На парозе новага навучальнага года
Пахам свежай фарбы, белізною столяў і гукамі працуючай дрэлі сустракаюць у гэтыя дні гулкія школьныя калідоры. Установы адукацыі рыхтуюцца да пачатку новага навучальнага года. На кожным аб’екце ідуць рамонты. Камусьці сёлета пашчасціла на капітальнае пераўвасабленне, а большасць абмежаваліся навядзеннем касметыкі.
Ацаніць на свае вочы ход работ разам з начальнікам раённага аддзела адукацыі Аляксандрам Емельянавым і начальнікам гаспадарчай групы Андрэем Лімашэўскім кіруемся ў бок Чырвонага. Першы прыпынак – мясцовы дзіцячы сад. На другім паверсе будаўнікі ўстанаўліваюць пластыкавыя вокны, у памяшканне праходзім праз новыя дзверы ПВХ.
— Нарэшце, у гэтым годзе мы дачакаліся такой шчаслівай падзеі, сустракаючы нас, з аптымізмам кажа намеснік загадчыка садка па асноўнай дзейнасці Ларыса Тукач. – У нашых пакоях заўсёды было халаднавата, і бацькі скардзіліся, і дзеці часта хварэлі. Цяпер жа, спадзяемся, што тэмпературны рэжым палепшыцца. Ды і наш басейн абяцаюць вярнуць да жыцця. Гэта таксама паспрыяе ўмацаванню здароўя дзяцей.
Некалі чырвоненскі дзіцячы садок славіўся сваім вопытам па загартоўцы дашкольнікаў на ўвесь раён, установе, што мае басейн, зайздросцілі калегі. Але ўжо другое дзесяцігоддзе па прычыне тэхнічнай няспраўнасці яго выкарыстоўваюць як сушылку для бялізны. Пра былое хараство нагадвае толькі захаваны зімовы сад, што знаходзіцца побач з басейнам, у якім разам з пальмамі зараз цвіце трапічны плюшч з дзівосным водарам язміну.
Гэты басейн, як і астатнія, што маюцца ва ўстановах адукацыі, абавязкова трэба адрэстаўрыраваць, упэўнены начальнік аддзела Аляксандр Емельянаў. – Да таго ж і грошай вялікіх гэта не патрабуе. Мы заручыліся згодаю АТ “ТБЗ “Жыткавіцкі” ў аказанні тэхнічнай дапамогі ва ўзнаўленні басейнаў у Чырвоненскім дзіцячым садку і, магчыма, мясцовай школе. Акрамя таго, думаем, што выйдуць на ваду і выхаванцы жыткавіцкага дзіцячага сада №5, што ў мікрараёне Азёрны, дзе таксама ёсць для гэтага нявыкарыстаныя магчымасці.
Лета для ўстаноў адукацыі заўсёды было клапатлівым перыядам. У гэтым годзе яго ўскладніў эканамічны крызіс і звязанае з ім рэзкае павышэнне кошту матэрыялаў і паслуг. Каб рацыянальна распарадзіцца фінансамі, выкарыстоўваюцца усялякія магчымасці. Многія работы школы выконваюць так званым гаспадарчым спосабам ці наогул уласнымі сіламі – тэхперсаналам і педагогамі. На падрыхтоўку прыцягваюць дабрачынныя ахвяраванні бацькоў, спонсарскую дапамогу, нярэдка і ўласныя грошы, зарабляюць на здачы другаснай сыравіны, аказанні розных паслуг. Бюджэтнае фінансаванне пераважна ідзе на буйныя рамонты і набыццё тэхнічных сродкаў навучання. Сёлета на гэтыя мэты выдзелена каля мільярда рублёў, паведаміў Аляксандр Львовіч Емельянаў.
А ў Пухавіцкай школе, якую ў той дзень таксама наведалі, падтрымліваюць добрую сувязь з шэфамі. Дырэктар установы Ірына Боган вельмі ўдзячна свайму земляку, былому вучню школы, дырэктару рыбгаса “Чырвоная Зорка” Сяргею Піліпенку, які ніколі не адмаўляе ў дапамозе, іншы раз і мясцовая гаспадарка КСУП “Марохараўскі” выдзяляе грошы на некалькі банак фарбы.
У школе, дзе першага верасня сядуць за парты 72 вучні, а ў дзіцячы садок прыйдуць 18 дзяцей, пазнаць, якія кабінеты адрамантаваныя, можна з вуліцы: вокны іхніх пакояў зацененыя газетамі, каб памяшканні ні выгаралі на сонцы. Паказалі нам і басейн, пра тое, што ён у гэтай школе ёсць, напэўна, мала хто ведае. Аднавіць яго для мэтавага выкарыстання ўжо не ўдасца, а вось зацэментаваўшы чашу, зрабіць невялікую актавую залу, якой у школе няма, якраз атрымаецца.
Пра блізкія пераўтварэнні гаварылі і з дырэктарам Чырвоненскай школы Інай Глушчэняй. Тут сёлета плануюць прывесці ў парадак музей легендарнага героя Вялікай Айчыннай вайны Каўпака. Толькі вось хвалюецца кіраўнік, ці хопіць выдзеленых грошай. Непакоіць, і не толькі гэтага дырэктара, яшчэ адно пытанне. Чаму школы, зарабляючы пазабюджэтныя сродкі, павінны аддаваць такі вялікі падатак? На тыя грошы, што пры здачы металалому прыйшлося вярнуць у бюджэт, школа магла б купіць фарбу не на адзін класны пакой. Напэўна, нельга параўноўваць установу адукацыі з прамысловым прадпрыемствам, лічаць педагогі.
Па дарозе ў Жыткавічы начальнік аддзела адукацыі Аляксандр Емельянаў расказаў пра маючае адбыцца паляпшэнне матэрыяльнай базы школ і дашкольных і пазашкольных устаноў. Па праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся зараз ідзе закупка кабінетаў фізікі для 15 базавых школ, уключаючы мэблю і ўсё неабходнае для навучальнага працэса. На другі-трэці квартал запланавана набыццё кампьютараў. 75 такіх машын нам выдзеліў Белаграпрамбанк, кампьютары не новыя, але ў выдатным стане. На чарзе шэраг новых праектаў. Калі фінансаванне праграмы будзе ісці як намечана да 2015 года, то наш раён зможа істотна наблізіцца да перадавых рэгіёнаў, і не толькі ў паляпшэнні матэрыяльнай базы.
На жаль, колькасць дзяцей з кожным годам менее. Вось і сёлета ў мэтах аптымізацыі навучальнага працэсу будзе зачынена Перароўская базавая школа. З-за малой колькасці рабят яна была самай нерэнтабельнай: у год патрабавала 400 млн. рублёў. Да таго ж, будынак школы прызнаны аварыйным. Першага верасня 28 яе вучняў пойдуць у суседнюю школу. Для іх падвозу выдзелены аўтобус. А найбольш пашанцавала ў гэтым годзе хільчыцкім дзецям – як вядома, новы навучальны год яны пачнуць у новай школе.
С. ДАЙНЕКА.