Аграрыям патрэбна падцягнуцца
Ход сяўбы азімых зерневых культур, нарыхтоўка кармоў, вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі – усе гэтыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў семінару кіраўнікоў і спецыялістаў аграрнай галіны раёна. Таксама ўдзел у мерапрыемстве прынялі старшыня райвыканкама Мікалай Какора, яго намеснікі і старшыня райсавета Ніна Рамановіч.
На таварнай ферме КСУПа “Коленскае”, адкуль і распачалі сваю працу спецыялісты-аграрыі, было абмеркавана пытанне размяшчэння жывёлы на зімоўку. Як паказвае практыка, сёлета ў сельгаспрадпрыемствах назіраецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці пагалоўя на грамадскіх фермах. А вось месца, каб усё яго размясціць на зіму, у шэрагу гаспадарак не хапае. Характэрна гэта і для КСУПа “Коленскае”, дзе, так бы мовіць, не размяшчаецца больш 300 галоў. Выхад з гэтай сітуацыі ў гаспадарцы бачаць у стварэнні кашар для ўтрымання бычкоў і цялушак. Прычым усё робіцца проста: агароджа ўзводзіцца з рулонаў саломы, устанаўліваюцца кармушкі, над якімі зробяць павеці – вось і ферма гатовая да зімоўкі жывёлы. Па словах спецыялістаў, галоўнае, каб было дастаткова кармоў і вады. А жывёла ў такіх умовах будзе пачуваць сябе добра. Убачанае – станоўчы вопыт для пераймання ў іншых гаспадарках.
Асобна ўдзельнікі семінара абмеркавалі пытанні, якія тычыліся кармлення жывёлы на цяперашні час. Нараканні ў кіраўніка раёна выклікала тое, што ў “Коленскім” ужо адкрылі сянажную траншэю і дабаўляюць з яе травяны корм у кукурузную масу. Па словах мясцовых спецыялістаў, неабходнасць у тым ёсць – жывёле для пераварвання кукурузы патрэбна клятчатка ды і дызбаланс спажыўных рэчываў у арганізме прысутнічае. Таму сянаж і служыць для гэтых мэт. Але як зазначыў Мікалай Какора, ці апраўдана гэта, калі на лугах стаіць яшчэ шмат травы, якой можна з поспехам замяніць сянаж, каб зберагчы яго надалей. Тым больш што ў “Коленскім” відавочны дэфіцыт гэтага корму на будучую зімоўку грамадскага статка. Таму задачу, якую паставіў кіраўнік раёна як мясцовым працаўнікам так і з іншых гаспадарак – убраць на сянаж усю атаву, што маецца цяпер на лугах.
Развіваючы тэму корманарыхтоўкі, выклікае занепакоеннасць і тое, што не такімі высокімі тэмпамі ў сельгаспрадпрыемствах вядзецца ўборка кукурузы на сілас. Прычыны гэтаму – нізкая гатоўнасць кормаздабываючых комплексаў ды недахоп тэхнікі на перавозцы масы. Выхад з сітуацыі бачыцца ў стварэнні міжгаспадарчых кормаздабываючых атрадаў, а таксама ў хутчэйшым узнаўленні выйшаўшых са строю камбайнаў.
Працяг абмеркавання тэмы корманарыхтоўкі меў месца падчас наведвання сіласнай траншэі ў КСУПе «Марохараўскі». Тут з боку кіраўніка раёна былі выказаны шэраг патрабаванняў. Найпершае з іх — у месцах закладкі сіласу павінен быць наладжаны строгі ўлік з боку спецыялістаў за паступаючай масай, а таксама яе бесперабойная трамбоўка. Варта паклапаціцца і пра павелічэнне саміх траншэй. Для гэтага дастаткова пашырыць іх у даўжыню, скарыстоўваючы рулоны саломы. Гэта дасць магчымасць зменшыць затраты на перавозцы. Па словах Мікалая Какоры, пры закладцы корму з кукурузы патрэбна мець на ўвазе не толькі колькасныя паказчыкі, але і вытрымліваць якасныя параметры. Таму і кантроль неабходна наладзіць і за тым, як здрабняецца кукурузнае зерне, і за тым, як вядзецца трамбоўка.
На жаль, у шэрагу гаспадарак усё гэта аддадзена, так бы мовіць, на водкуп механізатарам.
Корманарыхтоўка – не адзіны клопат у аграрыяў раёна ў цяперашні час. Каб жывёлагадоўля паспяхова працавала зімой, патрэбна яшчэ грунтоўна падрыхтаваць памяшканні ферм. У КСУПе “Марохараўскі”, як пераканаліся ўдзельнікі семінара, у гэтым накірунку патрэбна яшчэ працаваць. Неабходна закончыць рэканструкцыю памяшкання на марохараўскай ферме ды і па дуброўскай давесці да канца распачатыя рамонты і зрабіць варта ўсё як мага хутчэй, бо на семінары пастаўлена канкрэтная задача – да канца тыдня перавесці ўсю жывёлу ў памяшканні.
Актывізавацца, павялічыць тэмпы вяскоўцам патрэбна і на сяўбе азімых зерневых культур. Іх у раёне неабходна гэтай восенню пасеяць на 11100 гектарах. Аптымальныя тэрміны сяўбы няўмольна праходзяць, а вось насенне ў глебу заштукавана толькі на палове плошчаў. Не ўсе гаспадаркі яшчэ нават выбралі даведзеныя фонды элітнага насення зерневых. У самыя бліжэйшыя дні гэтая праблема павінна быць вырашана. А вось якім чынам павялічыць тэмпы сяўбы і яшчэ сэканоміць значную колькасць праліўных і іншых рэсурсаў расказвалася на адным з палеткаў КСУПа “Марохараўскі”. Дабіцца гэтага на зерневым палетку можна толькі шырока прымяняючы малазатратныя спосабы апрацоўкі глебы, дакладней, на лёгкіх глебах адмовіцца ад плугоў. Практыка паказвае, што для таго, каб пасеяць палетак зерневымі, дастаткова дыскатараў і сеялкі. Гэтая тэхналогія значна паскарае працэс сяўбы, дазваляе не парушаць урадлівы слой глебы, заштукоўваць у яго на патрэбную глыбіню раслінныя рэшткі ў якасці ўгнаення, а самае галоўнае, эканоміць паліва і на іншых выдатках. Напрыклад, толькі расход паліва зніжаецца ўдвая, чым калі б палетак засяваўся пасля ворыва. У грашовым вымярэнні, для таго ж КСУПа “Марохараўскі”, дзе патрэбна засеяць 1700 гектараў азімымі, гэта сэканомленыя больш мільярда рублёў.
Яшчэ адзін аспект, на які была звернута ўвага на семінары, тычыўся колькасці высеву зерня на гектар. Яе патрэбна павялічваць, асабліва на землях гаспадарак жыткавіцкай зоны. Гэта дасць магчымасць зменшыць страты ад перазімоўкі раслін, мінімізіраваць рызыку іх гібелі пад час засухі, што станоўча адаб’ецца на будучым ураджаі. Галоўным застанецца толькі своечасова правесці падкормкі і ахоўныя мерапрыемствы на палях. Бягучае жніво паказала, што пры захаванні ўсіх агратэхналагічных прыёмаў можна і ў “Марохараўскім” мець ураджай да 40 і болей цэнтнераў з гектара. Цяпер жа важна адсеяцца ў аптымальныя тэрміны.
Плянарнае пасяджэнне распачалося з аналізу праў работы аграрыяў за 8 месяцаў бягучага года. Грунтоўны даклад аб гэтым зрабіла намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама па эканоміцы Галіна Чорная. Яна дэталёва прааналізавала не толькі вытворчыя, але і фінансава-эканамічныя паказчыкі работы аграрнай галіны раёна. У разрэзе кожнай гаспадаркі былі названы не толькі станоўчыя моманты дзейнасці, але і тыя паказчыкі, якія трэба папраўляць і паляпшаць.
Галоўны заатэхнік упраўлення Рыгор Кронда, галоўны ветэрынарны ўрач Мікалай Сяргейчык і спецыяліст райплемстанцыі Святлана Азаранка ў сваіх выступленнях спыніліся на асноўных момантах работы жвёлагадоўчай галіны. Яе вынікі пакуль не могуць задавальняць, асабліва ў плане вытворчасці малака. У шэрагу гаспадарак назіраецца падзенне надояў. Адна з прычын, якая называлася спецыялістамі, — гэта арганізацыя кармлення дойнага статка. Пэўны перыяд кароў кармілі кукурузнай масай у чыстым выглядзе замест таго, каб гатаваць паўнацэнныя кормасумесі. Не заўсёды сумленна ў некаторых сельгаспрадпрыемствах адносяцца да сваіх абавязкаў жывёлаводы. Перашкодай для паспяховай работы галіны з’яўляецца і невытворчае выбыццё маладняку. А вось домікі для цялят, што нарабілі ў мінулым годзе, знаходзяцца месцамі ў непрыглядным стане. Слаба вядзецца ветэрынарамі і прафілактыка захворванняў жывёлы. Ёсць нямала недахопаў і ў рабоце па ўзнаўленні і асемяненні статка. Таму на дадзены перыяд і цялят атрымана менш у параўнанні з леташнім. У сукупнасці названыя, а таксама і іншыя прычыны і даюць зараз негатыўны вынік у рабоце жывёлаводаў. Таму кіраўнік раёна справядліва запатрабаваў ад спецыялістаў упраўлення, раённых службаў гаспадарак, іх кіраўнікоў больш эфектыўна і настойліва папраўляць становішча, сумленна адносіцца да сваіх абавязкаў. Падводзячы вынікі нарады, Мікалай Какора паставіў шэраг задач перад аграрыямі раёна, выкананне якіх дазволіць вяскоўцам працаваць больш плённа на кожным участку вытворчасці.
С. БЕЛКА.