Добрая традыцыя
Добрая традыцыя ўсталявалася ў дэпутацкім корпусе раёна – віншаваць з юбілеямі народных абраннікаў усіх узроўняў.
Днямі падарунак і словы віншаванняў ад калег на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Нінай Рамановіч і загадчыкам аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Сяргеем Ахрамовічам атрымаў дэпутат райсавета дырэктар Хільчыцкага навучальна-педагагічнага комплексу Уладзімір Лясько, якому споўнілася 60 гадоў. Разам з дэпутатамі юбіляра музычным нумарам павіншавалі самадзейныя артысты народнага ансамбля народнай песні “Сваты” Ганна Лой і Васіль Каралец.
Усё сваё жыццё Уладзімір Якаўлевіч сумленна працаваў на адукацыйнай ніве раёна. У пэўнай ступені ёсць і яго заслуга, што ў Хільчыцах сёлета адкрылася новая школа. Многія гады гэтак жа паспяхова, старанна свае прафесійныя абавязкі Уладзімір Лясько спалучаў з дэпутацкімі клопатамі. Несумненна, што аказаная пашана калегамі з’яўляецца станоўчай ацэнкай найперш яго грамадскай дзейнасці.