Асвойваць армейскую навуку
Бурна, эмацыянальна прайшла чарговая адпраўка ў войска прызыўнікоў з нашага раёна.
…Згодна папярэдне выдадзеных павестак, юнакі з кампаніямі сяброў і родзічаў прыбылі ў райваенкамат а пятай раніцы. Адразу ж будучых салдат накіроўвалі ў актавую залу камісарыята для праходжання апошняга медагляду і канчатковага афармлення дакументаў. Пакуль ішлі гэтыя працэдуры, удалося пагутарыць з ваенным камісарам Мікалаем Акунцом аб асаблівасцях бягучага прызыву. Іх нямала. Як адзначыў Мікалай Барысавіч, зараз хлопцы накіроўваюцца на камплектаванне ўнутраных войскаў і спецыяльнага прызначэння, а таксама пагранічнай службы. Усе астатнія вайсковыя злучэнні будуць папаўняцца ў лістападзе. Прычына тут адна: па законе аб вайсковай службе многія хлопцы, якія скончылі сярэднія і сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы, атрымалі адтэрміноўкі для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Шанц для паступлення даецца па законе кожнаму юнаку. Але не гэта найперш турбуе ваеннага камісара раёна.
— Падчас гэтай прызыўной кампаніі для папаўнення вышэйназваных вайсковых злучэнняў Жыткаўшчыне даведзены нарад прыкладна ў дваццаць чалавек, — расказвае Мікалай Барысавіч. – На жаль, даводзіцца канстатаваць, што нават і такую невялікую колькасць па выніках прызыву не ўдалося набраць.
Пра адну з прычын гаварылася вышэй – вялікая колькасць адтэрміновак. Яшчэ варта адзначыць, што апошнім часам намнога ўзраслі патрабаванні да навабранцаў, якімі папаўняюцца элітныя часці. А зараз налічваецца нямала прызыўнікоў, якія маюць праблемы са здароўем. Хаця летні прызыў закончыцца напрыканцы ліпеня, а з прыведзеных лічбаў Мікалаем Акунцом бачна, што годнымі да службы па стану здароўя прызнаны толькі 20 працэнтаў. Таму і атрымліваюць хлопцы па гэтай прычыне адтэрміноўкі, каб падлячыцца, больш глыбока прайсці абследаванні ў спецыялізаваных лячэбных установах Ужо ў верасні-лістападзе падчас праходжання чарговага медагляду будзе ясна, як яны скарысталіся гэтым тэрмінам. Па словах ваеннага камісара, юнакі ў ваенкамаце толькі і даведваюцца пра свае хваробы, а да гэтага ніяк не клапоцяцца пра сваё здароўе. Ды і бацькі таксама ў сваёй большасці мала цікавяцца здароўем сыноў.
Адмоўна сказваецца на выніках прызыву і пастаянны рост так званых укланістаў, хлопцаў, якія ігнаруюць прызыўныя мерапрыемствы. Толькі па выніках зімняга прызыву шэсць укланістаў пакараны. Ды і зараз такія маюцца, хаця супрацоўнікі райваенкамата многім уручылі павесткі асабіста.
— Калі не з’явяцца да канца прызыву, будзем прымаць самыя жорсткія меры, перададзім справы ў пракуратуру, — катэгарычна заяўляе Мікалай Барысавіч. — Кожны павінен несці адказнасць за парушэнне законаў.
Але гэта не пра тых 14 юнакоў, што сабраліся ў актавай зале ваенкамата. Яны з ахвотай ідуць на службу. Ва ўсякім разе так выказаўся навабранец з райцэнтра Вадзім Паўчанец.
Яму выпала праходзіць службу ў часці спецыяльнага прызначэння. Хлопец лічыць гэта для сябе за вялікі гонар.
— Служыць заўсёды хацеў, але так атрымалася, што вучыўся ў тэхнікуме і атрымліваў адтэрміноўкі. А вось зараз выпала і мне выканаць грамадзянскі абавязак, — расказвае Вадзім. — Канечне, думаў, што атрымаецца праходзіць службу ў Гомелі, але і Мінск таксама не горшы выпадак. Увогуле, планую, калі ў мяне ўсё добра складзецца, застацца на кантракце. Не — буду давучвацца ва ўніверсітэце, дзе завочна закончыў першы курс.
Памятае Вадзім і той наказ, што далі яму бацькі: стаць добрым салдатам, не зганьбіць гонар сям’і. Ды і сябрукі, якія прайшлі армейскую навуку, падбадзёрылі на дарогу, каб не палохаўся, цяжкасці будуць толькі на першым часе, а там прывыкаецца.
Уважліва выслухалі хлопцы і наказ ваеннага камісара, які пажадаў усім добрай службы, даў некалькі карысных парад на будучае.
А потым па традыцыі перад пасадкай у аўтобус юнакам дазволілі развітацца са сваімі блізкімі, якія вялікім натоўпам стаялі ля ваеннага камісарыята. Развітанне было настолькі цёплым, што хлопцы ніяк не хацелі адыходзіць ад родных ім людзей. Але яны ўжо салдаты і, хаця яшчэ па цывільнаму апранутыя, падпарадкоўваюцца камандзе: ”На пасадку!” Аднак пачуцці настолькі моцныя, і так кіпяць, што многія ціснуцца да акна, каб памахаць рукой радні. Пад яе адабральныя воклічы хлопцы кіруюцца на службу. А бацькі сустрэнуцца са сваімі салдатамі ўжо на прысязе.
С. МІКАЛАЕЎ.