БЫЦЬ БЯСПЕЦЫ І ПАРАДКУ

Трэцяга лютага бягучага года назіральная камісія Ленінскага сельсавета зрабіла свой першы рабочы выхад. З таго часу пастаянна два разы на месяц члены камісіі (у яе склад уваходзяць прадстаўнікі мясцовага сельвыканкама, аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў, сацыяльнай службы, школы і іншыя) вядуць мэтанакіраваную працу па самых розных напрамках жыццядзейнасці на тэрыторыі сельсавета.


За час дзейнасці камісіі яе членамі ўжо дэталёва абследавана 120 домаўладанняў ва ўсіх вёсках Савета.


— Найперш наведаліся ў дамы шматдзетных сем’яў, адзінокапражываючых пажылых людзей, інвалідаў першай і другой груп, а таксама сем’яў, якія цяпер прынята лічыць нядобранадзейнымі, — расказвае пра дзейнасць назіральнай камісіі ўпраўляючы справамі Ленінскага сельвыканкама Інэса Глушань. – Усё ж галоўная мэта работы, каб і гэтыя катэгорыі людзей жылі ў бяспечных умовах. На жаль, з гэтым маюцца праблемы.


Аб чым сведчыць наступны факт, што падчас абследаванняў назіральнай камісіяй у дамах такіх грамадзян выяўлена 281 парушэнне. Яно і не дзіўна, хаты ў многіх старыя. І ў жыллі такіх людзей з-за доўгай эксплуатацыі даўно патрабуюць рамонту печы і грубкі, электраправодка. Менавіта найперш засяроджваюць увагу члены назіральнай камісіі падчас сваіх рабочых рэйдаў. Пільны кантроль і за тым, ці працуюць супрацьпажарныя апавяшчальнікі, ці спраўныя пробкі ў электралічыльніках. Падчас наведвання сем’яў, дзе бацькі любяць залішне прыкладвацца да шклянкі, які клопат праяўляецца пра дзяцей. Тут асаблівае значэнне мае прысутнасць у складзе камісіі ўчастковага інспектара. Ды і не толькі, калі наведваюцца нядобранадзейныя сем’і, не ўсе гаспадары ўспрымаюць з разуменнем выказаныя ім заўвагі. Некаторыя нават спрабуюць пагражаць, што будуць пісаць скаргі ў вышэйстаячыя інстанцыі, стараюцца пасварыцца.


— І такое патрэбна выслухоўваць, — кажа Інэса Васільеўна. – Але недахопы выпраўляюць, бо дакладна ведаюць, што кантроль за выпраўленнем парушэнняў будзе абавязкова. Праблема пакуль толькі ў адным — цяжка ў нашай мясцовасці знайсці печніка ці электраманцёра.


Вырашаць праблему ў Савеце стараюцца праз больш цеснае супрацоўніцтва з дзецьмі, каб тыя дапамагалі бацькам. Дарэчы, прыцягваюць дзяцей члены камісіі і да навядзення парадку на бацькоўскіх сядзібах. Довад адзін: рана ці позна, але ж іх нашчадкам прыйдзецца пераафармляць у спадчыну. Дык чаму зараз не паклапаціцца аб стане сваёй маёмасці.


Варта зазначыць, што назіральная камісія ў Ленінскім сельсавеце даволі пільную ўвагу ў сваёй дзейнасці надае вырашэнню пытанняў, звязаных з добраўпарадкаваннем.


Гаспадарам выдадзена 655 прадпісанняў. З іх 618 выканана. Апошняя лічба сведчыць наколькі моцна вядзецца кантроль за выпраўленнем недахопаў. Пра гэта можна меркаваць і па колькасці складзеных пратаколаў, лік якіх ужо дайшоў амаль да сарака штук. А як па-іншаму выкараняць спажывецкія настроі, што ўсё павінна рабіць дзяржава.


Дзейнасць назіральнай камісіі ў Ленінскім сельсавеце – гэта яшчэ і пэўная інфармацыйная крыніца для старых адзінокіх людзей. Сярод іх нямала такіх, хто па стану здароўя не можа часта выходзіць са сваёй хаты, сустракацца з людзьмі. Але жывому чалавеку абавязкова хочацца ведаць нейкія навіны сваёй мясцовасці. Таму наведванне членаў назіральнай камісіі яны ўспрымаюць як добрую нагоду, каб проста пагутарыць з людзьмі пры ўладзе.


Падводзячы рысу пад дзейнасцю назіральнай камісіі Інэса Васільеўна падкрэсліла яе выключную ролю пры выяўленні і вырашэнні праблем людзей. А менавіта гэта і ёсць першаступенная задача мясцовай улады. Значыць, яшчэ не адзін рабочы рэйд будзе праведзены назіральнай камісіяй у Ленінскім Савеце, яшчэ не адна праблема будзе вырашана станоўча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.