане затрымана 7 вадзіцеляў, прыцягнуты да адказнасці 12 пешаходаў, якія парушылі правілы дарожнага руху. Зарэгістраваны рост сямейных скандалаў, іх зарэгістравана 21, адзначыў начальнік РАУС М. Рагачоў.
У цэнтры ўвагі былі пытанні эканамічнага і сацыяльнага характару, у тым ліку выканання прагнозных паказчыкаў, дастаўкі абавязаных асоб да месцаў працы, прыцягненні замежных інвестыцый, выканання праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся.
Спад вытворчасці малака, як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі А. Санюк, што назіраецца ў КСУПах “Коленскае”, “Марохараўскі” і “Дзякавічы”, адбываецца па прычыне адсутнасці дысцыпліны кадраў, у тым ліку сярэдняга звяна і галоўных спецыялістаў. Тэма п’янства жывёлаводаў, асабліва ў першыя дні пасля атрымання заробку, не можа не хваляваць. Кіраўніцтву сельгаспрадпрыемстваў, як адзначалася, трэба прымаць усе належныя меры, каб не дапускаць спаду вытворчасці.
На наступным тыдні на базе адной з гаспадарак жыткавіцкай зоны будуць праведзены раённыя зажынкі – такое рашэнне было прынята на аператыўнай нарадзе.
У цэнтры ўвагі былі пытанні падрыхтоўкі камунальнай сферы да працы ў асенне-зімніх умовах, у тым ліку вядзення рамонтных работ. Як адзначалася на бягучым тыдні на возеры Белае пройдзе абласны турыстычны злёт сярод раённых камунальных службаў.
На нарадзе ішла размова аб завяршэнні будаўніцтва сацыяльна значных аб’ектаў, такіх як Хільчыцкая сярэдняя агульнаадукацыйная школа, якая сёлета павінна быць здадзена ў эксплуатацыю. з мэтай кантролю за ходам будаўніцтва раён наведаў намеснік старшыні аблвыканкама У. Надтачаеў.
Разгледжаны і іншыя актуальныя пытанні жыццядзейнасці раёна.
Напрыканцы нарады першы намеснік старшыні райвыканкама А. Наўныка звярнуў асаблівую ўвагу кіраўнікоў сельвыканкамаў на навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне населеных пунктаў.
Па матэрыялах райвыканкама.